Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

І казаў ім: «Сапраўды кажу вам: некаторыя, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, перш чым не ўбачаць, як Валадарства Божае прыйшло ў магутнасці».
 
І Ён казаў ім: «Папраўдзе кажу вам: некаторыя з тых, што стаяць тут, не зазнаюць смерці, аж пакуль не ўбачаць, як прыходзіць у моцы Царства Божае».

І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пётру, і Якуба, і Яна і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.
 
І праз шэсць дзён бярэ Ісус Пётру, і Якава, і Іаана, і ўзводзіць асобна іх адных на высокую гару. І пераўасобіўся Ён перад імі.

Адзенне Яго заззяла і стала белым, як снег, як на зямлі бялільшчык выбеліць не зможа.
 
І Яго адзенне зрабілася ззяючае, незвычайна белае, што бялільшчык на зямлі не можа так выбеліць.

І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і гаварылі з Ісусам.
 
І з’явіўся Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Ісусам.

І, кажучы, гаворыць Пётра Ісусу: «Рабі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Іллі адну».
 
І азваўшыся, Пётра кажа Ісусу: «Равві, добра тут быць, і зробім тры шатры, Табе адзін, і Майсею адзін, і Іллі адзін.»

Бо сам не ведаў, што гаворыць, бо надта былі спалоханы.
 
Бо не ведаў ён, што сказаць, бо былі яны перапалоханыя ўсе.

І з’явілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»
 
І паўстала хмара, якая пакрыла іх, і пачуўся голас з хмары: «Гэта Мой Сын улюбёны, слухайце Яго!»

І яны, зараз жа паглядзеўшы навокал, апрача Ісуса, нікога больш не ўбачылі каля сябе.
 
І раптам, аглядзеўшыся навокал, яны ўжо нікога не убачылі, толькі аднаго Ісуса з сабою.

І, калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім Ён, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
 
І калі спускаліся з гары, Ён наказаў ім, каб нікому не расказвалі таго, што бачылі, аж пакуль Сын Чалавечы не ўстане з мёртвых.

І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што гэта значыць: «уваскрэснуць з мёртвых».
 
І трымалі яны гэтае слова, разважаючы між сабою, што значыць «устаць з мёртвых».

Дык пыталі Ісуса: «Чаму гэта кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Ілля?»
 
І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля павінен спярша прыйсці?»

А Ён гаворыць ім: «Ілля, калі прыйдзе перш, направіць усё; і, як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець, і будзе пагарджаны.
 
А Ён сказаў ім: «Ілля, сапраўды, прыйшоўшы спярша, адновіць усё; а як жа напісана пра Сына Чалавечага? — шмат Яму належыць выцерпець і быць зняважаным, і пакутаваць ад іх.

Але Я вам кажу: і Ілля прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана».
 
Яшчэ раз кажу, што Ілля прыйшоў, ды не прызналі яго, і зраблі з ім, што хацелі, як і напісана пра яго.»

І, вяртаючыся да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
 
А прыйшоўшы да вучняў, убачыў вялікі натоўп навокал іх, ды кніжнікаў, што спрачаліся з імі.

І адразу, ўбачыўшы Ісуса, увесь народ здзівіўся і, падбягаючы, вітаў Яго.
 
І адразу ўвесь натоўп, убачыў Яго, вельмі здзівіўся, і падбягаючы яны віталі Яго.

І спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся між сабой?»
 
І Ён спытаўся ў іх: «Аб чым спрачаецеся з імі?»

І нехта з натоўпу адказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.
 
І папрасіў Яму адзін з натоўпу: «Настаўнік, я прывяду да Цябе майго сына, выратуй яго, бо немач ад дэмана ўвайшла ў яго.

І ён, дзе толькі наваліцца на яго, кідае яго, так што пеніцца ён і скрыгоча зубамі свімі ды пруцянее. Дык прасіў я вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не змаглі».
 
І як ён схопіць яго, кідае яго на зямлю, а сын пену пускае, і скрыгоча зубамі, і карчанее; і я прасіў Тваіх вучнях, каб выгналі яго, ды яны не змаглі».

Ён жа, адказваючы ім, кажа: «О род няверны, як доўга буду Я між вамі? Як доўга буду вас цярпець? Прывядзіце яго да Мяне».
 
А Ён у адказ ім кажа: «Во род няверны, дакуль буду Я з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне.»

І прывялі яго да Яго. І калі ўбачыў Яго, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.
 
І прывялі хлопца да Яго. І дух немачны ўбачыўшы Яго, адразу скруціў цела хворага, і курчылася яно ў сутарзе, упаўшы на зямлю, і кідалася пускаючы пену.

І запытаўся ў бацькі: «Як даўно яму гэта прычынілася?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;
 
Ісус запытаўся ў яго бацькі: «Колькі часу, як гэта здарылася з ім?» Той жа адказаў: «З дзяцінства.

і часта кідаў яго нават у агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі што можаш, ратуй нас, злітуйся над намі».
 
Бо часта дух кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, дапамажы нам, злітаваўшыся над намі.»

А Ісус гаворыць яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць».
 
Ісус сказаў яму: «Няма немагчымага для тых, хто веруе».

Адразу бацька хлопчыка, плачучы, гаварыў уголас: «Веру, Госпадзе, дапамажы майму недавер’ю».
 
Адразу ўсклікнуўшы, хлопцаў бацька казаў: «Верую. Дапамажы маёй веры ўмацавацца».

І, калі Ісус убачыў, што збягаецца натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: «Дух глухі і нямы! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
 
Ісус жа, убачыўшы, што збяраецца натоўп, выняс забарону нячыстаму духу: «Немач злая, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь!»

І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі: «Ён памёр».
 
І ўскрыкнуўшы, і моцна скурчыўшы цела хлопца, дух выйшаў з яго; а хлопец зрабіўся як мёртвы, ды і казалі многія што памёр.

Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
 
Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

І, калі Ён увайшоў у дом, вучні Яго ўжо адзін на адзін пыталіся ў Яго: «Чаму мы не змаглі яго выгнаць?»
 
І калі ўвайшоў Ісус у дом, Яго вучні на адзіноце спыталіся ў Яго: «Чаму не змаглі мы выгнаць яго?»

І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, акрамя як праз [пост і] малітву».
 
І Ён адказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, толькі ад малітвы і пастоў».

І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.
 
І адтуль, выйшаўшы, яны праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб даведаўся хто;

Бо навучаў вучняў Сваіх і казаў ім: «Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго, але, забіты, Ён на трэці дзень ўваскрэсне».
 
Бо Ён навучаў і настаўляў вучняў Сваіх: «Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі чалавечыя, і будзе забіты, і на трэці дзень ўваскрэсне».

Ды яны слоў гэтых не разумелі і баяліся Яго пытацца.
 
Яны не разумелі слоў Яго, а запытаць баяліся.

І прыбылі ў Кафарнаўм. І, калі былі ў доме, спытаў Ён іх: «Аб чым вы ў дарозе разважалі між сабою?»
 
І прышоўшы ў Капернаум. І калі быў дома, Ён спытаўся ў іх: «Што вы дарогаю абмяркоўвалі?»

Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся між сабой, хто з іх большы.
 
Яны ж маўчалі; бо ў дарозе абмяркоўвалі між сабою: хто большы.

І Ісус, сеўшы, паклікаў дванаццаць, і гаворыць ім: «Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх паслугачом».
 
І сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і кажа ім: «Калі хто хоча быць першы, няхай будзе з усіх апошні і слуга ўсіх».

І, узяўшы дзіця, паставіў яго між імі, і прытуліў яго, і сказаў ім:
 
І ўзяўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх, і абняўшы яго, сказаў ім:

«Калі хто ў імя Маё прыме адно з такіх дзяцей, Мяне прымае, а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто Мяне паслаў».
 
«Хто не прыйме адно такое дзеця ў імя Маё, той і Мяне не прыйме; і не Мяне нават, але Таго, Хто паслаў Мяне».

Сказаў Яму Ян: «Настаўнік, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, які не ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць за намі».
 
Адказаў Яму Іаан: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, што Тваім іменем выганяў дэманаў, і забаранялі яму, бо ён не ішоў услед за намі».

Ісус жа гаворыць: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды ў імя Маё, не можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.
 
Ісус жа сказаў: «Не забараняйце яму. Бо няма таго, што зрабіў бы цуд у Маё імя і мог бы неўзабаве кепска казаць пра Мяне.

Бо хто не супраць вас, той за вас.
 
Бо хто не супроць нас, той за нас.

Бо хто падасць вам кубак вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовы, сапраўды кажу вам: не страціць узнагароды сваёй.
 
Бо хто напоіць кубкам вады ў імя Маё, таму што вы Хрыстовы, папраўдзе кажу вам: не страціць ён сваёй узнагароды.

А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі жоран млынавы на шыю яго і кінулі ў мора.
 
А хто ўвядзе ў грэх аднаго з гэтых малых, што веруюць [у Мяне], лепей бы было яму, каб млынавы жарон павесілі яму на шыю і кінулі ў мора.

І, калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве рукі, пайсці ў пекла, у агонь нязгасны,
 
І калі ўводзіць у грэх цябе твая рука, адсячы яе; лепей табе калекім увайсці ў жыццё, чым, дзве рукі меўшы, адысці ў геену, у нязгасны агонь.

дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
 
адсутнічае

І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе кульгаваму ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве нагі, быць укінутым у агонь незгасальны,
 
І калі твая нага ўводзщь у грэх цябе, адсячы яе; лепей табе ўвайсці у жыццё кульгавым, чым, дзве нагі меўшы, быць кінутаму ў геену.

дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
 
адсутнічае

І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсці ў Валадарства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,
 
І калі тваё вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго; лепей табе аднавокім ўвайсці ў Царства Божае, чым, два вокі меўшы, быць укінутаму ў геену,

дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.
 
адсутнічае

Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра соллю пасоліцца.
 
Бо кожны агнём пасоліцца [і кожная ахвяра соллю пасоліцца].

Соль добрая, а калі соль звятрэе, дык чым яе прысаліць? Майце ў сабе соль і мірна жывіце між сабою».
 
Соль — дабро; калі ж соль стане прэснай, як вярнеце ёй сілу? Майце соль у сабе і майце мір між сабою!»