Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

1 Пятра 1 1-е пісьмо Пётры 1 разьдзел

1 Пётр (Пятро), апостал Езуса Хрыста — перасяленцам разсеяным (разагнаным) у Понце, у Галацыі, у Кападоцыі, у Азіі і ў Бітыніі.
2 Выбраным оглядам (прадбачлівасьцю) Бога Айца, пасьвятаю Духа, каб былі паслухмянымі, і пакроплены крывёй Езуса Хрыста — хай ласка і мір (супакой) будуць вам шчодра памножаны.
3 Багаслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста. Ён у вялікім міласердзі сваім праз уваскрасеньне з умёршых Езуса Хрыста адрадзіў нас да жывой надзеі:
4 да спадчыны незьнішчальнай (нецялеснай, несьмяротнай) і незаганнай ды нявянучай, захаванай вам у небе.
5 Вы моцай Божай праз веру ўхаваныя да збаўленьня, маючага аб'явіцца ў апошні час.
6 Тады будзеце радавацца, хоць цяпер мусіце перажыць крыху смутку дзеля шматлікіх выпрабаваньняў.
7 Гэтым вартасьць (важнасьць) вашай веры выявіцца шмат даражэйшай ад незьнішчальнага золата, якое выпрабоўваецца ў агні на славу, пахвалу і пашану пры аб'яве Езуса Хрыста.
8 Яго хоць ня відзелі, а мілуеце Яго, хоць вы цяпер ня бачыце Яго, а верыце, цешыцеся радасьцю духоваю і поўную хвалы (праслаўнаю),
9 а тады калі дасьцігнеце мэту вашае веры — збаўленьне душаў.
10 Пра гэта збаўленьне цікавіліся і разважалі прарокі, і яны прадсказвалі пра будучую для вас ласку.
11 Разважалі яны (бадалі), калі і на якую пару паказваў у іх прабываючы Дух Хрыстовы. Ён прадказваў цярпеньні для Хрыста і будучыя ўслаўленьні (хвалу),
12 ім (прарокам) было аб'яўлена, што яны, не сабе, а вам прыслужыліся тымі ведамасьцямі, якія вам цяпер адсланілі, адкрылі прапаведнікі (вяшчуны) Эвангеліі моцай сасланага ім з неба Духа Сьвятога. Заглянуць у гэтыя справы прагнуць і анёлы.
13 Таму падперазаўшы паясьніцы (бёдры) вашага розуму, трэзвыя (бадзёрыя), мейце моцную надзею на ласку, празначаную вам пры аб'яве Езуса Хрыста.
14 Як паслухмяныя дзеці, не аддавайце вашым ранейшым (даўнейшым) страсьцям (поцягам), калі вы былі яшчэ несьвядомымі (ня ведалі),
15 але ва ўсіх паводзінах будзьце вы таксама сьвятымі на ўзор Сьвятога, Які вас паклікаў (пазваў),
16 бо напісана: "Будзьце сьвятымі, бо і Я Сьвяты".
17 Бо калі Айцом завіцё Таго, Хто ня гледзячы на асобу судзіць кожнага па яго ўчынках (дзейнасьці), дык у боязі праводзьце час ваш (вашага жыцьця).
18 Ведайце, што адкуплены вы ад сапсутых бацькамі вашымі перададзеных паводзін (жыцьця) ня марным серабром або золатам,
19 але найдаражэйшай крывёй Хрыста, як ягнёнка беззаганнага і без спракуды.
20 Ён, праўда, быў прабачаны перад стварэньнем сьвету, але аб'явіўся ў апошні час дзеля вас.
21 Вы праз Яго ўверылі ў Бога, Каторы ўваскрасіў Яго з умёршых і надзяліў Яго славаю, так што вера вашая і надзея, накіраваныя да Бога.
22 Ачысьціўшы душы вашыя ў паслузе праўдзе з мэтаю здабыцьця шчырай братняе любові, шчыра адны другіх любіце.
23 Адроджаны вы не марнеючага насеньня, але з духовага праз жывое слова Божае і трывалае.
24 Бач: "Кожнае цела (чалавек) — як трава, і ўсякая слава ягоная — як краска травы, засыхае трава і краска зачэзла".
25 Толькі слова Госпадава трываюць вечна. Гэта вось слова абвешчана вам як Добрая Навіна.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае пісьмо сьв. Пётры, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.