Марка 7 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

І зыйшліся к яму фарызэі ды некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму.
 
І зыходзяцца да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерусаліма.

І калі ўгледзелі, што некаторыя з ягоных вучняў ядуць хлеб абыднымі, гэта знача нямытымі, рукамі, зганілі.
 
І ўбачалі, што некаторыя з Яго вучняў ядуць хлеб нячыстымі, гэта значыць, няўмытымі рукамі, —

Фарызэі бо ды ўсе жыды, пакуль чыста не памыюць рук, не ядуць, прыдзержваючыся ўстановы старшых.
 
бо фарысеі і ўсе іудзеі, калі не вымыюць старанна рук, не ядуць, прытрымліваючы паданняў старэйшых,

І што з рынку, калі не пакропяцца, не ядуць; ды шмат чаго іншага, што ім перададзена трымацца: абмыванне кубкаў і збанкоў, і медзяное пасуды, і ўслонаў.
 
і (вярнуўшыся) з рынку, калі не абмыюцца, не ядуць, і ёсць шмат іншага, чаго яны прынялі кіравацца: мыцця чараў, і кубкаў, і меднага посуду, [і тапчаноў] —

І пыталіся ў яго кніжнікі й фарызэі: Чаму вучні твае не паступаюць паводле ўстановы старшых, але нямытымі рукамі хлеб ядуць?
 
І пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму Твае вучні не жывуць паводле паданняў старэйшых, нячыстымі рукамі ядуць хлеб?»

Ён-жа ў адказ гавора ім: Добра прарочыў аб вас, крывадушніках, Ізай (29,13) як напісана: «Народ гэты паважае мяне вуснамі, адыж сэрца іх ад мяне далёка;
 
Ён жа сказаў ім: «Добра прарочыў Ісая пра вас, крывадушных, як напісана: «Гэты народ вуснамі шануе Мяне, а сэрца іх далёка ад Мяне;

дарма-ж яны славяць мяне, вучачы навук і прыказанняў людзкіх».
 
Але лжіва паважаюць Мяне, навучаючы навукам і загадам чалавечым».

Заняхаўшы бо прыказанне Божае, трымаецеся ўстановы людзкое, абмывання збанкоў і кубкаў, ды робіце шмат чаго іншага, гэтаму падобнага.
 
Пераступіўшы Божую запаведзь, вы прытрымліваецеся звычаяў чалавечых, [абмываеце кубкі і чары, і шмат іншага, падобнага на гэта, робіце вы]».

І казаў ім: Добра вы касуеце прыказанне Божае, абы толькі датрымаць установу сваю!
 
І казаў ім: «Адхіляеце Божую запаведзь, каб ваша паданне захоўваць.

Адыж Майзей сказаў: «Паважай бацьку твайго й матку тваю» і «Хто-б зняважыў бацьку або матку, сьмерцю хай умрэ» (Выйсь. 20:12; 21:16).
 
Бо Майсей сказаў: "Шануй бацьку свайго і маці сваю" і: "Хто знеслаўляў бацьку ці маці, няхай смерцю памрэ".

А вы кажаце: Калі-б чалавек сказаў бацьку ці матцы: «Корбан» (гэта знача Ахвяра) ёсьць тое, што табе, ад мяне належыцца» —
 
Вы ж лічыце: "Калі скажа чалавек бацьку ці маці: Карван [гэта значыць дар Богу] і тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся", —

і таму дапускаеце нічога ўжо больш не рабіць для бацькі свайго ці маці,
 
вы ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць дзеля бацькі ці маці,

касуючы слова Божае сваёю ўстановаю, што вы ўвялі; і шмат гэтаму падобнага вы робіце.
 
касуючы Божае слова вашым вучэннем, якое вы перадаеце; і шмат іншага як гэта».

Ды паклікаўшы зноў грамаду, казаў ім: Паслухайце мяне ўсе й зразумейце.
 
І паклікаўшы зноў натоўп, Ён казаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце!

Няма звонку чалавека нічога, што-б уваходзячы ў яго, магло яго апаганіць, але што з чалавека выйходзіць, гэна ёсьць, што чалавека апаганьвае.
 
Няма нічога па-за чалавекам, з вонку яго, што ўваходзячы ў яго вусны, магло б зрабіць нячыстым яго, але тое, што з чалавечых вуснаў выходзіць, робіць чалавека нячыстым.

Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае.
 
[Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае].

І як увайшоў ад грамады ў дом, пыталіся ў яго вучні ягоны аб прыповесьці.
 
І калі ад натоўпу Ён увайшоў у дом, Яго вучні спыталіся ў Яго пра прыповесць.

І сказаў ім: Няўжо й вы гэткія няцямкія? Ці-ж не разумееце, што ўсё ўваходзячае звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым?
 
І Ён адказаў ім: «Няўжо і вы не даўмеліся? Не разумееце, што ўсё тое, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа зрабіць нячыстым яго,

Ня ў сэрца бо ягонае ўваходзіць, а ў жывот ды ў адыход, ачышчаючы ўсякую еміну.
 
бо ўваходзіць яму не ў сэрца, а ў жывот і выходзіць вонкі, ачышчаючы ўсякую істоту?»

Дый сказаў: тое, што выйходзіць з чалавека, гэна яго апаганьвае.
 
Ён жа казаў: «Тое, што з чалавека зыходзіць, тое робіць нячыстым чалавека.

З нутра бо, з людзкога сэрца выйходзяць благія думкі, чужалоствы, распуста, забойствы,
 
Бо з сярэдзіны, з сэрца людзей, ліхія думкі выходзяць, блуд, крадзёж, забойствы, ілжэсведчанні,

зладзействы, прагавітасьць, злоба, здрада, бясстыдзтва, ліхое вока, блюзнерства, надутасьць дурнота.
 
і хцівасць, і злосць, і распушчанасць, і ліхое вока, і блюзнерства, і дурнота, і ганарлівасць;

Усё гэта з нутра выйходзіць і робіць чалавека нячыстым.
 
Ўсё гэтае ліха з сярэдзіны выходзіць і робіць нячыстым чалавека».

І, ўстаўшы, падаўся ў граніцы Тыру й Сыдону. А ўвайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, адыж ня мог утаіцца.
 
І скіраваўшыся адтуль, пайшоў Ён ва ўладанне Ціра і Сідона. І хацеў, каб не ведаў аб Ім ніхто, калі ўвайшоў у адзін дом, ды не мог утаіцца;

Зараз бо жанчына, якое дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб ім, прыйшла і ўпала да ног ягоных,
 
Бо адразу пазнала Яго жанчына, дачка якой мела нячыстага духа, і прыйшоўшы, упала да Яго ног;

а была яна паганка, родам Сырафэніцыянка, й прасіла яго, каб выгнаў нячыстага з ейнае дачкі.
 
А была жанчына грачанка, сірафінікіянка родам; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі.

Ён-жа сказаў ёй: Дай перш насыціцца дзецям, не гадзіцца бо аднімаць хлеб ад дзяцей ды кідаць шчанятам.
 
І Ён казаў ёй: «Дай спярша наесціся дзецям, бо нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».

А яна ў адказ гавора яму: Так, Усеспадару, але-ж і шчанята ядуць пад сталом ад дзяцей крошкі.
 
Яна ў адказ Яму кажа: «Госпадзі, шчаняты пад сталом ядуць ад дзіцячых крошак»,

І сказаў ёй: За гэтае слова ідзі, выйшаў злы дух з дачкі твае.
 
і Ён сказаў ёй: «Вялікая вера ў словах тваіх, ідзі, бо выйдзе злы дух з дачкі тваёй».

І калі прыйшла дадому, знайшла дзяўчыну на посьцелі, а нячысты выйшаў.
 
І пайшоўшы ў свой дом, яна знайшла, што дачка ляжыць на ложку і што дэман выйшаў.

І аддаліўшыся йзноў з граніц Тыру, прыйшоў праз Сыдон да Галілейскага мора сярод граніц Дэкаполю.
 
І зноў, выйшаўшы з абсягаў Ціра, пайшоў Ён праз Сідон да Галілейскага мора, што знаходзіцца пасярод Дзесяцігароддзя.

І прывялі к яму глухога й нямога ды прасілі, каб узлажыў на яго руку.
 
І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасцю гаварыў, і просяць Яго, каб усклаў руку на яго.

І ўзяўшы яго на бок ад народу, ўлажыў пальцы свае ў ягоныя вушы і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага,
 
І адвеўшы яго ў бок ад натоўпу, Ён улажыў Свае пальцы яму ў вушы, і сплюнуўшы, дакрануўся да яго языка.

ды ўзглянуўшы ў неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффэта, гэта знача: адчыніся.
 
І паглядзеўшы на неба, глыбока ўздыхнуў, і вымаліў слова: «Эўвафа», што азначае: «Расчыніцеся».

І зараз-жа адчыніліся вушы ягоны, і развязалася завязка языка ягонага й загаварыў яксьлед.
 
І [адразу ж] сталі чуйшымі яго вушы, і развязаліся путы яго языка, і пачаў ён добра гаварыць і чуць казанае.

І загадаў ім, каб нікому не казалі. Але чым болей ён ім прыказваў, тым болей расслаўлялі
 
І Ён прасіў, каб яны нікому не казалі аб гэтым; але чым больш настойваў, тым больш яны абвяшчалі аб гэтым усім.

ды тым болей дзівіліся, кажучы: Добра ўсё зрабіў: і глухім вярнуў слух, і нямым мову.
 
І надзвычай дзівіліся, кажучы: «Добра ўсё Ён зрабіў: і глухім дае чуць, і нямым — гаварыць».