Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет
І, выйшаўшы адтуль, Ісус прышоў у Сваю бацькаўшчыну; вучні Яго ішлі за Ім.
І вярнуўся Ён у айчыну Сваю, і прыйшлі ўслед за Ім вучні Яго.
І, калі прыйшла субота, пачаў вучыць у сінагозе. І многія, слухаючы, здзіўляліся, кажучы: «Скуль жа гэта ўсё ў Яго? І што гэта за мудрасць, дадзеная Яму, ды цуды такія, што дзейнічаюць праз Яго рукі?
А ў суботу пачаў Ён вучыць у сінагозе, і многія слухачы ўзрушыліся, кажучы: «Адкуль у Яго гэта? І што за мудрасць дадзена Яму? І такія цуды творацца Яго рукамі?
Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, ці не брат Якуба і Язэта, Юды і Сімона? Ці ж і Яго сёстры не тут з намі?» І горшыліся з Яго.
Ці ні Ён сын цесляра, і сын Марыі, што тут, і братоў Якава, Іасіта, Юды, і Сімана, што тут таксама? І ці не Яго сёстры між намі?» І яны засумняваліся ў Ім.
І гаварыў ім Ісус: «Няма прарока без пашаны, акрамя як у сваёй бацькаўшчыне, ды ў сваіх родных, ды ў доме сваім».
І казаў ім Ісус: «Няма прарокаў без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў родных сваіх, і ў доме сваім».
І не мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькі хворых аздаравіў, усклаўшы рукі на іх.
І не мог Ён зрабіць там ніводнага цуду, толькі няшмат хворых, усклаўшы рукі, вылечыў.
І дзівіўся з іх недаверства. І хадзіў па ваколічных вёсках, навучаючы.
Бо здзівіўся іх няверыю. І абыходзіў Ён навакольныя сёлы, навучаючы.
І паклікаў дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даваў ім уладу над нячыстымі духамі,
І заклікаўшы Дванаццаць вучняў, пачаў Ён пасылаць іх па двух і даваў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх.
і загадаў ім, каб не бралі нічога ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,
І наказаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апрача аднаго кія, — ні хлеба, ні торбы, ні медзякоў у пояс,
каб толькі ў пасталы абуваліся і не апраналі дзвюх вопратак.
але каб абуліся ў сандалі і не надзявалі двух убранняў.
Ды казаў ім: «Дзе зойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль не сыдзеце адтуль.
І казаў ім: «Дзе б вы ні ўвайшлі ў дом, там заставайцесь, пакуль не выйдзеце адтуль.
А калі ў якім месцы вас не прымуць і не будуць слухаць, выходзячы, абтрасіце пыл з вашых ног на сведчанне ім. Сапраўды, кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суда, чым гораду гэтаму.»
І калі якое месца не прыме вас, і не паслухаюць вас, — выходзячы адтуль, абтрасіце зямлю з-пад сваіх ног у сведчанне ім».
І яны, выйшаўшы, прапаведавалі і заклікалі да навяртання,
І выйшаўшы, яны багавяшчалі, каб яны каяліся.
ды многа дэманаў выганялі, і многіх нямоглых намашчалі алеем і аздараўлялі.
І шмат дэманаў выгналі, і шмат занядужаных мазалі алеем і вылечвалі.
І дачуўся цар Ірад, бо імя Яго сталася вядомым. І сказаў: «Ян Хрысціцель уваскрос з мёртвых, і таму многа цудаў ён творыць».
І дачуўся цар Ірад (аб Ім), бо Яго імя зрабілася вядомым, і казаў: «Іаан Хрысціцель устаў з мёртвых і таму жыватворныя сілы дзейнічаюць у Ім».
Другія ж казалі: «Гэта Ілля». Яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок або як адзін з прарокаў».
Іншыя ж казалі: «Гэта Ільля», або: «Прарок, мабыць, адзін з прарокаў».
Пачуўшы гэта, Ірад гаварыў: «Гэта Ян, якому я адсёк галаву, ён уваскрос з мёртвых».
А Ірад, пачуўшы, сцвярджаў: «Гэта Іаан, якога я абезгаловіў, уваскрос».
Бо сам Ірад паслаў і схапіў Яна, і звязаў яго ў вязніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго, бо ўзяў яе за жонку.
І было так, дзеля Ірадыяды, жонкі свайго брата, што жаніўся з ёю, паслаў ён схапіць Іаана і закаваў у цямніцу.
Бо Ян казаў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго».
Таму, што казаў Іаан: «Нельга табе мець жонку брата свайго!»
А Ірадыяда злавалася на яго і хацела яго забіць, але не магла,
Ірадыяда ж затаіла злосць на яго і захацела яго забіць, ды не магла;
бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і вартаваў яго ды шмат дзівіўся, слухаючы яго, і ахвотна яго слухаў.
Бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і абараняў яго, і слухаючы яго моцна трывожыўся, аднак ахвотна слухаў яго.
І надышоў зручны дзень, і калі з нагоды свайго нараджэння Ірад справіў баль для князёў сваіх, трыбунаў і старэйшын галілейскіх,
І надышоў зручны дзень, калі Ірад у дзень свайго нараджэння, справіў банкет для сваіх вяльможаў, і тысячаначальнікаў, і саноўных людзей Галілеі.
і калі дачка самой Ірадыяды з’явілася і скакала, то спадабалася Іраду і тым, што разам узлягалі. І гаворыць цар дзяўчыне: «Прасі мяне, што хочаш, і я дам табе».
І калі ўвайшла дачка, тае Ірадыяды і станцавала: дагадзіла яна Іраду і яго стольнікам. Сказаў цар двяўчыне: «Прасі ў мяне, што хочаш і дам табе».
І прысягнуў ёй моцна: «Пра што будзеш прасіць, дам табе, хоць бы да паловы царства майго».
І [моцна] пакляўся ёй. «Чаго ў мяне ні папросіш, дам табе аж да палавіны таго, што маю».
Яна ж, як выйшла, сказала маці сваёй: «Чаго мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысціцеля».
І выйшаўшы яна сказала сваёй маці: «Што папрасіць?» І тая сказала: «галаву Іаана Хрысціцеля».
І калі яна адразу таропка ўвайшла да цара, то папрасіла, кажучы: «Хачу, каб зараз даў ты мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля».
І ўвайшоўшы адразу з паспешлівасцю да цара, папрасіла, кажучы: «Хачу, каб ты зараз жа даў мне на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля».
І засмуткаваў цар, але дзеля прысягі ды дзеля ўзлягаўшых з ім не захацеў ёй адмаўляць,
І вельмі засмуціўся цар, ды дзеля клятвы і застольнікаў не захацеў адмовіць ёй;
і, адразу паслаўшы ката, цар загадаў прынесці галаву яго. І кат пайшоў, і адсёк галаву яму ў вязніцы,
І адразу паслаўшы ка́та, цар загадаў прынесці яго галаву. І той пайшоўшы, абезгаловіў яго ў цямніцы.
і прынёс галаву яго на блюдзе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе сваёй маці.
І прынёс яго галаву на талерцы, даў дзяўчаці, і дзяўчына дала яе сваёй маці.
Пачуўшы пра гэта, вучні яго прыйшлі, і забралі цела яго, і паклалі яго ў магіле.
Вучні ж яго, даведаўшыся пра ўсё, прыйшлі і забралі яго астанкі, і паклалі ў магілу.
І, сышоўшыся да Ісуса, Апосталы паведамілі Яму пра ўсё, што рабілі і чаму вучылі.
І збіраюцца апосталы да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі.
І Ён гаворыць ім: «Ідзіце вы адны ў пустыннае месца ды адпачніце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесці не мелі часу.
І казаў Ён ім: «Шмат прыходзіла і адыходзіла народу, нават паесці яны не мелі часу. Адпусціце іх і самі пайдзіце ў бязлюднае месца, і адпачніце крыху».
І яны ў лодцы адплылі на бязлюднае месца адны.
І паплылі ў пустыннае месца ў чоўне адны.
Але многія бачылі іх, як адплывалі, і пазналі куды, і збегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зышліся да Яго.
І ўбачылі іх, калі яны адплывалі, і пазналі многія, і пяшком пабеглі з многіх гарадоў туды, і апярэдзілі іх.
І, выйшаўшы на бераг, Ісус убачыў вялікі натоўп людзей, і пашкадаваў іх, бо былі, як авечкі, што не маюць пастыра, і пачаў іх вучыць многа.
І выйшаўшы, Ён убачыў вялікі натоўп і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі, што не маюць пастуха, і пачаў іх многаму навучаць.
І, калі мінула шмат часу, прыйшлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Тут пустыннае месца, а час ужо позні,
І калі ўжо надышоў позні час, падышлі да Яго вучні, кажучы: «Месца гэта бязлюднае, а ўжо час позні;
адпусці іх, каб пайшлі да бліжэйшых сёлаў і вёсак ды купілі хлеба, бо не маюць чаго есці».
Адпусці іх, каб пайшоўшы у навакольныя вёскі і сёлы, купілі сабе што паесці».
Адказваючы, гаворыць ім Ісус: «Вы дайце ім есці». Яны кажуць: «Няўжо маем ісці, і купіць за дзвесце дынараў хлеба, і даць ім есці?»
Ён жа ў адказ ім казаў: «Дайце ім вы есці». І яны выказалі прапанову: «Ды не пайсці нам купіць хлеба дынарыяў на дзвесце і даць ім есці?»
І кажа Ён ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» І, калі праверылі, кажуць: «Пяць і дзве рыбы».
Ён жа кажа ім: «Колькі хлябоў маеце? Ідзіце, паглядзіце». І ўдакладніўшы яны кажуць: «Пяць хлябоў і дзве рыбы».
Дык загадаў ім, каб пасадзілі ўсіх на зялёнай траве гуртамі.
Тады загадаў ім ўзлегчы ўсім па групах на зялёнай траве.
І паселі, гурт за гуртам, па сто і па пяцьдзясят.
І ўзляглі яны, грамада за грамадою, па ста і па пяцідзесяці.
І Ісус, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуў у неба, дабраславіў, і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб падавалі людзям. І дзве рыбы раздзяліў на ўсіх.
І узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, Ён, гледзячы на неба, блаславіў і паламаў хлябы, і даваў [Сваім] вучням, каб яны раздалі ім, і дзве рыбы раздзяліў на ўсіх.
І ўсе елі, і насыціліся,
І елі ўсе, і наеліся.
і з астаткаў сабралі дванаццаць поўных кашоў і рэшткі рыбы.
І кавалкаў назбіралі дванаццаць поўных кошыкаў, і рэшткі ад рыбы.
А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын.
І было едакоў пяць тысяч мужчын, апрача жанчын і дзяцей.
І зараз змусіў Ён вучняў Сваіх сесці ў лодку, каб яны выправіліся ўперад на другі бок ў Бэтсайду, пакуль Ён адпусціць людзей.
І адразу загадаў Ён Сваім вучням увайсці ў човен і пераплыць на другі бок да Віфсаіды, раней за Яго, пакуль Ён адпускае натоўп.
І, адпусціўшы іх, Сам пайшоў на гару маліцца.
І развітаўшыся з імі, пайшоў на гару памаліцца.
І, калі звечарэла, лодка была на сярэдзіне мора, Ён жа адзін на зямлі.
І калі надышоў вечар, човен быў пасярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.
І, бачачы іх, як страцілі сілы, бо дзьмуў супраціўны ім вецер, каля чацвёртай начной варты прыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх.
І вецер быў моцны супроць іх, і надрываліся яны вяслуючы, і тут, пры змене чацвёртых стражнікаў уночы, заўважылі, як Ён параўноўваецца з імі, ідучы па моры.
Але яны, убачыўшы, што Ён ідзе па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.
Яны ж убачыўшы як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі;
Бо ўсе бачылі Яго і ўстрывожыліся. Ён зараз жа загаварыў з імі ды кажа ім: «Супакойцеся, гэта Я, не бойцеся!»
Ўсе хто бачылі Яго ўстрывожыліся, Ён жа адразу адазваўся, мовіўшы: «Супакойцеся, гэта Я, не бойцеся».
І ўвайшоў у лодку да іх, і вецер сціх. Ды тым болей яны дзівіліся ў сабе,
І ступіў да іх у човен, і вецер суняўся. І яны моцна ўразіліся;
бо нічога не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іх зачарсцвела.
Бо не ўразумелі яны (цуда) з хлябамі, сэрца ж іх было знявераным.
І, калі даплылі да зямлі, дасягнулі Генезарэта, і прысталі да берага.
І пераправіўшыся, прыплылі яны ў зямлю Геннісарэт, і прычалілі.
І, ледзь выйшлі яны з лодкі, адразу пазналі Яго людзі,
І калі яны выйшлі з чоўна, людзі адразу пазналі Яго.
і, разбегшыся па ўсёй той ваколіцы, пачалі на лежаках зносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён.
Аббеглі ўсю тую краіну і пачалі на посцілках прыносіць нядужых туды, дзе чулі, што Ён ёсць.
І, калі ўваходзіў у селішча, або горад, або вёску, клалі перад Ім хворых на вуліцах і прасілі Яго, каб хоць да краю Яго адзення дакрануцца, і, колькі з іх дакраналіся да Яго, аздараўляліся.
І куды б Ён ні ўваходзіў у сёлы, ці ў гарады, ці ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім хоць бы да краю Яго вопраткі дакрануцца; і хто б ні дакрануўся да Яго, вылечваўся.