Марка 11 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет
І калі прыбліжаліся да Ерузаліму й Бэтаніі, каля Аліўнай гары, паслаў двух із сваіх вучняў
І калі наблізіся яны да Ерусаліма, да Вітфагіі і Віфаніі, што на Аліунай гарэ, Ён пасылае двух Сваіх вучняў
і сказаў ім: Ідзеце ў сялібу, што перад вамі, і ўваходзячы ў яе, зараз знойдзеце прывязанае асьлянё, на якім ніхто з людзей яшчэ не сядзеў; адвяжэце яго й прывядзеце.
і кажа ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі, і адразу, увайшоўшы ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое яшчэ ніхто з людзей не садзіўся; адвяжыце яго і прывядзіце.
А калі-б хто сказаў: Што робіце? — скажэце, яно патрэбнае ўсегаспадару, і зараз пусьціць яго сюды.
І калі хто вам скажа: «Што гэта вы робіце?», скажьце: «Яно патрэбна Госпаду, і Ён адразу яго адашле зноў сюды».
І пайшоўшы знайшлі асьля, прывязанае ля варот на скрыжаванні вуліц, і адвязалі яго.
І яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае да варот знадворку на вуліцы, і пачалі адвязваць яго.
А некаторыя із стаячых тамака гавораць ім: Што вы робіце, адвязваючы асьлянё?
І некаторыя з тых, што там стаялі, казалі ім: «Што вы робіце, адвязваючы асляня?»
Яны адказалі, як ім загадаў быў Езус, і пусьцілі ім.
Яны ж адказалі ім так, як навучыў Ісус, і тыя адпусцілі іх.
І прывялі асьлянё да Езуса, і ўзлажылі на яго сваё адзенне, і сеў на яго.
І прыводзяць асляня да Ісуса, і кладуць на яго сваю вопратку, і Ён сеў на яго.
Многія-ж слалі свае вопраткі на дарозе, а іншыя зрэзвалі галінкі з дрэваў ды ўсьцілалі ім дарогу.
І многія пасцілалі сваю вопратку на дарогу, а іншыя — галінкі, зрэзаўшы іх у палях.
А тыя, што йшлі перад ім ды за ім, выкрыквалі, кажучы: Госанна!
І тыя, што шлі перад Ім, і ўслед за Ім, усклікалі: «Асанна! Блаславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!
Багаслаўлёны, каторы йдзе ў імя Госпадава! Багаслаўлёнае надыходзячае валадарства айца нашага Давіда! Госанна ў вышынях!
Блаславёнае царства, што надыходзіць! Асанна ў вышынях Сыну Давідаву!»
І ўвайшоўшы ў Ерузалім у сьвятыню ды агледзеўшы ўсё, як ужо добра звечарэла, выйшаў з дванаццацьма ў Бэтанію.
І Ён увайшоў у Ерусалім, у храм, і агледзеўшы ўсё, — час быў ужо позні — выйшаў у Віфанію з Дванаццаццю.
А назаўтра, калі выйшлі з Бэтаніі, пачуўся згаладнелым.
І на другі дзень, калі выйшлі яны з Віфаніі, Ён прагаладаўся.
І ўгледзеўшы здалёк смаковіцу, маючую лісьце, падыйшоў, мо часам што знойдзе на ёй. А прыйшоўшы к ёй, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо не пара была на смоквы.
І ўбачыўшы здалёку фігавае дрэва, на якім было лісце, падышоў: ці не знойдзе чаго на ім, і прыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, толькі лісце, бо не была пара фігаў.
І адазваўшыся сказаў ёй: Хай ужо болей ніхто з цябе ня есьць плоду навекі! Гэта чулі вучні ягоны.
І азваўшыся, Ён сказаў яму: «Няхай больш павек ніхто не есць ад цябе плоду!» І чулі гэта Яго вучні.
І прыйшлі ў Ерузалім. А калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаўцоў і купляючых у набожні, й паабарочваў сталы грашаменаў ды столькі тых, што прадавалі галубы;
І прыходзяць яны ў Ерусалім. І ўвайшоўшы ў храм, пачаў Ён выганяць гандляроў і скупшчакоў, і абярнуў сталы грашавых мянял, і прадаўцоў галубоў.
і не дазволіў, каб хто праз набожню насіў якое знадоб’е.
І не дазваляў, каб хто якое начынне праносіў праз святыню.
Ды навучаў, кажучы ім: Ці-ж не напісана, што «дом мой домам малітвы называцімецца для ўсіх народаў». А вы зрабілі яго прыпынішчам разбойнікаў (Із. 56:7; Ер. 7:11).
І навучаў Ён, і казаў ім: «Хіба не напісана: «Мой дом домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў»? Вы ж зрабілі яго «прытонам зладзеяў».
Пачуўшы гэта першасьвятары й кніжнікі, шукалі як-бы загубіць яго, бо баяліся яго таму, што ўвесь народ захапляўся навукай ягонай.
І пачулі гэта першасвятары і кніжнікі, і абдумвалі, як бы Яго загубіць, бо яны баяліся Яго, так як увесь натоўп дзівіўся Яго навуцы.
І як звечарэла, выйходзіў з гораду.
І калі надышоў вечар, яны выйшлі за горад.
А раніцаю мімайдучы, ўбачылі смакавіцу ссохшую да карэньня.
І праходзячы ўранні, убачылі, што фігавае дрэва засохла ад кораня.
І ўспомніўшы Пётр кажа яму: Раббі, глянь, смаковіца, якую ты пракляў, ссохла.
І ўспомніўшы, Пётра кажа Яму: «Настаўнік, зірні, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла».
А Езус у адказ гавора яму: Майце веру Божую.
І ў адказ Ісус кажа ім: «Майце веру ў Бога.
Папраўдзе кажу вам, хто-б загадаў гэтай гарэ: “Узніміся й кінься ў мора” ды ня сумняваўся-б у сваім сэрцы, але верыў-бы, што споўніцца сказанае, — будзе яму, што-б не сказаў.
Папраўдзе кажу вам: Хто скажа гэтай гары: "Сыйдзі і кінься ў мора" і не ўсумніцца ў сваім сэрцы, але будзе верыць, што спраўдзіцца гэта, — тое будзе яму.
Дзеля гэтага й кажу вам: усё, чаго толькі просіце молячыся, верце, што атрымаеце, і збудзецца вам.
Таму кажу вам: аб чым вы моліцеся і просіце, з верай, тое атрымаеце, — і будзе вам.
І як станеце на малітву, адпусьцеце, калі што маеце проціў каго, каб і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, адпусьціў вам грахі вашы.
І калі вы маліцеся, даруйце, як што маеце супроць каго, каб і вам ваш Айцец Нябесны, дараваў вашы правіны.
Калі-ж вы не даруеце, дык Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, не даруе вам грахоў вашых.
[Калі ж вы не даруеце, то і ваш Бацька, Які ў нябёсах, не даруе вашых правінаў.]»
І прыйходзяць зноў у Ерузалім. А калі хадзіў у сьвятыні, падыйходзілі к яму першасьвятары, кніжнікі, й старшыны,
І прыходзяць яны зноў у Ерусалім. І калі Ён наведаў храм, падыходзяць да Яго першасвятары і кніжнікі, і старэйшыны.
ды казалі яму: Якою ўладаю ты гэта робіш? І хто табе даў уладу гэта рабіць?
І казалі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? Або хто даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?»
Езус-жа ў адказ гаварыў ім: Спытаю ў вас і я адно слова, адкажэце мне, то і я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
Ісус жа сказаў ім: «Спытаюся ў вас аб адным і адкажыце мне, тады і Я паведамлю вам, якою ўладаю раблю гэта;
Хрост Янавы быў з неба, ці з людзей? Адкажэце мне.
Іанава хрышчэнне было з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне».
Яны-ж мяркавалі ў сабе, думаючы: Калі скажам «з неба»; то ён скажа: Дык чаму-ж вы яму не паверылі?
І разважалі яны паміж сабою: Калі мы скажам: «З неба», Ён скажа: «Чаму ж вы не паверылі яму?»
Калі сказам «з людзей», дык баязно народу, бо ўсе лічылі Яна, што ён сапраўды быў прарок.
А калі скажам: «Ад людзей», дык натоўп паб’е нас. Бо ўпеўнены быў, што Іаан прарок, і баяліся сказаць так.
І сказалі ў адказ Езусу: Ня ведаем. Тады й Езус у адказ гавора ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэта раблю.
І ў адказ яны кажуць Ісусу: «Не ведаем», а Ісус кажа ім: «І Я не скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю».