Марка 7 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І зыйшліся к яму фарызэі ды некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму.
І сабра́ліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма;
І калі ўгледзелі, што некаторыя з ягоных вучняў ядуць хлеб абыднымі, гэта знача нямытымі, рукамі, зганілі.
і, бачыўшы некаторых з вучняў Яго, як яны елі хлеб нячыстымі, гэта значыць непамы́тымі, рукамі, дакара́лі.
Фарызэі бо ды ўсе жыды, пакуль чыста не памыюць рук, не ядуць, прыдзержваючыся ўстановы старшых.
Бо фарысеі і ўсе Іудзеі не яду́ць, пакуль не памыюць дбайна рук, трымаючыся пада́ння ста́рцаў;
І што з рынку, калі не пакропяцца, не ядуць; ды шмат чаго іншага, што ім перададзена трымацца: абмыванне кубкаў і збанкоў, і медзяное пасуды, і ўслонаў.
і пасля рынку, пакуль не амы́юцца, не яду́ць. Ёсць і многае іншае, чаго яны прынялí трымацца: абмыва́ння чашаў, і кубкаў, і катлоў, і ла́ваў.
І пыталіся ў яго кніжнікі й фарызэі: Чаму вучні твае не паступаюць паводле ўстановы старшых, але нямытымі рукамі хлеб ядуць?
Потым пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: чаму вучні Твае не жывуць згодна з пада́ннем ста́рцаў, а непамы́тымі рукамі яду́ць хлеб?
Ён-жа ў адказ гавора ім: Добра прарочыў аб вас, крывадушніках, Ізай (29,13) як напісана: «Народ гэты паважае мяне вуснамі, адыж сэрца іх ад мяне далёка;
А Ён у адказ гаворыць ім: добра прарочыў Іса́ія пра вас, крываду́шных, як напíсана: «людзі гэтыя ву́снамі ўшаноўваюць Мяне, а сэ́рца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;
дарма-ж яны славяць мяне, вучачы навук і прыказанняў людзкіх».
але ма́рна шануюць Мяне, навучаючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым».
Заняхаўшы бо прыказанне Божае, трымаецеся ўстановы людзкое, абмывання збанкоў і кубкаў, ды робіце шмат чаго іншага, гэтаму падобнага.
Бо, пакінуўшы за́паведзь Божую, трыма́ецеся вы пада́ння чалавечага, абмыва́ння кубкаў і чашаў ды многае іншае, падобнае да таго, робіце.
І казаў ім: Добра вы касуеце прыказанне Божае, абы толькі датрымаць установу сваю!
І казаў ім: хо́раша вы абыхо́дзіце за́паведзь Божую, каб сваё пада́нне захава́ць!
Адыж Майзей сказаў: «Паважай бацьку твайго й матку тваю» і «Хто-б зняважыў бацьку або матку, сьмерцю хай умрэ» (Выйсь. 20:12; 21:16).
Бо Маісей сказаў: «шануй бацьку твайго і маці тваю», і хто зласло́віць на бацьку альбо маці, няхай смерцю памрэ.
А вы кажаце: Калі-б чалавек сказаў бацьку ці матцы: «Корбан» (гэта знача Ахвяра) ёсьць тое, што табе, ад мяне належыцца» —
А вы гаворыце: калі скажа чалавек бацьку альбо маці: «тое, што ты ад мяне скарыстаў бы, гэта карва́н, што значыць дар Богу»,
і таму дапускаеце нічога ўжо больш не рабіць для бацькі свайго ці маці,
тады ўжо дазваля́еце яму нічога не рабіць для бацькі альбо для маці сваёй,
касуючы слова Божае сваёю ўстановаю, што вы ўвялі; і шмат гэтаму падобнага вы робіце.
паруша́ючы слова Божае пада́ннем вашым, якое вы перадаяце́; і многае падобнае да таго робіце.
Ды паклікаўшы зноў грамаду, казаў ім: Паслухайце мяне ўсе й зразумейце.
І, паклíкаўшы ўсіх людзей, казаў ім: паслухайце Мяне ўсе і зразуме́йце.
Няма звонку чалавека нічога, што-б уваходзячы ў яго, магло яго апаганіць, але што з чалавека выйходзіць, гэна ёсьць, што чалавека апаганьвае.
Няма нічога, што, увахо́дзячы ў чалавека зво́нку, магло б апага́ніць яго; але што выходзіць з яго, тое апага́ньвае чалавека.
Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае.
Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
І як увайшоў ад грамады ў дом, пыталіся ў яго вучні ягоны аб прыповесьці.
І калі ад людзей Ён увайшоў у дом, спыталіся ў Яго вучні Яго аб прытчы.
І сказаў ім: Няўжо й вы гэткія няцямкія? Ці-ж не разумееце, што ўсё ўваходзячае звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым?
І сказаў ім: няўжо і вы такія неразумныя? Хіба́ не разумееце, што ўсё тое, што зво́нку ўваходзіць у чалавека, не можа апага́ніць яго?
Ня ў сэрца бо ягонае ўваходзіць, а ў жывот ды ў адыход, ачышчаючы ўсякую еміну.
Бо не ў сэ́рца яго ўваходзіць, а ў чэ́рава, і выходзіць прэч, таму ўсякая ежа чыстая.
Дый сказаў: тое, што выйходзіць з чалавека, гэна яго апаганьвае.
І казаў: тое, што выходзіць з чалавека, апага́ньвае чалавека;
З нутра бо, з людзкога сэрца выйходзяць благія думкі, чужалоствы, распуста, забойствы,
Бо знутры́, з сэ́рца чалавечага по́мыслы ліхíя выходзяць, пралюбадзе́йствы, блуд, забойствы,
зладзействы, прагавітасьць, злоба, здрада, бясстыдзтва, ліхое вока, блюзнерства, надутасьць дурнота.
крадзяжы́, ліхвя́рства, злоба, кава́рства, распу́снасць, вока зайздроснае, блюзне́рства, ганарлíвасць, шале́нства;
Усё гэта з нутра выйходзіць і робіць чалавека нячыстым.
усё гэтае зло знутры́ выхо́дзіць і апага́ньвае чалавека.
І, ўстаўшы, падаўся ў граніцы Тыру й Сыдону. А ўвайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, адыж ня мог утаіцца.
І, ру́шыўшы адтуль, пайшоў у землі Ты́рскія і Сідо́нскія; і, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але не змог утаíцца.
Зараз бо жанчына, якое дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб ім, прыйшла і ўпала да ног ягоных,
Бо пачула пра Яго жанчына, дачка́ якой ме́ла ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упа́ла да ног Яго;
а была яна паганка, родам Сырафэніцыянка, й прасіла яго, каб выгнаў нячыстага з ейнае дачкі.
а жанчына тая была́ язычніца, Сірафінікія́нка родам; і прасіла Яго, каб вы́гнаў дэмана з яе дачкí.
Ён-жа сказаў ёй: Дай перш насыціцца дзецям, не гадзіцца бо аднімаць хлеб ад дзяцей ды кідаць шчанятам.
Але Іісус сказаў ёй: дай перш насы́ціцца дзе́цям, бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.
А яна ў адказ гавора яму: Так, Усеспадару, але-ж і шчанята ядуць пад сталом ад дзяцей крошкі.
Яна ж у адказ гаворыць Яму: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
І сказаў ёй: За гэтае слова ідзі, выйшаў злы дух з дачкі твае.
І сказаў ёй: за гэтыя словы ідзі, выйшаў дэман з дачкí тваёй.
І калі прыйшла дадому, знайшла дзяўчыну на посьцелі, а нячысты выйшаў.
І, прыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка́ ляжы́ць на пасцелі.
І аддаліўшыся йзноў з граніц Тыру, прыйшоў праз Сыдон да Галілейскага мора сярод граніц Дэкаполю.
І зноў, выйшаўшы з межаў Ты́рскіх і Сідо́нскіх, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага ў землі Дзесяцігаро́ддзя.
І прывялі к яму глухога й нямога ды прасілі, каб узлажыў на яго руку.
І прыво́дзяць да Яго глухога коснаязы́кага і просяць, каб Ён усклаў руку́ на яго.
І ўзяўшы яго на бок ад народу, ўлажыў пальцы свае ў ягоныя вушы і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага,
І, адвёўшы яго ад народу ўбок, улажы́ў пальцы Свае ў ву́шы яго і, плюнуўшы, дакрану́ўся да языка яго;
ды ўзглянуўшы ў неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффэта, гэта знача: адчыніся.
і, узвёўшы вочы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «эффафа́», што значыць: «адкры́йся».
І зараз-жа адчыніліся вушы ягоны, і развязалася завязка языка ягонага й загаварыў яксьлед.
І адразу адкры́ліся вушы яго і развяза́ліся пу́ты яго языка́, і пачаў гаварыць выра́зна.
І загадаў ім, каб нікому не казалі. Але чым болей ён ім прыказваў, тым болей расслаўлялі
І загада́ў ім, каб не казалі нікому. Але чым больш Ён зага́дваў ім, тым больш абвяшчалі.
ды тым болей дзівіліся, кажучы: Добра ўсё зрабіў: і глухім вярнуў слух, і нямым мову.
І надзвычай здзіўляліся, ка́жучы: добра ўсё зрабіў: і глухім дае чуць, і нямы́м гаварыць.