Якава 5 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Плачце восьжа, багацеі, не ацягайцеся, галасіце над вашымі злыбедамі, што прыйходзяць на вас.
Вось цяпер вы, багатыя, заплачце і загаласіце над вашымі няшчасцямі, што прыходзяць да вас.
Вашае багацьце збуцьвела, а шаты моль стачыла.
Багацце вашае згніло, і вопратку вашую патачыла моль.
Золата й серабро вашае сацьмела, а іхні грышпан будзе на вас сьветчыць і мой агонь стравіць вашае цела. Прыспасалі сабе гневу на апошнія дні.
Золата ваша і срэбра паржавела, ржа іх засведчыць супраць вас і з’есць вашыя целы, як агонь. Вы сабралі скарб у апошнія дні.
Ось заработак жанцоў з вашых палёў затрыманы адзываецца й голас іх дайшоў да Усеспадара нябесных сіл.
Вось кліча плата, якую вы затрымалі працаўнікам, што жалі вашыя палеткі, і крык жняцоў дайшоў да вушэй Пана Магуццяў.
Раскашаваліся вы на зямлі і ў збытках упасьвілі сэрцы вашыя, моў на убой.
Вы жылі на зямлі ў распусце і раскошы, вы насыцілі сэрцы вашыя ў дзень забою.
Вы засудзілі й забілі справядлівага, а ня супраціўляліся вам.
Вы асудзілі і забілі справядлівага. Ён не супраціўляўся вам.
Дык цярплівымі будзьце, браты, аж да прыйсьця Госпада. Як земляроб вычэквае дарагога плоду цярпліва пакуль атрымае дождж ранні ды пазьнейшы.
Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана. Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні.
Таму цярплівымі будзьце і вы, мацуючы сэрцы вашыя, прыйсьцё Госпада недалёкае.
Будзьце цярплівыя і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана.
Не маракуйце, браты мае, адзін на другога, каб ня быць асуджанымі; судзьдзя вось за дзьвярыма стаіць.
Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не быць асуджанымі; вось Суддзя стаіць пры дзвярах.
За прыклад зыйсьця злыбядаў, трудоў і цярплівасьці вазьмеце, браты мае, прарокаў, што прамаўлялі ў імя Божае.
За прыклад вытрываласці і цярплівасці, браты, вазьміце прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана.
Мы вось беатыфікуем вытрываўшых. Чулі аб цярплівасьці Гёба і канец ад Бога відзелі, Бог бо літасьцівы і міласэрны.
Вось, мы называем шчаслівымі тых, хто выцерпеў. Вы чулі пра цярплівасць Ёва і бачылі яго канчатковую ўзнагароду ад Пана, бо Пан шматміласцівы і літасцівы.
Дык перш за ўсё, браты мае, не клянецеся ні небам, ні зямлёю, ці якою іншаю прысягаю, а хай вашая мова будзе: «так, так — не, не», каб не падпалі пад суд.
Але перадусім, браты мае, не кляніцеся ні небам, ні зямлёю ці якою іншаю клятваю. Няхай жа ваша «так» будзе «так», а ваша «не» будзе «не», каб вам не патрапіць пад суд.
Сумуе хто з вас? Няхай моліцца; весела каму? Хай пяе псалмы.
Нехта сярод вас пакутуе? Няхай моліцца. Нехта радасны? Няхай спявае.
Занядужаў хто з вас, хай пакліча прэзбытэраў Эклезіі ды хай моляцца над ім, намашчаюччы яго ў імя Божае алеем,
Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана.
і малітва веры аздаровіць немачнага, а калі меў грахі, будуць яму адпушчаны. (Ап. Дз. 28:8).
Малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, а грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму.
прызнавайцеся адзін перад другім у праступках і малецеся адзін за другога, каб збавіцца, шмат бо памагае натужная малітва.
Прызнавайцеся адзін аднаму ў грахах і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі; бо шмат можа шчырая малітва справядлівага.
Гальяш быў чалавек падобны нам, падлеглы цярпенню, а як малітваю памаліўся, каб ня было дажджу на зямлі, дык і ня было праз тры годы й шэсьць месяцаў. (ІІІ Кн. Кар. 17−18).
Ілля быў чалавекам, падобным да нас. Ён памаліўся моцна, каб не было дажджу, і не было дажджу на зямлі тры гады і шэсць месяцаў.
ды зноў памаліўся, й неба спусьціла дождж, а зямля выдала свой плод.
Пасля памаліўся зноў, і неба спаслала дождж, а зямля дала свой плён.
Браты мае, каліб хто з вас зблукаў ад праўды, а нехта навярнуўбы яго,
Браты мае, калі хто з вас збочыў са шляху праўды, а нехта вярнуў яго,
хай ведае — хто навяртае грэшніка з блуднай дарогі, выбаўляе душу ягоную ад сьмерці й мноства грахоў пакрывае.
няхай ведае: хто вярнуў грэшніка з яго аблуднага шляху, збавіць душу ягоную ад смерці і закрые мноства грахоў.