Якава 1 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003
Якуб слуга Бога і Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса дванаццаці пакаленням, што знайходзяцца ў расцярушэнні, прывет.
Якуб, слуга Бога і Госпада Ісуса Хрыста, вітае дванаццаць пакаленняў, што ў расцярушанні.
Лічэце сабе за вялікую радасьць, браты мае, калі рожныя спакусы вас агорнуць,
Браты мае! Уважайце сабе за вялікую радасць, калі вас трывожаць розныя спакусы.
ведаючы, што дазнанне веры вашай творыць вытрываласьць;
Ведайце, што выпрабаванне веры вашай выклікае цярплівасць.
а вытрываласьць гэта дзеля дасканалячае, каб вы былі поўнадасканальнымі без ніякіх недахопаў.
Цярплівасць жа будзе мець дасканалую справу, каб вы былі дасканалымі ды беззаганнымі, без ніякіх недахопаў.
І калі хто з вас патрабуе мудрасьці няхай просіць у Бога, шчодра даючага без дакораў, і дасцца яму.
Калі ж каму з вас не хапае мудрасці, хай просіць яе ў Бога, Які дае ўсім шчодра і без дакораў, і будзе дадзена яму.
Але хай просіць зь вераю бязь ценю сумніву; хто бо сумняваецца, падобны марской хвалі, ветрам падыманай ды ганянай.
Хай жа ён просіць з вераю, ані крыху не сумняваючыся, бо хто сумняваецца, той падобны да марской хвалі, якую вецер падымае і ганяе.
Гэткі чалавек хай не спадзяецца атрымаць што ад Бога.
Хай гэткі чалавек не спадзяецца атрымаць што-колечы ад Госпада,
Двудушны муж хісткі ёсьць на ўсіх шляхох сваіх.
чалавек дваісты ў душы, нетрывалы на ўсіх сваіх шляхах.
Хай ганарыцца брат пакорны высокасьцю сваёю;
Хай пакорны брат ганарыцца сваім узвышэннем,
а багаты — сваёю нізкасьцю, праміне бо як той квет на траве:
а багаты — сваім прыніжэннем, бо праміне ён, як краска палявая.
узыйдзе сонца, настане сьпека, высушыць траву і квет ападае, краса выгляду ягонага нікне; так вяне і багаты на сваіх шляхох.
Бо ўзышло ўпальнае сонца і высушыла траву, ды апала краска яе, і знік прыгожы выгляд яе. Так і багаты змарнее на шляхах сваіх.
Шчасьлівы муж, які вытрымоўвае спакусу, бо-ж калі быў выпрабаваны, атрымае вянец жыцьця, які абяцаў Бог Любячым Яго.
Шчасны чалавек, які выстаіць у спакусе, бо па выпрабаванні атрымае вянок жыцця, які абяцае Бог тым, што любяць Яго.
Ніхто ў спакусе хай не кажа: Бог мяне спакушае; Бог бо не спакушаецца злом і Сам нікога ня кусіць.
Хай ніхто спакушаны не кажа: «Бог мяне спакушае», бо Бог не спакушаецца ліхам, ды Сам нікога не спакушае.
Але кажны спакушаецца поцягам і прывабай свае похаці.
Спакушаецца кожны сваёй пажадлівасцю, захоплены яе прывабнасцю.
Похаць-жа, зачаўшы, родзіць грэх; а грэх дакананы родзіць сьмерць.
А пажадлівасць, пачаўшы, спараджае грэх, а грэх, калі бывае ўчынены, спараджае смерць.
Дык не манеце сабе, браты найдаражэйшыя:
Не дапускайце аблудаў, браты мае найдаражэйшыя!
ўсякае найлепшае дарэнне і ўсякі дасканальны дар згары ёсьць, зыйходзіць ад Айца сьвятла, ў якога няма зьменнасьці ані ценю перамены;
Усякае дабро, што нам даецца, ды ўсякі дар дасканалы з вышыні ад Айца святла сыходзіць, у Якога няма перамены, ані ценю зменнасці.
з уласнае бо волі радзіў нас словам праўды, каб мы былі нейкім начаткам яго стварэння.
Нарадзіў Ён нас словам праўды з уласнай волі, каб былі мы першакамі Яго стварэнняў.
Вы гэта ведаеце, браты мае мілыя. Хай, восьжа, кажны чалавек хуткі будзе да слухання, а спавольны да гутаркі й спавольны да гневу.
Ведайце, браты мае дарагія: хай кожны чалавек будзе хуткі да слухання, павольны да гутаркі ды няскоры да злосці.
Гнеў бо да справядлівасці Божай ня спрычыняецца.
Бо злосць чалавека не спрычыняецца да справядлівасці Божай.
Таму, адкінуўшы ўсялякую нечысьць ды лішнюю злосьць, з лагоднасьцю прыймайце ўсеванае слова, могучае збавіць вашыя душы.
Таму адкіньце ўсякі бруд і лішнюю злосць і з пакораю прымайце засеянае слова, каторае можа збавіць душы вашыя.
Будзьце выканальнікамі слова, а не слухачамі толькі, ашукваючымі сябе.
Будзьце выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія саміх сябе ашукваюць.
Бо калі хто слухае слова ды ня выконвае, той падобны да чалавека, што прызіраецца ў люстры прыроднаму абліччу:
Бо калі хто толькі слухае слова, а не выконвае яго, ён падобны будзе да чалавека, які аглядае прыроджанае аблічча сваё ў люстэрку;
ён азірнуў сябе і адыйшоў ды зараз забыўся, якім быў.
бо ён паглядзеў на сябе, і адышоўся, і зараз забыўся, якім ён быў.
А хтоб пранік дасканалы закон вольнасьці ды вытрываў быў ім, ня слухачом забудчывым стаўшыся, але выканальнікам дзела, той шчасьлівы будзе ў чыне сваім.
Хто ж пранікне ў дасканалы закон свабоды і вытрывае ў ім, той станецца не слухачом, які забываецца, але выканаўцам справы, і шчасны будзе ў сваёй дзейнасці.
Каліж хто думае, што ён пабожны, ня сутрымоўваючы языка свайго, але абласучваючы сэрца сваё, таго пабожнасьць пустая.
Калі хто думае, што ён пабожны, а не трымае языка свайго, ашукваючы сэрца сваё, таго пабожнасць пустая.
Чыстай і беззаганнай перад Богам і Айцом ёсьць тая пабожнасьць: каб вясьці догляд сірат і ўдоваў, а сябе ўсьцярэгчы неапаганеным ад гэтага сьвету.
Пабожнасць праўдзівая і беззаганная перад Богам і Айцом вось якая: апекавацца над сіротамі і ўдовамі, памагаючы ў іх бедах, ды ўсцерагчыся беззаганным ад гэтага свету.