Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

3 Яна 1 3-е пісьмо Яна 1 разьдзел

1 Я прэзьбітэр (настаяцель) — дарагому Гаю, каторага люблю ў праўдзе.
2 Даражэнькі, прагну табе ва ўсім памыснасьці і здароў'я, як шчасьліва чуецца душа твая.
3 Вельмі ўрадаваўся з прыбыцьця братоў. Яны пацьвярдзілі справядлівасьць тваю ды што ты жывеш справядліва.
4 Для мяне няма большай радасьці, як пачуць, што дзеці мае жывуць у праўдзе, справядліва.
5 Ты, даражэнькі, верна вядзеш сябе, калі памагаеш братам, а асабліва падарожным.
6 Яны пацьвярдзілі тваю любоў да Касьцёла: добра зробіш заагледзіўшы іх на дарогу па Божаму.
7 Дык жа выбраліся яны ў дарогу ў імя Яго, не прымаючы нічога ад паганаў.
8 Таму мусім гасьцінна прымаць такіх людзей для супольнай працы з імі для справядлівасьці.
9 Напісаў крыху касьцёлу, але Діётрэфэс, каторы хоча быць кіраўніком іхнім — не прымае нас.
10 Таму вось, калі прыбуду пасваруся за яго паводзіны, ды за злосны выступленьні супроць нас. А прытым, як бы яму яшчэ гэтага не хватала, сам не прымае братоў, ды хочучых гэта зрабіць — выкідае з касьцёла.
11 Даражэнькі, не насьледуй ліхога, але рабі дабро. Хто добра паступае — ён ад Бога, а хто блага, той ня бачыў Бога.
12 Аб Дэмэтрыю ўсе добра сьведчаць, а нават сама праўда. Такое самае пасьведчаньне даём і мы, а ведаем, што пасьведка нашая праўдзівая.
13 Шмат я меў бы табе напісаць, але не хачу пяром і чарнілам.
14 Спадзяюся, што хутка цябе ўбачу і тады пагаворым вусна.
15 Супакой (мір) табе. Вітаюць цябе сябры. Прывітай паіменна прыяцеляў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Трэці пісьмо сьв. Яна, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.