2 да Цімафея 3 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Ведай тое, што ў апошніе дні настануць цяжкіе часы:
 
Гэта ведай, што ў апошнія дні настануць небясьпечныя часы.

пюдзі стануцца самалюбнымі, прагавітымі грашалюбамі, “ванымі пышліўцамі, ліхадумнымі блюзьнярамі, бацьком непаслухмянымі, узаеманенавісьнікамі бяз сэрца і згодалюбства,
 
Людзі будуць самалюбівыя, хцівыя, ганарыстыя, саманадзейныя, богазьневажальцы, непаслухмяныя да бацькоў, няўдзячныя, праступныя,

зьнеслаўляючымі брахунамі, жорсткімі, злосьнікамі, непаўстрымнымі, дабра ворагамі,
 
бессардэчныя, няўстрыманыя, злачынцы, неапанаваныя, жорсткія, грубаскурныя,

здраднікамі, закатнымі, надутымі, любячымі больш роскашы, чым Бога,
 
здраднікі, нахабныя, напышлівыя, раскошалюбы, а не багалюбы,

напазор пабожные, існай аднак пабожнасьці выракшыяся. Ад гэтакіх ухіляйся.
 
маючыя выгляд паказной набожнасьці, а на справе выступаючыя супраць. Такіх высьцерагайся,

З гэткіх бо ёсьць тые, што закрадаюцца ў дамы й зводзяць тонучыя ў грахох і похацях жанчыны,
 
бо між імі ёсьць такія, што бадзяюцца па дамах, зводзяць жанчын, абцяжараных рознымі грахамі,

што заўсёды вучацца, а ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды;
 
захапляюцца рознымі пажаданьнямі, заўсёды вучацца, але ніколі не даходзяць да разуменьня праўды.

бы той Яннэй і Ямбрэй, што працівіліся Майжэшу, гэтак працівяцца праўдзе й яны, людзі зьвіхнёнага розуму і крывое веры.
 
Як Ян і Мамбрэ працівіліся Майсею, так і яны працівяцца праўдзе, людзі атупелага розуму, слабыя верай.

Але далёка ня зойдуць, дурасьць бо іхняя выкрыецца перад усімі, як было і з тамтымі.
 
Але яны далёка ня зойдуць. Бязглуздасьць і тупасьць іх пакажацца ўсім так, як і тых стала вядомай.

А ты пайшоў за мною ў навуцы, у жыцьці, станоўкасьці, вялікадушнасьці, веры й любасьці, у цярплівасьці,
 
Вось ты пайшоў сьледам маёй навукі, настаўленьня, намераў, веры, цярплівасьці,

з мукай прасьледу, што засьціг мяне ў Антысхіі, у Іконіі, у Лыстрах, і што вытрымаў я, Госпад мяне вызваліў.
 
прасьледаваньняў, пакут, якія перанёс я ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Такія працярпеў прасьледваньні, ды з усіх вырваў мяне Госпад.

Ды й усе, што жадаюць багабойна жыць у Хрыстусе Езусе, будуць прасьледаваны;
 
Ды ўсе, каторыя захочуць жыць набожна ў Езусе Хрыстусе, прасьледаваны будуць.

людзі-ж злые, нягоднікі, далей будуць гразнуць у негадзі, зводзячы й іншых, зьвёўшы самых сябе.
 
Ліхія ж людзі і ашуканцы тым больш сапсуюцца, другіх спакушаючы.

А ты трывай у тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, кім навучаны;
 
Ты вытрывай у тым, чаго навучыўся, што паручана табе, ведаеш бо, ад каго навучыўся,

дый ты-ж і зь дзяцінства знаеш Сьв. Пісаньне, якое можа збаўленна ўразуміць цябе вераю ў Хрыстуса Езуса.
 
бо з дзіцячых гадоў пазнаў ты Пісьмо сьвятое. Яно можа цябе прыгатаваць да збаўленьня праз веру ў Езуса Хрыстуса.

Усё Пісаньне Богам натхнёнае і карыснае для павучэньня, для дакорлівага напаміну, да ўзгадаваньня ў справядлівасьці,
 
Усё Пісьмо сьвятое з натхненьня Божага, яго карысна вывучыць, расказваць, папраўляць і жыць у справядлівасьці,

каб чалавек Божы быў дасканалым, да ўсякага добрага дзела гатовым.
 
каб дасканальным быў чалавек Божы, навучаны ўсякаму добраму дзеяньню (дзейнасьці).