Якава 5 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Плачце восьжа, багацеі, не ацягайцеся, галасіце над вашымі злыбедамі, што прыйходзяць на вас.
 
Цяпер паслу́хайце вы, багатыя, пла́чце і галасíце з-за няшча́сцяў вашых, якія надыхо́дзяць.

Вашае багацьце збуцьвела, а шаты моль стачыла.
 
Бага́цце ваша згніло́, і адзе́нне ваша мо́ллю з’е́дзена.

Золата й серабро вашае сацьмела, а іхні грышпан будзе на вас сьветчыць і мой агонь стравіць вашае цела. Прыспасалі сабе гневу на апошнія дні.
 
Зо́лата ваша і серабро́ заржаве́ла, і ржа іх будзе све́дчаннем су́праць вас і з’е́сць це́лы вашы, як агонь: вы сабра́лі ска́рбы на апо́шнія дні.

Ось заработак жанцоў з вашых палёў затрыманы адзываецца й голас іх дайшоў да Усеспадара нябесных сіл.
 
Вось, пла́та, не вы́дадзеная вамі рабо́тнікам, якія жа́лі пале́ткі вашы, крычы́ць, і крыкі жняцо́ў дайшлі да слы́ху Госпада Савао́фа.

Раскашаваліся вы на зямлі і ў збытках упасьвілі сэрцы вашыя, моў на убой.
 
Вы жылí ў раско́шы на зямлі і це́шыліся асало́дамі, вы адкармíлі сэ́рцы вашы як бы́ццам на дзень забо́ю.

Вы засудзілі й забілі справядлівага, а ня супраціўляліся вам.
 
Вы асудзíлі, забíлі пра́ведніка; ён не працíвіцца вам.

Дык цярплівымі будзьце, браты, аж да прыйсьця Госпада. Як земляроб вычэквае дарагога плоду цярпліва пакуль атрымае дождж ранні ды пазьнейшы.
 
Дык вось, браты, будзьце доўгацярплíвымі да прышэ́сця Гасподняга. Вось, земляро́б чакае кашто́ўнага пло́ду зямлі і доўга це́рпіць дзе́ля яго, паку́ль дачака́ецца дажджу́ ра́нняга і по́зняга;

Таму цярплівымі будзьце і вы, мацуючы сэрцы вашыя, прыйсьцё Госпада недалёкае.
 
будзьце доўгацярплíвымі і вы, умацу́йце сэ́рцы ва́шы, таму што прышэ́сце Гасподняе наблíзілася.

Не маракуйце, браты мае, адзін на другога, каб ня быць асуджанымі; судзьдзя вось за дзьвярыма стаіць.
 
Не нарака́йце, браты́, адзін на аднаго́, каб не быць вам асу́джанымі: вось, Суддзя́ стаíць перад дзвяры́ма.

За прыклад зыйсьця злыбядаў, трудоў і цярплівасьці вазьмеце, браты мае, прарокаў, што прамаўлялі ў імя Божае.
 
За пры́клад, браты́ мае́, вазьміце паку́тніцтва і доўгацярпе́нне прарокаў, якія прамаўля́лі ў імя́ Гасподняе.

Мы вось беатыфікуем вытрываўшых. Чулі аб цярплівасьці Гёба і канец ад Бога відзелі, Бог бо літасьцівы і міласэрны.
 
Вось, мы ўслаўля́ем як блажэ́нных тых, што цярпе́лі. Вы чу́лі пра цярпе́нне Íава і ба́чылі здзе́йсненае Госпадам, бо Гасподзь мнагамíласцівы і спага́длівы.

Дык перш за ўсё, браты мае, не клянецеся ні небам, ні зямлёю, ці якою іншаю прысягаю, а хай вашая мова будзе: «так, так — не, не», каб не падпалі пад суд.
 
Перш за ўсё, браты мае́, не клянíцеся ні небам, ні зямлёю, і нія́каю іншаю кля́тваю, а няхай будзе ў вас «так — так» і «не — не», каб вам не падпа́сці пад асуджэ́нне.

Сумуе хто з вас? Няхай моліцца; весела каму? Хай пяе псалмы.
 
Паку́туе нехта з вас? — няха́й мо́ліцца. Ра́дуецца нехта́ — няха́й спява́е псалмы́.

Занядужаў хто з вас, хай пакліча прэзбытэраў Эклезіі ды хай моляцца над ім, намашчаюччы яго ў імя Божае алеем,
 
Хварэ́е нехта з вас? — няха́й паклíча прасвíтараў Царквы́, і няха́й памо́ляцца над ім, пама́заўшы яго але́ем у імя́ Гасподняе,

і малітва веры аздаровіць немачнага, а калі меў грахі, будуць яму адпушчаны. (Ап. Дз. 28:8).
 
і малітва веры ўрату́е хворага, і пады́ме яго Гасподзь; і калі ён учынíў грахі, то бу́дуць праба́чаны яму́.

прызнавайцеся адзін перад другім у праступках і малецеся адзін за другога, каб збавіцца, шмат бо памагае натужная малітва.
 
Прызнава́йцеся адзін аднаму ў правíннасцях і малíцеся адзін за аднаго, каб вам ацалíцца: многае можа моцная малітва пра́веднага.

Гальяш быў чалавек падобны нам, падлеглы цярпенню, а як малітваю памаліўся, каб ня было дажджу на зямлі, дык і ня было праз тры годы й шэсьць месяцаў. (ІІІ Кн. Кар. 17−18).
 
Ілія́ быў чалаве́кам падо́бным да нас і малітваю памалíўся ён, каб не было́ дажджу́: і не было́ дажджу́ на зямлі тры гады і шэсць месяцаў;

ды зноў памаліўся, й неба спусьціла дождж, а зямля выдала свой плод.
 
і зноў памаліўся: і неба дало́ дождж, і зямля ўрадзíла плод свой.

Браты мае, каліб хто з вас зблукаў ад праўды, а нехта навярнуўбы яго,
 
Браты! калі хто з вас ухíліцца ад ісціны, і наве́рне яго хто,

хай ведае — хто навяртае грэшніка з блуднай дарогі, выбаўляе душу ягоную ад сьмерці й мноства грахоў пакрывае.
 
то няха́й ве́дае: хто навярну́ў грэ́шніка з аблу́днага шля́ху яго, той спасе́ душу́ ад смерці і пакры́е мноства грахоў.