Марка 16 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

А як мінула сыбота, Марыя Магдалена й Марыя Якубава і Салёмэя купілі ароматаў, каб пайсьці намасьціць Езуса.
 
І калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якава, і Саламея, купілі духмянасцяў, каб прыйшоўшы памазаць Яго.

І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да гробу пры ўсходзе сонца.
 
І вельмі рана, ў першы дзень тыдня, прыходзяць яны да магілы, калі ўзыходзіла сонца.

І гутарылі між сабою: Хто нам адваліць камень ад уваходу ў гроб?
 
І казалі між сабою: «Хто адваліць нам камень ад уваходу ў магілу?»

А глянуўшы, бачаць камень адвалены быў бо ён надта вялізны.
 
Ды паглядзеўшы ўбачалі, што камень, які быў вельмі вялікі адвалены. А стражнікі, што стяраглі магілу, нібыта мёртвыя.

І ўвайшоўшы ў гробніцу, ўвідзелі юнака, сядзячага праваруч, адзетага ў белае акрыцьцё, і ўжахнуліся.
 
І на камяні, праваруч ад магілы, сядзіць юнак у белым адзенні, і спалохаліся жанчыны.

Ён-жа ім кажа: Ня бойцеся, шукаеце Езуса Назарэнскага, Укрыжаванага, ён устаў, ня-ма яго тут. Вось месца, дзе яго былі палажылі.
 
А Ён і кажа ім: «Не бойцеся! Ісуса вы шукаеце, Назараніна распятага? Ён уваскрос, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго.

Але йдзеце, скажэце вучням ягоным і Пятру, што йдзе перад вамі ў Галілею; там яго ўбачыце, як сказаў вам.
 
Але ідзіце, абвясціце Яго вучням і Пётру, што Ён ідзе паперадзе вас у Галілею; там Яго ўбачыце, як вам кажу цяпер».

І яны выйшаўшы, пабеглі ад гробу, напала бо на іх дрыгата й трывога; і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
 
І выйшаўшы, пабеглі яны, ва ўзрушанні і хваляванні ад магілы, каб абвясціць аб адбыўшымся.

Згробуўстаўшы ж раненька ў першы дзень тыдня, сьпярша зявіўся Марыі Магдалене, з якое выгнаў быў сем дэманаў.
 
Пасля ўваскрасення, рана ў першы дзень тыдня, Ён з’явіўся спярша Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў.

Яна пайшоўшы, паведаміла тых, што з ім былі, сумных і плачучых.
 
Яна пайшоўшы, абвясціла тым, хто бываў з Ім, а цяпер сумавалі і плакалі;

А яны, пачуўшы, што жыве ды быў ёю бачаны, не паверылі.
 
І тыя пачуўшы, што Ён жыве і што яна бачыла Яго, — не паверылі.

Пасьля ж гэтага паказаўся ў іншым выглядзе двум з іх ідучым у сялібу.
 
Пасля ж гэтага паказаўся Ён двум з іх у іншым выглядзе дарогаю, калі яны ішлі ў вёску;

І тыя, прыйшоўшы, паведамілі другіх; дый ім не паверылі.
 
А тыя, пайшоўшы, абвясцілі астатнім, але і ім не паверылі.

Урэшце зявіўся самым адзінаццацём, за сталом сядзеўшым, і выгаварваў ім няверлівасьць іх ды закамянеласьць сэрца, што ня верылі бачыўшым яго, згробуўстаўшага.
 
Пазней [жа] паказаўся Ён і самім Адзінаццаці, калі яны ўзлягалі [на вячэры] і дакараў за нявер’е іх, і жорсткасьць сэрца, за тое, што бачыўшым Яго ўваскрослым, не паверылі.

І сказаў ім: Ідучы на ўвесь сьвет абвяшчайце эванэлію ўсяму стварэнню.
 
І сказаў ім: «Ідзіце па ўсім свеце, абвяшчайце Дабравесце кожнаму стварэнню.

Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлёны; а хто ня ўверыць, будзе асуджаны.
 
Хто ўверуе і ахрысціцца — будзе выратаваны, а хто не ўверуе — будзе асуджаны.

А за тымі, што ўвераць, ісьцімуць гэткія знакі: У імя маё дэманаў выганяцімуць, новымі мовамі гаварыцімуць;
 
Адзнакаю ж тых, хто ўверуюць, будзе такое: Маім Імём будуць яны выганяць дэманаў, будуць гаварыць новымі мовамі,

змяёў будуць браць і хоць-бы што сьмяротлівае пілі не пашкодзіць ім; на хворых рукі ўзложаць і добра мецімуцца.
 
будзе ў іх руках улада над смяротнымі гадамі, і ўсімі ворагамі чалавека, і нішто ліхое не пашкодзіць ім, а на хворых яны ўскладуць рукі для вылечвання іх».

І так Усеспадар Езус, пасьля таго, як гаварыў да іх, узяты ёсьць у неба й сядзе праваруч Бога.
 
І вось, пасля размовы, адыйшоў Ён ад іх, і пачаў узносіцца ўвысь да Айца Свайго.

А яны, выйшаўшы, прапаведвалі ўсюды, а Госпад памагаў ім і ўцьвярджаў мову знакамі, йдучымі ўсьлед за імі.
 
А тыя, выйшаўшы, абвяшчалі ўсюды аб тым, і Ён дапамагаў ім, і словы іх Ён засведчваў услед знаменнямі!