Марка 11 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

І калі наблізіліся яны да Ерузаліма, да Бэтфагэ і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ісус пасылае двух з вучняў Сваіх
 
І калі наблізіся яны да Ерусаліма, да Вітфагіі і Віфаніі, што на Аліунай гарэ, Ён пасылае двух Сваіх вучняў

і гаворыць ім: «Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і пры ўваходзе ў яе зараз знойдзеце асляня прывязанае, на якім яшчэ ніхто з людзей не ездзіў. Адвяжыце яго і прывядзіце.
 
і кажа ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі, і адразу, увайшоўшы ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое яшчэ ніхто з людзей не садзіўся; адвяжыце яго і прывядзіце.

І калі б вас хто спытаўся: “Што вы робіце?”, скажыце: “Госпад яго патрабуе”, і адразу ж адашле яго сюды».
 
І калі хто вам скажа: «Што гэта вы робіце?», скажьце: «Яно патрэбна Госпаду, і Ён адразу яго адашле зноў сюды».

Пайшлі тады і знайшлі асляня пры варотах звонку, на скрыжаванні, і адвязалі яго.
 
І яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае да варот знадворку на вуліцы, і пачалі адвязваць яго.

Некаторыя з там стаяўшых казалі ім: «Што робіце? Чаму адвязваеце асляня?»
 
І некаторыя з тых, што там стаялі, казалі ім: «Што вы робіце, адвязваючы асляня?»

А яны адказалі ім, як сказаў Ісус; і адпусцілі іх.
 
Яны ж адказалі ім так, як навучыў Ісус, і тыя адпусцілі іх.

І прывялі асляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзенне сваё; і Ён сеў на яго.
 
І прыводзяць асляня да Ісуса, і кладуць на яго сваю вопратку, і Ён сеў на яго.

І многія клалі на дарозе сваё адзенне, а іншыя вецце, якое рэзалі з дрэваў, кідалі на дарогу.
 
І многія пасцілалі сваю вопратку на дарогу, а іншыя — галінкі, зрэзаўшы іх у палях.

І тыя, што ішлі наперадзе і што ішлі за Ім, крычалі: «Гасана! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада!
 
І тыя, што шлі перад Ім, і ўслед за Ім, усклікалі: «Асанна! Блаславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!

Дабраславёна Валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць у імя Госпада! Гасана на вышынях!»
 
Блаславёнае царства, што надыходзіць! Асанна ў вышынях Сыну Давідаву!»

І ўвайшоў Ісус у Ерузалім і у святыню; і, агледзеўшы ўсё, бо ўжо была вячэрняя пара, з дванаццаццю выйшаў у Бэтанію.
 
І Ён увайшоў у Ерусалім, у храм, і агледзеўшы ўсё, — час быў ужо позні — выйшаў у Віфанію з Дванаццаццю.

І назаўтра, калі выходзіў з Бэтаніі, адчуў голад.
 
І на другі дзень, калі выйшлі яны з Віфаніі, Ён прагаладаўся.

І, калі здалёк убачыў дрэва фігавае, пакрытае лістотаю, падышоў, ці не знойдзе што на ім. І, калі падышоў да дрэва, нічога, акрамя лістоты, не знайшоў, бо не была пара на фігі.
 
І ўбачыўшы здалёку фігавае дрэва, на якім было лісце, падышоў: ці не знойдзе чаго на ім, і прыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, толькі лісце, бо не была пара фігаў.

І, звяртаючыся да дрэва, сказаў: «Няхай ужо ніколі не есць з цябе ніхто пладоў». І чулі гэта вучні Яго.
 
І азваўшыся, Ён сказаў яму: «Няхай больш павек ніхто не есць ад цябе плоду!» І чулі гэта Яго вучні.

І прыходзіць у Ерузалім. Ісус, калі ўвайшоў у святыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у святыні, і сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.
 
І прыходзяць яны ў Ерусалім. І ўвайшоўшы ў храм, пачаў Ён выганяць гандляроў і скупшчакоў, і абярнуў сталы грашавых мянял, і прадаўцоў галубоў.

Ды не дазволіў, каб якую рэч пераносілі праз святыню.
 
І не дазваляў, каб хто якое начынне праносіў праз святыню.

І навучаў іх, кажучы: «Няўжо не напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
 
І навучаў Ён, і казаў ім: «Хіба не напісана: «Мой дом домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў»? Вы ж зрабілі яго «прытонам зладзеяў».

Пачуўшы гэта, першасвятары і кніжнікі шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, паколькі ўсе людзі захапляліся Яго навукаю.
 
І пачулі гэта першасвятары і кніжнікі, і абдумвалі, як бы Яго загубіць, бо яны баяліся Яго, так як увесь натоўп дзівіўся Яго навуцы.

А калі звечарэла, выйшлі з горада.
 
І калі надышоў вечар, яны выйшлі за горад.

І, калі праходзілі раніцай, убачылі дрэва фігавае ссохлым ад карэнняў.
 
І праходзячы ўранні, убачылі, што фігавае дрэва засохла ад кораня.

Ды, прыпомніўшы, Пётра кажа Яму: «Рабі, вось, фігавае дрэва, што Ты пракляў, ссохла».
 
І ўспомніўшы, Пётра кажа Яму: «Настаўнік, зірні, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла».

І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Майце веру Божую!
 
І ў адказ Ісус кажа ім: «Майце веру ў Бога.

Сапраўды кажу вам: каб хто сказаў гэтай гары: “Падыміся і кінься ў мора”, і не сумняваўся ў сэрцы сваім, але верыў, што станецца, як скажа, станецца яму.
 
Папраўдзе кажу вам: Хто скажа гэтай гары: "Сыйдзі і кінься ў мора" і не ўсумніцца ў сваім сэрцы, але будзе верыць, што спраўдзіцца гэта, — тое будзе яму.

Таму кажу вам: усё, пра што ў малітве просіце, верце, што атрымаеце, і будзе вам.
 
Таму кажу вам: аб чым вы моліцеся і просіце, з верай, тое атрымаеце, — і будзе вам.

І калі становіцеся маліцца, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, дараваў вам грахі вашы.
 
І калі вы маліцеся, даруйце, як што маеце супроць каго, каб і вам ваш Айцец Нябесны, дараваў вашы правіны.

Калі ж вы не даруеце, то і Айцец ваш, Які ў небе, не даруе вам грахоў вашых
 
[Калі ж вы не даруеце, то і ваш Бацька, Які ў нябёсах, не даруе вашых правінаў.]»

І зноў прыходзяць у Ерузалім. І калі Ісус хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны
 
І прыходзяць яны зноў у Ерусалім. І калі Ён наведаў храм, падыходзяць да Яго першасвятары і кніжнікі, і старэйшыны.

і казалі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? Ды хто Табе даў такую ўладу, каб Ты гэта рабіў?»
 
І казалі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? Або хто даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?»

А Ісус гаворыць ім: «І Я ў вас запытаюся адно слова, адкажыце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладай Я гэта раблю.
 
Ісус жа сказаў ім: «Спытаюся ў вас аб адным і адкажыце мне, тады і Я паведамлю вам, якою ўладаю раблю гэта;

Хрост Яна з неба быў ці ад людзей? Адкажыце Мне».
 
Іанава хрышчэнне было з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне».

Яны разважалі між сабой, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, Ён скажа нам: “Дык чаму тады не паверылі яму?”»
 
І разважалі яны паміж сабою: Калі мы скажам: «З неба», Ён скажа: «Чаму ж вы не паверылі яму?»

А калі сказаць: “Ад людзей”, баяліся народа, бо ўсе лічылі Яна за праўдзівага прарока.
 
А калі скажам: «Ад людзей», дык натоўп паб’е нас. Бо ўпеўнены быў, што Іаан прарок, і баяліся сказаць так.

І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Не ведаем». А Ісус гаворыць ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю».
 
І ў адказ яны кажуць Ісусу: «Не ведаем», а Ісус кажа ім: «І Я не скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю».