Марка 7 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І зыйшліся к яму фарызэі ды некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму.
Сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі зь Ерусаліма;
І калі ўгледзелі, што некаторыя з ягоных вучняў ядуць хлеб абыднымі, гэта знача нямытымі, рукамі, зганілі.
і ўбачыўшы некаторых вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, то ж бо няўмытымі рукамі, дакаралі.
Фарызэі бо ды ўсе жыды, пакуль чыста не памыюць рук, не ядуць, прыдзержваючыся ўстановы старшых.
Бо фарысэі і ўсе Юдэі, сьледуючы наказу старцаў, не ядуць, не памыўшы старанна рук;
І што з рынку, калі не пакропяцца, не ядуць; ды шмат чаго іншага, што ім перададзена трымацца: абмыванне кубкаў і збанкоў, і медзяное пасуды, і ўслонаў.
і, прыйшоўшы з торжышча, не ядуць, не абмыўшыся. Ёсьць і яшчэ шмат чаго іншага, чаго яны пастанавілі трымацца: глядзець, каб мылі чары, кубкі, катлы і ўслоны.
І пыталіся ў яго кніжнікі й фарызэі: Чаму вучні твае не паступаюць паводле ўстановы старшых, але нямытымі рукамі хлеб ядуць?
Потым пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: навошта вучні Твае не трымаюцца наказаў старцаў, а няўмытымі рукамі ядуць хлеб?
Ён-жа ў адказ гавора ім: Добра прарочыў аб вас, крывадушніках, Ізай (29,13) як напісана: «Народ гэты паважае мяне вуснамі, адыж сэрца іх ад мяне далёка;
Ён сказаў ім у адказ: добра прарочыў пра вас, крывадушных, Ісая, як напісана: «людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі, а сэрца іхняе далёка ад Мяне адлягае;
дарма-ж яны славяць мяне, вучачы навук і прыказанняў людзкіх».
але марна шануюць Мяне, настаўляючы на вучэньні, запаведзі чалавечыя»;
Заняхаўшы бо прыказанне Божае, трымаецеся ўстановы людзкое, абмывання збанкоў і кубкаў, ды робіце шмат чаго іншага, гэтаму падобнага.
бо вы, занядбаўшы запаведзь Божую, трымаецеся звычаю чалавечага, абмываньня кубкаў і чараў, і робіце шмат чаго іншага, да гэтага падобнага.
І казаў ім: Добра вы касуеце прыказанне Божае, абы толькі датрымаць установу сваю!
І сказаў ім: ці добра, што вы адмяняеце запаведзь Божую, каб датрымацца свайго звычаю?
Адыж Майзей сказаў: «Паважай бацьку твайго й матку тваю» і «Хто-б зняважыў бацьку або матку, сьмерцю хай умрэ» (Выйсь. 20:12; 21:16).
Бо Майсей сказаў: «шануй бацьку свайго і маці сваю»; і: «хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ».
А вы кажаце: Калі-б чалавек сказаў бацьку ці матцы: «Корбан» (гэта знача Ахвяра) ёсьць тое, што табе, ад мяне належыцца» —
А вы кажаце: хто скажа бацьку альбо маці: «корван (значыць, дар) Богу тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся», —
і таму дапускаеце нічога ўжо больш не рабіць для бацькі свайго ці маці,
таму вы ўжо дазваляеце нічога не рабіць бацьку свайму альбо маці сваёй,
касуючы слова Божае сваёю ўстановаю, што вы ўвялі; і шмат гэтаму падобнага вы робіце.
ухіляючы слова Божае наказам вашым, які вы ўстанавілі; і робіце шмат чаго на гэта падобнага.
Ды паклікаўшы зноў грамаду, казаў ім: Паслухайце мяне ўсе й зразумейце.
І паклікаўшы ўвесь люд, сказаў яму: слухайце Мяне ўсе і разумейце:
Няма звонку чалавека нічога, што-б уваходзячы ў яго, магло яго апаганіць, але што з чалавека выйходзіць, гэна ёсьць, што чалавека апаганьвае.
нішто, што ўваходзіць у чалавека звонку, ня можа апаганіць яго; а што выходзіць зь яго, тое апаганьвае чалавека.
Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае.
Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
І як увайшоў ад грамады ў дом, пыталіся ў яго вучні ягоны аб прыповесьці.
І калі Ён ад людзей увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго пра прычту.
І сказаў ім: Няўжо й вы гэткія няцямкія? Ці-ж не разумееце, што ўсё ўваходзячае звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым?
Ён сказаў ім: няўжо і вы такія няцямныя? няўжо не разумееце, што нішто, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа апаганіць яго?
Ня ў сэрца бо ягонае ўваходзіць, а ў жывот ды ў адыход, ачышчаючы ўсякую еміну.
бо ня ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў чэрава, і выходзіць вонкі, чым ачышчаецца ўсякая ежа.
Дый сказаў: тое, што выйходзіць з чалавека, гэна яго апаганьвае.
Далей сказаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека;
З нутра бо, з людзкога сэрца выйходзяць благія думкі, чужалоствы, распуста, забойствы,
бо зь сярэдзіны, з сэрца чалавечага, выходзяць ліхія помыслы, пералюбы, распуста, забойствы,
зладзействы, прагавітасьць, злоба, здрада, бясстыдзтва, ліхое вока, блюзнерства, надутасьць дурнота.
крадзяжы, ліхвярства, злосьць, хітрына, непатрэбства, зайздросьлівае вока, блюзьнерства, пыха, безгалоўе.
Усё гэта з нутра выйходзіць і робіць чалавека нячыстым.
Усё гэтае ліха зь сярэдзіны выходзіць, і апаганьвае чалавека,
І, ўстаўшы, падаўся ў граніцы Тыру й Сыдону. А ўвайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, адыж ня мог утаіцца.
І выправіўшыся адтуль, прыйшоў у межы Тырскія і Сідонскія; і ўвайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але ня здолеў утоіцца.
Зараз бо жанчына, якое дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб ім, прыйшла і ўпала да ног ягоных,
Бо дачулася пра Яго жанчына, у якое дачка апанаваная была нячыстым духам, і прыйшоўшы прыпала да ног Ягоных;
а была яна паганка, родам Сырафэніцыянка, й прасіла яго, каб выгнаў нячыстага з ейнае дачкі.
а жанчына тая была язычніца, родам Сірафінікіянка; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана зь ейнай дачкі.
Ён-жа сказаў ёй: Дай перш насыціцца дзецям, не гадзіцца бо аднімаць хлеб ад дзяцей ды кідаць шчанятам.
Але Ісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям; бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам.
А яна ў адказ гавора яму: Так, Усеспадару, але-ж і шчанята ядуць пад сталом ад дзяцей крошкі.
А яна сказала Яму ў адказ: так, Госпадзе; але і сабакі пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
І сказаў ёй: За гэтае слова ідзі, выйшаў злы дух з дачкі твае.
І сказаў ёй: за гэтае слова, ідзі; дэман выйшаў з тваёй дачкі.
І калі прыйшла дадому, знайшла дзяўчыну на посьцелі, а нячысты выйшаў.
І прыйшоўшы ў свой дом, яна ўбачыла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасьцелі.
І аддаліўшыся йзноў з граніц Тыру, прыйшоў праз Сыдон да Галілейскага мора сярод граніц Дэкаполю.
Выйшаўшы зь межаў Тырскіх і Сідонскіх, Ісус зноў пайшоў да мора Галілейскага празь землі Дзесяцігародзьдзя.
І прывялі к яму глухога й нямога ды прасілі, каб узлажыў на яго руку.
Прывялі да яго глухога гугняўца і прасілі Яго ўскласьці на яго руку.
І ўзяўшы яго на бок ад народу, ўлажыў пальцы свае ў ягоныя вушы і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага,
Ісус, адвёўшы яго ўбок ад людзей, уклаў пальцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага;
ды ўзглянуўшы ў неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффэта, гэта знача: адчыніся.
і ўзьвёўшы вочы да неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Еффафа», што значыцца — «адчыніся».
І зараз-жа адчыніліся вушы ягоны, і развязалася завязка языка ягонага й загаварыў яксьлед.
І адразу адчыніўся ў яго слых, і разамкнуліся повязі ягонага языка, і пачаў гаварыць чыста.
І загадаў ім, каб нікому не казалі. Але чым болей ён ім прыказваў, тым болей расслаўлялі
І загадаў ім не казаць нікому. Але, колькі Ён ні забараняў ім, яны яшчэ больш разгалошвалі.
ды тым болей дзівіліся, кажучы: Добра ўсё зрабіў: і глухім вярнуў слух, і нямым мову.
І вельмі-вельмі зьдзіўляліся і казалі: усё добра робіць: і глухіх робіць чуткімі і нямых — гаваркімі.