Марка 7 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
І сабраліся да Яго фарысэі й некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму;
Сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі зь Ерусаліма;
і, убачыўшы некаторых з вучняў Яго, як е́лі хле́б нячыстымі (гэта значыць няўмытымі) рукамі, кары́лі іх.
і ўбачыўшы некаторых вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, то ж бо няўмытымі рукамі, дакаралі.
Бо фарысэі і ўсе́ Юдэі, трыма́ючыся нака́заў старшых, не ядуць, не памыўшы чыста рук;
Бо фарысэі і ўсе Юдэі, сьледуючы наказу старцаў, не ядуць, не памыўшы старанна рук;
і з торгу, пакуль не памыюцца, не ядуць. Ёсьць і многае іншае, чаго яны, пераняўшы, трымаюцца: мыцьце ча́раў, кубкаў, ме́днага судзьдзя́ ды ўслонаў.
і, прыйшоўшы з торжышча, не ядуць, не абмыўшыся. Ёсьць і яшчэ шмат чаго іншага, чаго яны пастанавілі трымацца: глядзець, каб мылі чары, кубкі, катлы і ўслоны.
Пасьля пытаюцца ў Яго фарысэі ды кніжнікі: чаму вучні Тваі ня жывуць згодна з наказамі старшых, але нямытымі рукамі ядуць хле́б?
Потым пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: навошта вучні Твае не трымаюцца наказаў старцаў, а няўмытымі рукамі ядуць хлеб?
Ён жа, адка́зваючы, сказаў ім: добра прарочыў аб вас, крывадушных, Ісая, калі пісаў: людзі гэтыя паважаюць Мяне́ ву́снамі, а сэрца іх далёка ад Мяне́.
Ён сказаў ім у адказ: добра прарочыў пра вас, крывадушных, Ісая, як напісана: «людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі, а сэрца іхняе далёка ад Мяне адлягае;
Але дарма́ пакланяюцца Мне́, навучаючы навук і за́паведзяў чалаве́чых (Ісая 29:13).
але марна шануюць Мяне, настаўляючы на вучэньні, запаведзі чалавечыя»;
Бо вы, пакідаючы прыказаньне Божае, трымаецеся наказу чалаве́чага, мыцьця ча́раў і кубкаў, ды робіце шмат іншага, падобнага да гэтага.
бо вы, занядбаўшы запаведзь Божую, трымаецеся звычаю чалавечага, абмываньня кубкаў і чараў, і робіце шмат чаго іншага, да гэтага падобнага.
І сказаў ім: ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае абы спаўняць ваш наказ?
І сказаў ім: ці добра, што вы адмяняеце запаведзь Божую, каб датрымацца свайго звычаю?
Бо Майсе́й сказаў: паважай айца́ твайго і матку тааю: і хто зьневажа́е айца ці матку, няхай сьме́рцяй памрэ (Выхад 20:12; 21:16).
Бо Майсей сказаў: «шануй бацьку свайго і маці сваю»; і: «хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ».
А вы кажаце: хто скажа айцу ці матцы: Корван, (гэта ёсьць — Дар), чым бы ад мяне́ карыстаўся,
А вы кажаце: хто скажа бацьку альбо маці: «корван (значыць, дар) Богу тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся», —
таму дапуска́еце ўжо нічога больш не рабіць для айца́ свайго ці для маткі свае́,
таму вы ўжо дазваляеце нічога не рабіць бацьку свайму альбо маці сваёй,
адкідаючы слова Божае нака́зам вашым, які вы пастанавілі; ды робіце шмат падобнага да гэтага.
ухіляючы слова Божае наказам вашым, які вы ўстанавілі; і робіце шмат чаго на гэта падобнага.
І, паклікаўшы ўве́сь народ, кажа да іх: слухайце Мяне́ ўсе́ ды разуме́йце.
І паклікаўшы ўвесь люд, сказаў яму: слухайце Мяне ўсе і разумейце:
Няма нічога, што, увахо́дзячы ў чалаве́ка звонку, магло бы зрабіць яго нячыстым; але тое, што выходзіць ад яго, — гэта тое, што робіць нячыстым чалаве́ка;
нішто, што ўваходзіць у чалавека звонку, ня можа апаганіць яго; а што выходзіць зь яго, тое апаганьвае чалавека.
калі хто ма́е вушы чуць, няхай чуе.
Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
І калі Ён увайшоў у дом ад народу, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго аб прыпо́весьці.
І калі Ён ад людзей увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго пра прычту.
І сказаў ім: няўжо-ж і вы гэткія няця́мкія? Няўжо-ж не разуме́еце, што нішто, увахо́дзячы ў чалаве́ка звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым,
Ён сказаў ім: няўжо і вы такія няцямныя? няўжо не разумееце, што нішто, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа апаганіць яго?
бо ня ў сэрца ягонае ўваходзіць, але ў жывот, і выходзіць вон, ачышчаючы ўсякую е́жу.
бо ня ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў чэрава, і выходзіць вонкі, чым ачышчаецца ўсякая ежа.
Дый сказаў: тое, што выходзе ад чалаве́ка, тое робіць яго нячыстым.
Далей сказаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека;
Бо з нутра́, з сэрца чалаве́чага выходзяць благія думкі, распуста, блуд, душагубства,
бо зь сярэдзіны, з сэрца чалавечага, выходзяць ліхія помыслы, пералюбы, распуста, забойствы,
крадзе́жы, прагавíтасьць, злосьць, здра́да, бязглуздасьць, ліхое вока, хула́, пы́ха, дурнота.
крадзяжы, ліхвярства, злосьць, хітрына, непатрэбства, зайздросьлівае вока, блюзьнерства, пыха, безгалоўе.
Усё тое благое з нутра́ выходзіць і робіць нячыстым чалаве́ка.
Усё гэтае ліха зь сярэдзіны выходзіць, і апаганьвае чалавека,
І, устаўшы, пайшоў адтуль на ўзьме́жкі Тырскія й Сідонскія; і, увайшоўшы ў дом, не хаце́ў, каб хто даве́даўся; ды ўтаіцца ня здо́леў,
І выправіўшыся адтуль, прыйшоў у межы Тырскія і Сідонскія; і ўвайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але ня здолеў утоіцца.
бо жанчына, дачка́ якое ме́ла ў сабе́ нячыстага духа, пачуўшы аб Ім, прыйшоўшы, ўпала да ног Ягоных;
Бо дачулася пра Яго жанчына, у якое дачка апанаваная была нячыстым духам, і прыйшоўшы прыпала да ног Ягоных;
а жанчына тая была пага́нка, родам Сірафінікіянка; і прасіла ў Яго, каб вы́гнаў нячыстага духа з дачкí яе́.
а жанчына тая была язычніца, родам Сірафінікіянка; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана зь ейнай дачкі.
Але Ісус сказаў ёй: дай пе́рш насы́ціцца дзе́цям, бо ня гожа ўзяць хле́б у дзяце́й і кінуць сабакам.
Але Ісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям; бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам.
Яна ж адказала Яму і сказала: так, Госпадзе; але й сабакі пад сталом ядуць крошкі ад дзяце́й.
А яна сказала Яму ў адказ: так, Госпадзе; але і сабакі пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
І сказаў ёй дзеля гэтага слова: ідзі! злы дух выйшаў з дачкí твае́.
І сказаў ёй: за гэтае слова, ідзі; дэман выйшаў з тваёй дачкі.
І, прыйшоўшы ў свой дом, яна знайшла, што злы дух вы́йшаў, і дачка́ ляжыць на ложку.
І прыйшоўшы ў свой дом, яна ўбачыла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасьцелі.
І, ізноў вы́йшаўшы з зяме́ль Тырскіх і Сідонскіх, пайшоў да мора Галіле́йскага, пасярод Дзесяцігра́дзьдзя.
Выйшаўшы зь межаў Тырскіх і Сідонскіх, Ісус зноў пайшоў да мора Галілейскага празь землі Дзесяцігародзьдзя.
І прывялі да Яго глуханямо́га ды прасілі Яго ўзлажыць на яго руку.
Прывялі да яго глухога гугняўца і прасілі Яго ўскласьці на яго руку.
І, узяўшы яго ад народу, паклаў пальцы Свае́ ў вушы яму і, плюнуўшы, дакрану́ўся да языка яго́нага;
Ісус, адвёўшы яго ўбок ад людзей, уклаў пальцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага;
і, глянуўшы ў не́ба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффафа! што знача: расчыніся!
і ўзьвёўшы вочы да неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Еффафа», што значыцца — «адчыніся».
І ўраз жа расчыніліся вушы ягоныя і разьвязаліся путы языка ягонага, і пачаў добра гаварыць.
І адразу адчыніўся ў яго слых, і разамкнуліся повязі ягонага языка, і пачаў гаварыць чыста.
І загадаў ім не казаць нікому. Але колькі ні забараняў ім, яны яшчэ шырэй апавядалі.
І загадаў ім не казаць нікому. Але, колькі Ён ні забараняў ім, яны яшчэ больш разгалошвалі.
І тым бале́й дзівіліся ды гаварылі: ўсё добра зрабіў: робіць і глухія каб чулі, і нямыя каб гаварылі.
І вельмі-вельмі зьдзіўляліся і казалі: усё добра робіць: і глухіх робіць чуткімі і нямых — гаваркімі.