Марка 14 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

За два дні была Пасха і сьвята праснакоў; і шукалі архірэі і кніжнікі, як узяць Яго хітрасьцяй ды забіць.
 
Праз два дні мелася быць сьвята Пасхі і праснакоў; і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы ўзяць Яго хітрасьцю і забіць;

Але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня было разрухі ў народзе.
 
але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.

І як быў Ён у Віфаніі, у доме Сымона пракажо́нага, ды спачываў за сталом, прыйшла жанчына з аляба́стравым збанко́м міра нардо́вага, чы́стага й дарагога, ды, разьбіўшы судзіну, паліла Яму галаву.
 
І калі быў Ён у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў, — прыйшла жанчына з алавастравай пасудзінай міра з нарду чыстага, каштоўнага, і, разьбіўшы пасудзіну, паліла Яму на галаву.

І былі некаторыя, што гне́валіся ў сабе́ і гаварылі: на што гэты глум міра?
 
А некаторыя абурыліся і казалі паміж сабою: навошта гэтае марнатраўства міра?

Бо-ж можна было-б прадаць яго больш, як за трыста дынараў, ды раздаць бе́дным. І наракалі на яе́.
 
бо можна было прадаць яго больш, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім. І дакаралі яе.

Але Ісус сказаў: пакіньце яе́: на што́ ёй робіце пры́красьць? Яна добрае дзе́ла зрабіла для Мяне́.
 
Але Ісус сказаў: пакіньце яе; што яе бянтэжыце? яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.

Бо ўбогіх заўседы ма́еце з сабою і можаце ім рабіць дабро, калі захо́чаце, а Мяне́ ма́еце не заўсёды.
 
Бо заўсёды ўбогіх маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім дабрачыніць; а Мяне не заўсёды маеце.

Яна, што магла, зрабіла: наўпе́рад пама́зала це́ла Маё для пахава́ньня.
 
Яна зрабіла, што магла: загадзя памазала Цела Маё на пахаваньне.

Запраўды́ кажу́ вам: дзе́ толькі будзе абве́шчана Эвангельле гэтае па ўсім сьве́це, дык і аб тым, што зрабіла яна, ска́зана будзе ў памяць аб ёй.
 
Праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць пра яе, і пра тое, што зрабіла яна.

А Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архірэяў, каб прада́ць Яго ім.
 
І пайшоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.

Яны-ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму грошы. І ён шукаў, як у адпаве́дную часíну прада́ць Яго.
 
А яны, пачуўшы, узрадаваліся і абяцаліся даць яму срэбранікі. І ён намышляў, як бы ў зручны час выдаць Яго.

І ў пе́ршы дзе́нь праснакоў, калі рэзалі ягнё на Пасху, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе́ хочаш, каб мы пайшлі прыгатавалі Табе́ е́сьці пасху?
 
У першы дзень праснакоў, калі калолі пасхальнае ягня, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе хочаш есьці пасху? мы пойдзем і прыгатуем.

І пасылае двух з вучняў Сваіх і кажа ім: Ідзе́це да ме́ста; і сустрэнецца вам чалаве́к, нясучы́ гляк з вадою; ідзе́це за ім.
 
І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: ідзеце ў горад: і сустрэнецца вам чалавек, які нясьціме збанок вады: пойдзеце сьледам за ім,

І куды ён увойдзе, скажэце гаспадару́ тае́ хаты: Вучыцель пыта́ецца: дзе́ сьвятліца, у якой спажыва́ціму пасху з вучнямі Маімі?
 
і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дома таго: «Настаўнік кажа: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?».

І ён пакажа вам пакой вялікі, засланы, гатовы; там прыгатуйце нам.
 
І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую, гатовую; там прыгатуеце нам.

І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі да ме́ста, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі пасху.
 
І пайшлі вучні ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі пасху.

І, калі настаў ве́чар, Ён прыходзіць з дванаццацьма.
 
Калі зьвечарэла, Ён прыходзіць з дванаццацьцю.

І, як сядзе́лі яны за сталом ды е́лі, Ісус сказаў: запраўды́ кажу́ вам: адзін з вас, што е́сьць са Мною, прада́сьць Мяне́.
 
І калі яны ўзьляжалі і елі, Ісус сказаў: праўду кажу вам, адзін з вас, які есьць са Мною, выдасьць Мяне.

Яны-ж пачалі сумава́ць ды адзін праз аднаго казаці да Яго: ці ня я? І другі: ці ня я?
 
Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму, адзін за адным: ці ня я? І другі: ці ня я?

Ён жа, адка́зваючы, сказаў ім: адзін з дванаццацёх, што мача́е са Мною ў місе.
 
А Ён сказаў ім у адказ: адзін з дванаццацёх, што мачае са Мною ў місцы.

Бо Сын Чалаве́чы йдзе́, як напісана аб Ім; але го́ра таму чалаве́ку, праз якога прада́дзены будзе Сын Чалаве́чы. Ляпе́й было-б яму, калі-б чалаве́к гэны не радзіўся.
 
Бо Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б таму чалавеку не радзіцца.

І, калі яны е́лі, Ісус, узяўшы хле́б, багаславіў яго ды, паламаўшы, даў ім і сказаў: вазьме́це, е́шце; гэта ёсьць це́ла Маё.
 
І калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў, даў ім і сказаў: прымеце, ежце; гэта Цела Маё.

І, узяўшы ча́ру й аддаўшы хвалу, падаў ім: і пілі яе́ ўсе́.
 
І ўзяўшы чару, падзякаваўшы, падаў ім; і пілі зь яе ўсе.

І сказаў ім: гэта ёсьць кроў Мая новага запаве́ту, што за многіх праліваецца.
 
І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная.

Запраўды́ кажу́ вам: ніколі ўжо ня буду піць ад пло́ду вінаграднага ажно до таго дня, калі піць буду новае віно ў царстве Божым.
 
Праўду кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плоду лазы вінаграднае да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым.

І, запяяўшы, пайшлі на гару Аліўную.
 
І засьпяваўшы пайшлі на гару Аліўную.

І кажа ім Ісус: усе́ вы спаку́шаны будзеце ў гэту ноч за Мяне́; бо напісана: ўда́ру пастуха, і рассыплюцца аве́чкі (Захарія 13:7).
 
І кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч: бо напісана: «паражу пастыра, і расьсеюцца авечкі»,

Але, як уваскросну, апярэджу вас у Галіле́і.
 
а пасьля ўваскрэсеньня Майго Я запабягу вас у Галілеі.

Пётр жа сказаў Яму: хай усе́ спаку́сяцца, але ня я.
 
Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца, дык ня я.

І кажа яму Ісус: запраўды́ кажу́ табе́, што ты сяньня, у гэтую самую ноч, пе́рш, чым пе́вень двойчы прапяе́, тры разы адрачэшся ад Мяне́.
 
І кажа яму Ісус: праўду кажу табе, што ты сёньня, гэтае ночы, перш чым двойчы засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.

Але той яшчэ больш казаў: хаця-б мне́ трэба было паме́рці разам з Табою, не адракуся ад Цябе́. Гэтак сама гаварылі і ўсе́.
 
Але ён яшчэ больш настойліва казаў: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Тое самае і ўсе казалі.

І прыйшлі ў сяло, званае Гефсіманія, і сказаў вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль памалюся.
 
Прыйшлі ў селішча, якое называлася Гефсіманія: і Ён сказаў вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль Я памалюся.

І бярэ з сабою Пятра, Якава ды Іоана; і найшоў жах дый туга́ на Яго.
 
І ўзяў з Сабою Пятра, Якава і Яна; і пачаў смуткаваць і журыцца.

І кажа ім: су́мная душа́ мая ажно да сьме́рці; пабудзьце гэтта і ня сьпіце.
 
І сказаў ім: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут, і чувайце.

І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна;
 
І, адышоўшы крыху, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі можна, мінула Яго гадзіна гэтая;

і гаварыў: Авва, Ойча! усё магчыма для Цябе́, пранясí ча́ру гэтую міма Мяне́; ды ня тое, чаго Я хачу, а чаго Ты.
 
і казаў: Авва Войча! усё магчыма Табе; пранясі чару гэтую міма Мяне; але не чаго Я хачу, а чаго Ты.

І варо́чаецца і знаходзіць іх сплючы́, дый кажа Пятру: Сымоне! Ты сьпіш? Ня мог ты аднае́ гадзіны ня спаць?
 
Вяртаецца і знаходзіць, што яны сьпяць; кажа Пятру: Сымоне! ты сьпіш? ня мог ты чуваць аднае гадзіны?

Ня сьпіце й маліцеся, каб не папа́сьці ў спакусу: бо-ж дух крэпкі, а це́ла слабое.
 
чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.

І ізноў, адыйшоўшыся, маліўся, гаворачы тое-ж слова.
 
І зноў адышоўшы маліўся, сказаўшы тое самае слова.

І, вярнуўшыся, знайшоў іх ізноў сплючы́; бо во́чы ў іх абцяжэлі, і ня ве́далі, што адказваць Яму.
 
І вярнуўшыся, зноў знайшоў, што яны сьпяць: бо ў іх вочы ацяжэлі; і яны ня ведалі, што яму адказаць.

І прыходзіць трэці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце? Годзе! Настаў час! Вось прадае́цца Сын Чалаве́чы ў рукі грэшнікаў.
 
І прыходзіць трэйці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіце і спачываеце? годзе; настала гадзіна; вось, аддаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікам;

Уставайце! Хадзем! Вось падыходзіць той, што прадае́ Мяне́.
 
устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто выдае Мяне.

І ўраз жа, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, а з ім вялікая грамада з мяча́мі ды кала́мі ад архірэяў і кніжнікаў і старшых.
 
І адразу, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і кніжнікаў і старэйшын.

І той, што прадаваў Яго, даў ім знак, сказаўшы: каго я пацалую, Той і ёсьць; бярэце Яго й вядзе́це асьцярожна.
 
А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць; вазьмеце Яго, і вядзеце пільна.

І, прыйшоўшы, за́раз жа падыйшоў да Яго ды кажа: Равві! Равві! і пацалаваў Яго.
 
І прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равьві, Равьві! І пацалаваў Яго.

А яны ўзлажылі рукі свае́ на Яго і ўзялі Яго.
 
А яны ўсклалі на Яго рукі свае і ўзялі Яго.

Адзін жа із стаяўшых ля Яго, выхапіўшы ме́ч, удэрыў слугу архірэявага ды адсе́к яму вуха.
 
А адзін з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму вуха.

І, азваўшыся, Ісус сказаў ім: быццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі й кала́мі, каб схапіць Мяне́.
 
Тады Ісус сказаў ім: як на грабежніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне;

Што-дзе́нь быў Я з вамі ў царкве́, навуча́ючы, і вы ня бралі Мяне́; але няхай збудзецца, што напісана.
 
кожны дзень бываў Я з вамі ў храме і вучыў, і вы не ўзялі мяне; але хай збудуцца Пісаньні.

І ўсе́, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
 
Тады, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.

І пайшоў за Ім адзін дзяцюк, што быў накінуўшы на сябе́ лёгкую тканіну на голае це́ла; і жаўне́ры схапілі Яго.
 
Адзін хлопец, захінуўшыся па голым целе пакрывалам, ішоў сьледам за Ім; і воіны схапілі яго.

Але ён, пакінуўшы тканіну, голы ўцёк ад іх.
 
Але ён, пакінуўшы пакрывала, голы ўцёк ад іх.

І прывялі Ісуса да архірэя; і сабраліся да яго ўсе́ архірэі і старшы́ны і кніжнікі.
 
І прывялі Ісуса да першасьвятара; і сабраліся да яго ўсе першасьвятары і старэйшыны і кніжнікі.

Пётр жа здалёк ішоў за Ім ажно ў сярэдзіну на падворак архірэяў; і сядзе́ў з слугамі і грэўся ля вагня.
 
Пётр зводдаль ішоў сьледам за Ім, нават усярэдзіну двара першасьвятаровага; і сядзеў са службітамі, і грэўся каля вагню.

Архірэі-ж і ўве́сь сынэдрыон шукалі сьвядоцтва проці Ісуса, каб аддаць Яго на сьме́рць: і не знаходзілі.
 
А першасьвятары і ўвесь сінэдрыён шукалі сьведчаньня на Ісуса, каб аддаць Яго сьмерці, і не знаходзілі,

Бо шмат хто сьве́дчыў ілжыва проці Яго, але нязгодныя былі між сабою сьвядоцтвы іхнія.
 
Бо многія сьведчылі ілжыва на Яго, але сьведчаньні гэтыя ня былі дастатковыя.

І некаторыя, падняўшыся, сьве́дчылі проці Яго ілжыва, кажучы:
 
І некаторыя, устаўшы, сьведчылі ілжыва супроць яго; казалі:

Мы чулі, як Ён казаў: Я зруйную гэтую царкву́, збудаваную рукамі, і цераз тры дні збудую другую, нерукатворную.
 
мы чулі, як Ён казаў: «Я разбуру храм гэты рукатворны і праз тры дні ўзьвяду другі, нерукатворны».

Але і іхнія сьвядоцтвы ня зыходзіліся.
 
Але і такое сьведчаньне іхняе ня было дастатковае.

Тады ўстаў архірэй пасярэдзіне ды спытаўся ў Ісуса: Нічога не адказваеш? Што́ яны проці Цябе́ сьве́дчаць?
 
Тады першасьвятар стаў пасярэдзіне і спытаўся ў Ісуса: што Ты нічога не адказваеш? што яны супроць Цябе сьведчаць?

Але Ён маўчаў і не адказваў нічога. Ізноў архірэй спытаўся ў Яго, кажучы Яму: Ці Ты — Хрыстос, Сын Бога Багасла́ўленага?
 
Але Ён маўчаў і не адказваў нічога. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і сказаў Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?

Ісус адказаў: гэта Я; і вы ўбачыце Сына Чалаве́чага, сядзючы́ направа ад сілы й ідучы́ на хмарах нябе́сных.
 
Ісус сказаў: Я; і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.

Тады архірэй, разьдзёршы вопраткі свае́, сказаў: на што нам яшчэ сьве́дкі?
 
Тады першасьвятар, разадраўшы адзеньне сваё, сказаў: навошта нам яшчэ сьведкі?

Вы чулі хулу́? Як вам здае́цца? Тыя-ж усе́ прысудзілі, што варт сьме́рці.
 
вы чулі блюзьнерства; як вам здаецца? А яны ўсе прызналі Яго вінаватым да сьмерці.

І пачалі іншыя плява́ць на Яго і, закрываючы Яму аблічча, біць Яго ды гаварыць Яму: прароч! І слугі білі Яго па шчо́ках.
 
І некаторыя пачалі пляваць на Яго і, закрываючы твар Яму, біць Яго і казаць Яму: прароч. І слугі білі Яго па шчоках.

І, калі Пётр быў на дварэ, унізе, прыйшла адна з дяўчатак архірэйскіх
 
Калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прыйшла адна служанка першасьвятаровая

і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, прыгле́дзіўшыся да яго, сказала: і ты быў з Ісусам Назаранінам.
 
і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, і ўгледзеўшы яго, сказала: і ты быў зь Ісусам Назаранінам.

Але ён адрокся, кажучы: ня ве́даю і не разуме́ю, што гаворыш. І выйшаў на пярэдні падворак; і прапяяў пе́вень.
 
Але ён адрокся, сказаўшы: ня ведаю і не разумею, што ты кажаш. І выйшаў на пярэдні двор; і засьпяваў певень.

Дзяўчынка-ж, ізноў убачыўшы яго, пачала казаць стаяўшым навакол: гэты із іх.
 
Служанка, убачыўшы яго зноў, пачала казаць тым, што стаялі тут: гэты зь іх.

Ён жа ізноў адрокся. І, крыху счакаўшы, стаяўшыя наўкола ізноў пачалі гаварыць Пятру: праўда, што ты із іх: бо ты і галіле́янін, і гутарка твая падобная.
 
Ён зноў адрокся. Крыху пазьней тыя, што стаялі тут, зноў пачалі гаварыць Пятру: і праўда, ты зь іх; бо ты Галілеянін, і гаворка твая падобная.

А ён пачаў кля́сьціся ды прысяга́цца: ня ве́даю чалаве́ка гэнага, аб якім гаворыце.
 
А ён пачаў прысягаць і бажыцца: ня ведаю Чалавека гэтага, пра Якога кажаце.

Тады другі раз прапяяў пе́вень. І прыпомніў Пётр слова, што сказаў яму Ісус: пе́рш, чым пе́вень двойчы прапяе́, тры разы адрачэшся ад Мяне́. І пачаў плакаць.
 
Тады певень засьпяваў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, сказанае яму Ісусам: «перш чым певень засьпявае двойчы, тройчы адрачэшся ад Мяне». І заплакаў.