1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Павал і Сілюан і Тыматэй эклезіі Тэссалёнцаў у Богу Айцу і Усеспадару Езусе Хрыстусе. Ласка й супакой вам.
 
Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысце: ласка вам і супакой.

Заўсёды Богу дзякуем за ўсіх вас, памятаючы ў нашых малітвах,
 
Дзякуем Богу заўсёды за вас усіх, памятаючы пра вас безупынна ў малітвах нашых,

нясупынна прыпамінаючы дзела вашай веры дзейнай любасці ды вытрывалай надзеі на Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса перад Богам і Айцом нашым;
 
памятаючы дзейнасць веры вашай, працу любові і трываласць надзеі ў Госпадзе нашым Ісусе Хрысце перад Богам і Айцом нашым,

ведаем, браты Богу мілые, аб вашай адзнацы,
 
ведаючы, улюбёныя Богам браты, выбранне вашае,

нашае бо дабравешчанне у вас было ня толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым духу ды поўнасьвядоцтвах; вамжа самым ведама, якімі былі мы для вас між вамі.
 
бо дабравешчанне нашае не было да вас толькі ў словах, але ў сіле і ў Духу Святым ды ў шматлікай паўнаце, бо ж самі ведаеце, якімі мы былі ў вас для вас.

І вы сталіся пасьцежмікамі нашымі ды Усеспадаравымі, прыняўшы слова сярод прыгнобаў з радасьцю Духа Святога,
 
І вы сталіся паслядоўнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў горы вялікім з радасцю Духа Святога,

так што сталіся наўзорам для ўсіх верных у Макэдоніі й Ахаі.
 
і так вы сталіся ўзорам усім верным у Мацэдоніі і Ахаі.

Ад вас бо праняслося слова Госпада ня толькі ў Макэдоніі й Ахаі, але й да ўсякіх месцаў дайшла ваша вера ў Бога, так што ўжо няма чаго й даказваць.
 
Бо ад вас разышлося слова Божае не толькі ў Мацэдоніі і Ахаі, але ва ўсякае месца дайшла вера вашая ў Бога, так што нам няма патрэбы гаварыць пра гэта.

Бо самі яны спавяшчаюць аб нас, якое прыняцьце мы ў вас мелі ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому й праўдзіваму
 
Бо самі людзі абвяшчаюць пра нас, якое прыняцце мелі мы ў вас, ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму

і чакаць Сына Ягонага зь неба, якога збудзіў Ён зь мяртвых, Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.
 
і чакаць Сына Яго з неба, Якога Ён уваскрасіў з мёртвых, Ісуса, Які ратуе нас ад будучага гневу.