Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Да Філімона 1 Пісьмо да Філімона 1 разьдзел

1 Павал, вязень Хрыстуса Езуса і Цімафей (Тыматэй), брат — Філімону ўмілаванаму і нашаму супрацоўніку
2 і Апіі, сястры найдаражэйшай, і Архіпу, спаўжаўнеру нашаму — Касьцёлу, які ў тваім доме знаходзіцца.
3 Ласка вам і мір (супакой) ад Бога Айца нашага і Госпада Езуса Хрыстуса.
4 Дзякую я заўсёды Богу майму, колькі разоў успамінаю цябе ў сваіх малітвах,
5 чуючы аб любові тваёй і веры, якую маеш да Госпада Езуса і да ўсіх сьвятых.
6 Каб уздзеяньне веры тваёй стала бачным у пазнаньні ўсякай добрай дзейнасьці вашай у Езусе Хрыстусе.
7 Вось вялікую радасьць меў я, браце, і пацеху з любові тваёй, бо сэрца сьвятых успакоілася праз цябе.
8 Хоць я і маю вялікае паручэньне ад Езуса Хрыстуса загадаць табе, што да справы належыць,
9 то ўсёж такі дзеля любові лепш папрашу цябе, знаючы цябе, я Павал, старык, а цяпер і вязень Езуса Хрыстуса.
10 Прашу цябе за майго сына, якога нарадзіў я ў кайданах — Онэзіма,
11 які калісьці быў табе непатрэбен, а які цяпер і мне і табе карысны,
12 яго табе вяртаю. Дык ты прымі яго, як маё сэрца.
13 Хацеў я яго пры сабе затрымаць, каб мне за цябе нёс паслугу ў апавяшчэньні Эвангеліі, калі я ў кайданах.
14 Але без парады з табою не хацеў рашацца, каб часам вымушаным не было дабрадзейства тваё, але дабравольным.
15 Можа быць, што ён адлучыўся ад цябе толькі на кароткі час, каб ты ўзяў яго навек, ужо не як нявольніка,
16 але за слугу і брата найдаражэйшага, прўда і мне, але тым больш табе адносна цела і ў Госпадзе.
17 Дык калі маеш мяне за сябра, прымі яго, як мяне.
18 Калі ж ён у чым пакрыўдзіў цябе, або што вінен, гэта на мяне залічы.
19 Я Павал напісаў уласнаю рукою, я сплачу табе, каб пры тым несказаць табе, што і ты сам належыш мне.
20 Так яно, браце! Хачу я табою паслужыцца ў Госпадзе. Падтрымай маё жаданьне ў Госпадзе.
21 Спадзяючыся на тваю паслухмянасьць, напісаў табе, ведаючы, што і больш таго, аб чым прашу, зробіш.
22 Адначасова прашу, прыгатуй Мне кватэру, бо спадзяюся, дзякуючы вашым малітвам, што буду вернены вам.
23 Вітае цябе Эпафрас, спаўвязень мой у Езусе Хрыстусе,
24 Марак, Арыстарх Дэмас і Лукаш, мае памочнікі.
25 Ласка Госпада нашага Езуса Хрыстуса з духам вашым. Аман.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пісьмо да Філімона, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.