Марка 9 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча
І казаў ім: «Сапраўды кажу вам: некаторыя, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, перш чым не ўбачаць, як Валадарства Божае прыйшло ў магутнасці».
І казаў ім: Сапраўды гавару вам, што ёсьць некаторыя з тых, тут стаячых, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць валадарства Божага, прыходзячага ў моцы.
І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пётру, і Якуба, і Яна і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.
І пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, і Якуба, і Яна ды завёў іх адных на высокую гору асобна. І перамяніўся перад імі.
Адзенне Яго заззяла і стала белым, як снег, як на зямлі бялільшчык выбеліць не зможа.
І зрабілася адзенне ягона яснае ды вельмі белае, бы сьнег, гэтак і бялільшчык на зямлі ня мог-бы выбяліць.
І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і гаварылі з Ісусам.
І з’явіўся ім Гальяш з Майзеем ды вялі гутарку з Езусам.
І, кажучы, гаворыць Пётра Ісусу: «Рабі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Іллі адну».
І азваўшыся Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць! Зрабем тры гасподы: табе адну, і Майзею адну, і Гальяшу адну.
Бо сам не ведаў, што гаворыць, бо надта былі спалоханы.
Ён бо ня ведаў, што казаць, таму што ўзяў іх страх.
І з’явілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»
І паўстаў воблак, які атуліў іх ды выйшаў голас з воблака: Гэта Сын мой, наймілейшы, яго слухайце.
І яны, зараз жа паглядзеўшы навокал, апрача Ісуса, нікога больш не ўбачылі каля сябе.
І зараз, кругом разгледзеўшыся, нікога болей ня ўбачылі, апрача толькі Езуса з сабою.
І, калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім Ён, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
А калі зыйходзілі з гары, загадаў ім, каб нікому не расказвалі, што відзелі, аж пакуль Сын чалавечы не згробуўстане з умерлых.
І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што гэта значыць: «уваскрэснуць з мёртвых».
І затрымалі пры сабе слова, пытаючыся міжсобку, што знача: «Калі ўстане з умерлых»?
Дык пыталі Ісуса: «Чаму гэта кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Ілля?»
Ды ў яго пыталіся, кажучы: Дык чаму-ж кніжнікі й фарызэі кажуць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?
А Ён гаворыць ім: «Ілля, калі прыйдзе перш, направіць усё; і, як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець, і будзе пагарджаны.
Ён-жа ў вадказ ім гавора: Гальяш, прыйшоўшы перш, усё нарыхтуе, як і напісана аб Сыне чалавечым, каб перацерпяў многа ды быў узгарджаны?
Але Я вам кажу: і Ілля прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана».
Адыж кажу вам, што прыйшоў і Гальяш, і зрабілі яму што хацелі, так як напісана аб ім.
І, вяртаючыся да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
І прыйшоўшы да вучняў сваіх, убачыў вялізную грамаду ля іх і кніжнікаў, спорачых з імі.
І адразу, ўбачыўшы Ісуса, увесь народ здзівіўся і, падбягаючы, вітаў Яго.
І адразу ўвесь народ, угледзеўшы Езуса, зумеўся й палахліва падбягаў ды вітаў яго.
І спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся між сабой?»
І спытаўся іх: Аб чым вы спрачаецеся?
І нехта з натоўпу адказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.
І ў адказ адзін з грамады сказаў: Вучыцель, я прывёў к табе майго сына, што мае духа нямога,
І ён, дзе толькі наваліцца на яго, кідае яго, так што пеніцца ён і скрыгоча зубамі свімі ды пруцянее. Дык прасіў я вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не змаглі».
які дзе-б не схапіў яго, б’е аб землю й пеніцца й скрыгоча зубамі ды сохне. Я казаў тваім вучням, каб выгналі яго, ды не маглі.
Ён жа, адказваючы ім, кажа: «О род няверны, як доўга буду Я між вамі? Як доўга буду вас цярпець? Прывядзіце яго да Мяне».
Ён-жа, адказваючы, гавора ім: О родзе няверлівы, дакуль-жа я буду з вамі! Дакуль цярпеціму вас! Прывядзеце яго мне.
І прывялі яго да Яго. І калі ўбачыў Яго, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.
І прывялі яго. А калі ўбачыў яго, зараз-жа дух пачаў ім турзаць і ўпаўшы на землю, качаўся, пенячыся.
І запытаўся ў бацькі: «Як даўно яму гэта прычынілася?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;
І спытаўся ў ягонага бацькі: Колькі часу, як гэта з ім здарылася? Той адказаў: Змалку,
і часта кідаў яго нават у агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі што можаш, ратуй нас, злітуйся над намі».
І часта кідаў яго ў вагонь ды воду, каб яго загубіць; але калі што можаш, памажы нам, зжаліўшыся над намі.
А Ісус гаворыць яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць».
Езус-жа сказаў яму: Калі можаш верыць, дык для веручага ўсё магчыма.
Адразу бацька хлопчыка, плачучы, гаварыў уголас: «Веру, Госпадзе, дапамажы майму недавер’ю».
І адразу загаласіўшы бацька хлопца сказаў із сьлязмі: Веру, памажы, Усеспадару, няверы маёй!
І, калі Ісус убачыў, што збягаецца натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: «Дух глухі і нямы! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
Пабачыўшы-ж Езус, што збягаецца народ, прыгразіў нячыстаму, кажучы яму: Глухі й нямы духу, загадваю табе, выйдзі з яго ды больш не ўваходзь у яго!
І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі: «Ён памёр».
І закрычаўшы ды моцна турзануўшы, вышаў з яго і той стаўся як няжывы, так што многія гаварылі: Памёр.
Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
Езус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
І, калі Ён увайшоў у дом, вучні Яго ўжо адзін на адзін пыталіся ў Яго: «Чаму мы не змаглі яго выгнаць?»
А калі ўвайшоў у дом, вучні ягоны пыталіся яго насамоце: Чаму мы не маглі выгнаць яго?
І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, акрамя як праз [пост і] малітву».
І сказаў ім: Гэты род інакш ня можа выйсьці, як толькі праз пост і маліту.
І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.
А выйшаўшы адтуль, прайходзілі праз Галілею, і ён не хацеў, каб хто ведаў.
Бо навучаў вучняў Сваіх і казаў ім: «Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго, але, забіты, Ён на трэці дзень ўваскрэсне».
Бо навучаў вучняў сваіх і казаў ім: Што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей, і заб’юць яго, а забіты на трэці дзень згробуўстане.
Ды яны слоў гэтых не разумелі і баяліся Яго пытацца.
Але яны не разумелі слова й баяліся ў яго пытацца.
І прыбылі ў Кафарнаўм. І, калі былі ў доме, спытаў Ён іх: «Аб чым вы ў дарозе разважалі між сабою?»
І прыйшлі ў Кафарнаум. А як былі ў доме, спытаўся іх: Аб чым вы ў дарозе гутарылі?
Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся між сабой, хто з іх большы.
Яны-ж маўчалі, ў дарозе бо яны паміж сабою спрачаліся, хто з іх большы.
І Ісус, сеўшы, паклікаў дванаццаць, і гаворыць ім: «Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх паслугачом».
І сеўшы, паклікаў дванаццацёх ды сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх.
І, узяўшы дзіця, паставіў яго між імі, і прытуліў яго, і сказаў ім:
Ды ўзяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і абняўшы яго, сказаў ім:
«Калі хто ў імя Маё прыме адно з такіх дзяцей, Мяне прымае, а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто Мяне паслаў».
Хто прыйме адно з гэтых дзетак у імя маё, мяне прыймае, а хто мяне прыймае, не мяне прыняў, але таго, хто паслаў мяне.
Сказаў Яму Ян: «Настаўнік, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, які не ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць за намі».
Адказаў яму Ян, гаворачы: Вучыцель, мы бачылі нейкага, што ў імя тваё выганяў дзяблаў, ён ня ходзіць за намі й мы яму забаранілі.
Ісус жа гаворыць: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды ў імя Маё, не можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.
Езус-жа сказаў: Не забараняйце яму; няма бо нікога, хто-б дзееў у імя маё цуды і мог-бы зараз дрэнна аба мне гаварыць.
Бо хто не супраць вас, той за вас.
Бо хто ня проціў вас, той за вас.
Бо хто падасць вам кубак вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовы, сапраўды кажу вам: не страціць узнагароды сваёй.
І калі-б хто даў напіцца вам кубак вады ў імя маё затое, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць свае нагароды.
А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі жоран млынавы на шыю яго і кінулі ў мора.
А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, што вераць у мяне, лепш яму было-б каб прывязалі млінавы камень за шыю й кінулі ў мора.
І, калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве рукі, пайсці ў пекла, у агонь нязгасны,
І калі рука твая цябе горшыць, адсячы яе; лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, чым маючы дзве рукі йсьці ў пекла, у вагонь няўгасны,
дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.
І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе кульгаваму ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве нагі, быць укінутым у агонь незгасальны,
І калі нага твая цябе горшыць, адсячы яе; лепш табе кульгаваму ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы дзве нагі быць укінутым у пекла вагню няўгаснага,
дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь ня гасьне.
І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсці ў Валадарства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,
Калі-ж вока тваё горшыць цябе, вырві яго; лепш табе аднавокаму ўвайсьці ў валадарства Божае, чымся маючы абедзве вокі быць укінутым у вагністую гэгэнну,
дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.
дзе чарвяк іх ня ўмірае ды агонь ня гасьне.
Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра соллю пасоліцца.
Бо кожны будзе агнём пасолены, кожная ахвяра сольлю будзе пасолена.
Соль добрая, а калі соль звятрэе, дык чым яе прысаліць? Майце ў сабе соль і мірна жывіце між сабою».
Добрая рэч соль; адыж калі соль будзе несалёная, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль ды супакой мейце між сабою.