1 Многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў калісьці Бог да бацькоў нашых праз прарокаў нашых.
2 У апошні раз, гэтымі днямі, прамовіў Ён да нас праз Сына, якога паставіў насьледнікам усіх рэчаў, праз Яго стварыў і вякі.
3 Ён-водблеск славы і адбітак Ягонай істоты, які трымае ўсё словам магутнасьці сваёй і, зьдзейсьніўшы ачышчэньне грахоў, сядзіць праваруч вялікасьці на ўзвышаннасьці.
4 І падняўся на столькі вышэй анёлаў, на колькі вышэйшае ад іх унасьледаваў імя.5 Каму бо з анёлаў сказаў Ён калісьці: Сын мой ты — Я цябе сягоньня парадзіў? Або зноў: Я буду яму бацькам, а ён будзе мне сынам?
6 А калі зноў уводзіць Першынца на сьвет, кажа: І будуць праслаўляць яго ўсе Божыя анёлы.
7 А да анёлаў вось што Ён кажа: Ён творыць анёлаў сваімі духамі і слугаў сваіх полымем агня.
8 А да Сына: Трон твой, Божа, навекі вечныя, скіпетр справядлівасьці, скіпетр валадарства твайго.
9 Узьлюбіў ты справядлівасьць і зьненавідзеў беззаконьне, таму намасьціў цябе, Божа, Бог твой алеем радасьці больш за сучаснікаў тваіх.
10 І яшчэ: Ты Госпадзе, сьпярша аснаваў зямлю, і неба-тварэньне рук тваіх.
11 Яны прападуць, а ты астанешся, і ўсе яны, як вопратка састарэюць,
12 і як адзеньне зьменіш іх, і зьменяцца, а Ты той самы трываеш, і гады Твае ня спыняцца.
13 Да каго ж з анёлаў сказаў Ён калісьці: Сядзь праваруч у Мяне, пакуль не пакладу ворагаў тваіх ля падножжа ног тваіх.
14 Ці ж ня ўсе яны з'яўляюцца паслугуючымі духамі, пасланымі на паслугу тым, якія атрымаюць у спадку збаўленьне?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пісьмо да Гебраяў, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.