Якава 5 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Плачце восьжа, багацеі, не ацягайцеся, галасіце над вашымі злыбедамі, што прыйходзяць на вас.
 
Дык жа цяпер, багацеі, плачце і галасіце ў горы, якое надыходзіць (чакае) на вас.

Вашае багацьце збуцьвела, а шаты моль стачыла.
 
Багацьці вашы збутвелі (згнілі), адзеньні вашыя моль стачыла.

Золата й серабро вашае сацьмела, а іхні грышпан будзе на вас сьветчыць і мой агонь стравіць вашае цела. Прыспасалі сабе гневу на апошнія дні.
 
Золата вашае і серабро саржавела, ды іржа іхняя будзе доказам проціў вас і як агонь будзе нішчыць вашыя целы. Узбагаціліся вы на апошнія дні.

Ось заработак жанцоў з вашых палёў затрыманы адзываецца й голас іх дайшоў да Усеспадара нябесных сіл.
 
Вось жа чуваць голас скрыўджаных вамі жнеяў палёў вашых і іхнія ляманты дайшлі да вушэй Госпада Магуцьцяў.

Раскашаваліся вы на зямлі і ў збытках упасьвілі сэрцы вашыя, моў на убой.
 
Балявалі вы на зямлі ды жылі ў распусьце, разпасьвілі сэрцы вашыя ў дзень забойства.

Вы засудзілі й забілі справядлівага, а ня супраціўляліся вам.
 
Засудзілі і забілі вы справядлівага, а Ён не працівіўся вам.

Дык цярплівымі будзьце, браты, аж да прыйсьця Госпада. Як земляроб вычэквае дарагога плоду цярпліва пакуль атрымае дождж ранні ды пазьнейшы.
 
Дык будзьце цярплівымі, браты, аж да прыйсьця Госпада. Як зямляроб цярпліва чакае дарагога плёну зямлі, пакуль ня сыйдзе раньні і позьні дождж.

Таму цярплівымі будзьце і вы, мацуючы сэрцы вашыя, прыйсьцё Госпада недалёкае.
 
Гэтак і вы будзьце цярплівымі і спасіляйце сэрцы вашыя бо набліжаецца прыход Госпадаў.

Не маракуйце, браты мае, адзін на другога, каб ня быць асуджанымі; судзьдзя вось за дзьвярыма стаіць.
 
Не наракайце, браты, адзін на другога, каб не былі асуджаны; бо ўжо ля дзьвярэй стаіць судьдзя.

За прыклад зыйсьця злыбядаў, трудоў і цярплівасьці вазьмеце, браты мае, прарокаў, што прамаўлялі ў імя Божае.
 
За прыклад, браты, вазьміце стойкасьць і цярплівасьць прарокаў, каторыя прамаўлялі ў імя Госпада.

Мы вось беатыфікуем вытрываўшых. Чулі аб цярплівасьці Гёба і канец ад Бога відзелі, Бог бо літасьцівы і міласэрны.
 
Вось жа прахваляем тых, што вытрывалі. Чулі пра цярплівасьць Гіёба, ды бачылі канцавую ўзнагароду за яе ад Госпада, бо Госпад вельмі літасьцівы і міласэрны.

Дык перш за ўсё, браты мае, не клянецеся ні небам, ні зямлёю, ці якою іншаю прысягаю, а хай вашая мова будзе: «так, так — не, не», каб не падпалі пад суд.
 
Перад усім, браты мае, не прысягайце ані на неба, ані на зямлю ані якой іншай прысягай. Кажыце вы: "Так — так, не — не", каб не папасьці пад суд.

Сумуе хто з вас? Няхай моліцца; весела каму? Хай пяе псалмы.
 
Смуткуе хто з вас? Хай моліцца. Радуецца хто — хай спявае псальмы.

Занядужаў хто з вас, хай пакліча прэзбытэраў Эклезіі ды хай моляцца над ім, намашчаюччы яго ў імя Божае алеем,
 
Хварэе хто з вас? Хай пакліча сьвятароў Касьцёла ды хай яны моляцца за яго, намашчаючы яго ялеям у імя Госпада.

і малітва веры аздаровіць немачнага, а калі меў грахі, будуць яму адпушчаны. (Ап. Дз. 28:8).
 
І малітва з верай збавіць хворага і Госпад падыме яго, а калі б меў грахі, будуць яму адпушчаны.

прызнавайцеся адзін перад другім у праступках і малецеся адзін за другога, каб збавіцца, шмат бо памагае натужная малітва.
 
Дык прызнавайцеся адны другім у грахах, ды маліцеся адны за другіх, каб атрымалі здароў'е (збаўленьне). Вялікую сілу мае стойкая малітва справядлівага.

Гальяш быў чалавек падобны нам, падлеглы цярпенню, а як малітваю памаліўся, каб ня было дажджу на зямлі, дык і ня было праз тры годы й шэсьць месяцаў. (ІІІ Кн. Кар. 17−18).
 
Гал'яш быў чалавекам падобным да нас але шчыра маліўся, каб не ішоў дождж на зямлі тры гады і шэсць месяцаў.

ды зноў памаліўся, й неба спусьціла дождж, а зямля выдала свой плод.
 
Затым зноў маліўся і неба спусьціла дождж, а зямля выдала свой плён.

Браты мае, каліб хто з вас зблукаў ад праўды, а нехта навярнуўбы яго,
 
Браты мае! Калі б хто з вас адыйшоў ад праўды, а хто другі яго навярнуў.

хай ведае — хто навяртае грэшніка з блуднай дарогі, выбаўляе душу ягоную ад сьмерці й мноства грахоў пакрывае.
 
Хай ён ведае, што хто навярнуў грэшніка з блуднай дарогі ягонай — збавіць душу ягону ад сьмерці ды закрые многа грахоў.