Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І казаў ім: «Сапраўды кажу вам: некаторыя, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, перш чым не ўбачаць, як Валадарства Божае прыйшло ў магутнасці».
 
І сказаў ім: сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя між тых, што тут стаяць, якія ня ймуць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Божага Валадарства, прыйшоўшага ў сіле.

І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пётру, і Якуба, і Яна і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.
 
І Пасьля шасьці дзён Ісус узяў Пятра, Якуба і Яна і завёў іх адных на высокую гару асобна і парамяніўся перад імі.

Адзенне Яго заззяла і стала белым, як снег, як на зямлі бялільшчык выбеліць не зможа.
 
І Ягоные адзеньне зрабілася бліскучым і такім белым, як сьнег, дык як бялільшчык на зямлі ня можа выбеліць.

І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і гаварылі з Ісусам.
 
І зьявіўся ім Ільля і Майсей ды гаварылі з Ісусам.

І, кажучы, гаворыць Пётра Ісусу: «Рабі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Іллі адну».
 
І азваўшыся Пятро сказаў Ісусу. Настаўнік, добра што мы ёсьць тут, дык зробім тры шатры. Табе адзін, Майсею адзін і Ільлі адзін,

Бо сам не ведаў, што гаворыць, бо надта былі спалоханы.
 
бо ня ведаў, што сказаць, бо іх агарнуў страх.

І з’явілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»
 
І паўстала хмара ды закрыла іх; і з хмары быў голас, які казаў: Гэты ёсьць Мой улюблены Сын, Яго слухайце.

І яны, зараз жа паглядзеўшы навокал, апрача Ісуса, нікога больш не ўбачылі каля сябе.
 
І раптам аглянуўшыся наўкола нікога больш ня ўбачылі апрача аднаго Ісуса з сабою.

І, калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім Ён, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
 
Калі-ж яны зыходзілі з гары, загадаў ім нікому не расказваць, што яны бачылі, аж пакуль Сын Чалавечы не ўваскросьне з мёртвых.

І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што гэта значыць: «уваскрэснуць з мёртвых».
 
І захоўвалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго: што значыць уваскроснуць з мёртвых?

Дык пыталі Ісуса: «Чаму гэта кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Ілля?»
 
адсутнічае

А Ён гаворыць ім: «Ілля, калі прыйдзе перш, направіць усё; і, як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець, і будзе пагарджаны.
 
адсутнічае

Але Я вам кажу: і Ілля прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана».
 
адсутнічае

І, вяртаючыся да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
 
адсутнічае

І адразу, ўбачыўшы Ісуса, увесь народ здзівіўся і, падбягаючы, вітаў Яго.
 
адсутнічае

І спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся між сабой?»
 
адсутнічае

І нехта з натоўпу адказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.
 
І адказваючы, адзін з народу сказаў: Настаўнік! я прывёў Табе майго сына, які мае нямога духа;

І ён, дзе толькі наваліцца на яго, кідае яго, так што пеніцца ён і скрыгоча зубамі свімі ды пруцянее. Дык прасіў я вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не змаглі».
 
і дзе ні схопіць яго, разьбівае яго і ён пеніцца і скрыгоча сваімі зубамі, і пруцянее. І сказаў я Тваім вучням, каб выгналі яго, і ня здолелі.

Ён жа, адказваючы ім, кажа: «О род няверны, як доўга буду Я між вамі? Як доўга буду вас цярпець? Прывядзіце яго да Мяне».
 
Ён-жа адказваючы яму сказаў: о род няверны! дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзеце яго да Мяне.

І прывялі яго да Яго. І калі ўбачыў Яго, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.
 
І прывялі яго да Ісуса. І ўбачыўшы Яго, дух затрос ім, і ён упаў на зямлю ды валяўся, пускаючы пену.

І запытаўся ў бацькі: «Як даўно яму гэта прычынілася?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;
 
І спытаўся ў ягонага бацькі: колькі ўжо гадоў, як гэта сталася з ім? Той адказаў: з дзяцінства.

і часта кідаў яго нават у агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі што можаш, ратуй нас, злітуйся над намі».
 
І шмат разоў дух кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго, але калі што можаш, памажы нам, зьлітаваўшыся над намі.

А Ісус гаворыць яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць».
 
Ісус-жа сказаў яму: калі можаш верыць, усё магчыма для веручага.

Адразу бацька хлопчыка, плачучы, гаварыў уголас: «Веру, Госпадзе, дапамажы майму недавер’ю».
 
І зараз бацька хлапца, загаласіўшы сказаў праз сьлёзы: веру, Госпадзе, памажы майму недаверству!

І, калі Ісус убачыў, што збягаецца натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: «Дух глухі і нямы! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
 
Ісус-жа, бачучы што зьбіраецца народ, пагразіў нячыстаму духу, кажучы яму: дух нямы і глухі, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўвайходзь у яго!

І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі: «Ён памёр».
 
І загаласіўшы ды моцна затросшы ім, выйшаў; і зрабіўся як няжывы, так што многія гаварылі, што памёр.

Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
 
Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

І, калі Ён увайшоў у дом, вучні Яго ўжо адзін на адзін пыталіся ў Яго: «Чаму мы не змаглі яго выгнаць?»
 
І як увайшлі ў дом, Ягоныя вучні пыталіся ў Яго на адзіноце: чаму мы не змаглі выгнаць яго?

І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, акрамя як праз [пост і] малітву».
 
І сказаў ім: гэты род ня можа выйсьці, адно толькі ад малітвы ды посту.

І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.
 
І выйшаўшы адтуль, прайходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто даведаўся,

Бо навучаў вучняў Сваіх і казаў ім: «Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго, але, забіты, Ён на трэці дзень ўваскрэсне».
 
бо навучаў Сваіх вучняў і гаварыў ім, што Сын Чалавечы будзе выданы ў рукі людзей і заб’юць Яго, і забіты ўваскросьне на трэці дзень.

Ды яны слоў гэтых не разумелі і баяліся Яго пытацца.
 
Але яны не разумелі тых слоў, а спытацца ў Яго баяліся.

І прыбылі ў Кафарнаўм. І, калі былі ў доме, спытаў Ён іх: «Аб чым вы ў дарозе разважалі між сабою?»
 
І прыйшлі ў Капэрнаум. І як былі ў доме, спытаўся ў іх: аб чым вы талкавлі ў дарозе?

Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся між сабой, хто з іх большы.
 
Яны-ж маўчалі, бо дарогаю спрачаліся між сабою, хто з іх большы.

І Ісус, сеўшы, паклікаў дванаццаць, і гаворыць ім: «Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх паслугачом».
 
І сеўшы, паклікаў дванаццацёх і сказаў ім: калі хто хоча быць першым, хай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.

І, узяўшы дзіця, паставіў яго між імі, і прытуліў яго, і сказаў ім:
 
І ўзяўшы дзіця, паставіў яго між імі ды, абняўшы яго, сказаў ім:

«Калі хто ў імя Маё прыме адно з такіх дзяцей, Мяне прымае, а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто Мяне паслаў».
 
Хто прыйме адно з такіх дзяцей у Маё імя — Мяне прыйме, а хто прыймае Мяне, то не Мяне прыймае, але Таго, Хто паслаў Мяне.

Сказаў Яму Ян: «Настаўнік, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, які не ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць за намі».
 
Сказаў-жа Яму Ян: Настаўнік! мы бачылі нейкага, які Тваім іменем выганяў нячысьцікаў, а ня ходзіць з намі, дык мы забаранілі яму, бо ня ходзіць з намі.

Ісус жа гаворыць: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды ў імя Маё, не можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.
 
Ісус-жа сказаў ім: не забараняўце яму, бо няма такога, хто ўчыніўшы цуд Маім іменем, мог-бы хутка дрэнна гаварыць аба Мне.

Бо хто не супраць вас, той за вас.
 
Бо хто ня проці нас, той за нас.

Бо хто падасць вам кубак вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовы, сапраўды кажу вам: не страціць узнагароды сваёй.
 
І хто напоіць вас кубкам вады ў Маё імя, затым што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць свае нагароды.

А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі жоран млынавы на шыю яго і кінулі ў мора.
 
І хто спакусіць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, таму было-б лепш, каб яму павесілі на шыю жарновы камень ды ўкінулі ў мора.

І, калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве рукі, пайсці ў пекла, у агонь нязгасны,
 
Калі цябе спакушае твая рука, адсячы яе: ляпей табе калекаму ўвайсьці ў жыцьцё, чым з дзьвюмя рукамі йсьці ў гэенну, у агонь, які ня гасьне.

дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
 
Дзе іхны чарвяк ня ўмірае і агонь ня гасьне.

І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе кульгаваму ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве нагі, быць укінутым у агонь незгасальны,
 
І калі твая нага спакушае цябе, адсячы яе; ляпей табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаючы, чымся з дзьвюмя нагамі быць укіненым ў гэенну,

дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
 
дзе іхны чарвяк ня ўмірае і агонь ня гасьне.

І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсці ў Валадарства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,
 
І калі твоё вока спакушае цябе, вырві яго; бо ляпей табе аднавокім увайсьці ў Божае Валадарства, чымся з дзьвюмя вачамі быць укіненым у гэенну вогненную,

дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.
 
дзе іх чарвяк ня ўмірае і агонь ня гасьне.

Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра соллю пасоліцца.
 
Бо кожны агнём асоліцца, а кожная ахвяра сольлю асоліцца.

Соль добрая, а калі соль звятрэе, дык чым яе прысаліць? Майце ў сабе соль і мірна жывіце між сабою».
 
Соль — добрая, але калі соль станецца несалёнаю, дык чым яе паправіць? Мейце ў сабе соль і мейце мір між сабою.