Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І Ён казаў ім: Сапраўды кажу вам: Ёсць некаторыя з тых, што стаяць тут, якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага, якое прыйдзе ў сіле.
 
І сказаў ім: сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя між тых, што тут стаяць, якія ня ймуць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Божага Валадарства, прыйшоўшага ў сіле.

І праз шэсць дзён Ісус забірае Пятра, і Іякава, і Іаана і ўзводзіць асобна іх адных на высокую гару. І перамяніўся Ён перад імі,
 
І Пасьля шасьці дзён Ісус узяў Пятра, Якуба і Яна і завёў іх адных на высокую гару асобна і парамяніўся перад імі.

і Яго адзенне зрабілася бліскучае, незвычайна белае, [як снег], як бялільшчык на зямлі не можа так выбеліць.
 
І Ягоные адзеньне зрабілася бліскучым і такім белым, як сьнег, дык як бялільшчык на зямлі ня можа выбеліць.

І з’явіўся ім Ілія з Маісеем і размаўлялі з Ісусам.
 
І зьявіўся ім Ільля і Майсей ды гаварылі з Ісусам.

І, азваўшыся, Пётр кажа Ісусу: Равві, добра нам тут быць, і давай зробім тры палаткі, Табе адну, і Маісею адну, і Іліі адну.
 
І азваўшыся Пятро сказаў Ісусу. Настаўнік, добра што мы ёсьць тут, дык зробім тры шатры. Табе адзін, Майсею адзін і Ільлі адзін,

Бо не ведаў ён, што сказаць, бо яны былі перапалоханыя.
 
бо ня ведаў, што сказаць, бо іх агарнуў страх.

І паўстала воблака, якое накрыла ценем іх, і пачуўся голас з воблака: Гэта Мой Сын Улюбёны, слухайце Яго!
 
І паўстала хмара ды закрыла іх; і з хмары быў голас, які казаў: Гэты ёсьць Мой улюблены Сын, Яго слухайце.

І раптам, агледзеўшыся, яны ўжо нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса з сабою.
 
І раптам аглянуўшыся наўкола нікога больш ня ўбачылі апрача аднаго Ісуса з сабою.

І, калі зыходзілі з гары, Ён загадаў ім, каб нікому не расказвалі таго, што бачылі, аж пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
 
Калі-ж яны зыходзілі з гары, загадаў ім нікому не расказваць, што яны бачылі, аж пакуль Сын Чалавечы не ўваскросьне з мёртвых.

І яны захавалі ў сабе гэтае слова, спрачаючыся між сабою, што значыць уваскрэснуць з мёртвых.
 
І захоўвалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго: што значыць уваскроснуць з мёртвых?

І спыталіся ў Яго, кажучы: Чаму кніжнікі кажуць, што спярша Ілія павінен прыйсці.
 
адсутнічае

Ён жа сказаў ім: Ілія, сапраўды, прыходзіць спярша і ўзнаўляе ўсё; а як напісана пра Сына Чалавечага, што шмат Яму належыць выцерпець і быць зняважаным?
 
адсутнічае

Але кажу вам, што і Ілія прыйшоў і зрабілі яму ўсё, што хацелі, як напісана пра яго.
 
адсутнічае

І, прыйшоўшы да вучняў, яны ўбачылі вялікі натоўп навокал іх і кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
 
адсутнічае

І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, уразіўся, і, падбягаючы, яны віталі Яго.
 
адсутнічае

І Ён спытаўся ў іх: Аб чым спрачаецеся з імі?
 
адсутнічае

І адзін з натоўпу адказаў Яму: Настаўніку, я прывёў да Цябе свайго сына, у якім нямы дух;
 
І адказваючы, адзін з народу сказаў: Настаўнік! я прывёў Табе майго сына, які мае нямога духа;

і дзе ён ні схопіць яго, кідае вобземлю, і ён пену пускае, і скрыгоча зубамі і карчанее; і я сказаў Тваім вучням, каб выгналі яго, ды яны не змаглі.
 
і дзе ні схопіць яго, разьбівае яго і ён пеніцца і скрыгоча сваімі зубамі, і пруцянее. І сказаў я Тваім вучням, каб выгналі яго, і ня здолелі.

А Ён у адказ ім кажа: О бязвернае пакаленне, дакуль буду ў вас? Дакуль буду цярпець вас? Вядзіце яго да Мяне.
 
Ён-жа адказваючы яму сказаў: о род няверны! дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзеце яго да Мяне.

І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу скруціў таго курчам і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
 
І прывялі яго да Ісуса. І ўбачыўшы Яго, дух затрос ім, і ён упаў на зямлю ды валяўся, пускаючы пену.

І Ён запытаўся ў яго бацькі: Як даўно гэта здарылася з ім? — І той сказаў: З дзяцінства;
 
І спытаўся ў ягонага бацькі: колькі ўжо гадоў, як гэта сталася з ім? Той адказаў: з дзяцінства.

і часта і ў агонь кідаў яго, і ў ваду, каб загубіць яго, але, калі што можаш, дапамажы нам, злітаваўшыся над намі!
 
І шмат разоў дух кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго, але калі што можаш, памажы нам, зьлітаваўшыся над намі.

Ісус жа сказаў яму: Ты кажаш: «Калі можаш». Усё мажлівае для таго, хто веруе.
 
Ісус-жа сказаў яму: калі можаш верыць, усё магчыма для веручага.

[І] адразу, усклікнуўшы, хлопцаў бацька [са слязьмі] сказаў: Верую, [Госпадзе], дапамажы майму нявер’ю.
 
І зараз бацька хлапца, загаласіўшы сказаў праз сьлёзы: веру, Госпадзе, памажы майму недаверству!

Ісус жа, убачыўшы, што збягаецца натоўп, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: Нямы і глухі дух, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!
 
Ісус-жа, бачучы што зьбіраецца народ, пагразіў нячыстаму духу, кажучы яму: дух нямы і глухі, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўвайходзь у яго!

І дух, ускрыкнуўшы і моцна скурчыўшы таго, выйшаў; а той зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі, што ён памёр.
 
І загаласіўшы ды моцна затросшы ім, выйшаў; і зрабіўся як няжывы, так што многія гаварылі, што памёр.

Ісус жа, узяўшы яго [за] руку, падняў яго, і ён устаў.
 
Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

І калі Ён увайшоў у дом, Яго вучні на адзіноце пыталіся ў Яго: Чаму мы не змаглі выгнаць яго?
 
І як увайшлі ў дом, Ягоныя вучні пыталіся ў Яго на адзіноце: чаму мы не змаглі выгнаць яго?

І Ён сказаў ім: Гэты род не можа выйсці інакш, як ад малітвы [і посту].
 
І сказаў ім: гэты род ня можа выйсьці, адно толькі ад малітвы ды посту.

І, выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто-небудзь даведаўся пра гэта;
 
І выйшаўшы адтуль, прайходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто даведаўся,

бо Ён навучаў Сваіх вучняў і казаў ім: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і, забіты, Ён праз тры дні ўваскрэсне.
 
бо навучаў Сваіх вучняў і гаварыў ім, што Сын Чалавечы будзе выданы ў рукі людзей і заб’юць Яго, і забіты ўваскросьне на трэці дзень.

Яны ж не зразумелі гэтага слова і баяліся ў Яго спытацца.
 
Але яны не разумелі тых слоў, а спытацца ў Яго баяліся.

І прыйшлі ў Капернаум. І, калі быў ў доме, Ён спытаўся ў іх: Што вы дарогаю абмяркоўвалі?
 
І прыйшлі ў Капэрнаум. І як былі ў доме, спытаўся ў іх: аб чым вы талкавлі ў дарозе?

Яны ж маўчалі; бо ў дарозе адзін з адным паспрачаліся: хто большы.
 
Яны-ж маўчалі, бо дарогаю спрачаліся між сабою, хто з іх большы.

І Ён, сеўшы, паклікаў дванаццаць і кажа ім: Калі хто хоча быць першы, няхай будзе з усіх апошні і слуга ўсіх.
 
І сеўшы, паклікаў дванаццацёх і сказаў ім: калі хто хоча быць першым, хай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.

І, узяўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх, і, абняўшы яго, сказаў ім:
 
І ўзяўшы дзіця, паставіў яго між імі ды, абняўшы яго, сказаў ім:

Хто прыме адно з такіх дзяцей у Маё імя, Мяне прымае; а хто Мяне прыме, не Мяне прымае, але Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Хто прыйме адно з такіх дзяцей у Маё імя — Мяне прыйме, а хто прыймае Мяне, то не Мяне прыймае, але Таго, Хто паслаў Мяне.

Сказаў Яму Іаан: Настаўніку, мы бачылі аднаго чалавека, што Тваім імем выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён не ішоў услед за намі.
 
Сказаў-жа Яму Ян: Настаўнік! мы бачылі нейкага, які Тваім іменем выганяў нячысьцікаў, а ня ходзіць з намі, дык мы забаранілі яму, бо ня ходзіць з намі.

Ісус жа сказаў: Не забараняйце яму. Бо няма таго, хто зрабіў бы цуд у Маё імя і мог бы неўзабаве ліхасловіць Мяне;
 
Ісус-жа сказаў ім: не забараняўце яму, бо няма такога, хто ўчыніўшы цуд Маім іменем, мог-бы хутка дрэнна гаварыць аба Мне.

бо хто не супроць нас, той за нас19.
 
Бо хто ня проці нас, той за нас.

Бо хто напоіць вас кубкам вады ў Маё імя, таму што вы Хрыстовы, — сапраўды кажу вам: ні ў якім разе ён не страціць сваёй узнагароды.
 
І хто напоіць вас кубкам вады ў Маё імя, затым што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць свае нагароды.

І хто ўвядзе ў грэх аднаго з гэтых малых, што веруюць [у Мяне], лепей было б яму, калі б млынавы20 жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора.
 
І хто спакусіць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, таму было-б лепш, каб яму павесілі на шыю жарновы камень ды ўкінулі ў мора.

І калі твая рука будзе ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе; лепей, каб ты калекам увайшоў у жыццё, чым, дзве рукі меўшы, пайшоў у геену, у нязгасны агонь,
 
Калі цябе спакушае твая рука, адсячы яе: ляпей табе калекаму ўвайсьці ў жыцьцё, чым з дзьвюмя рукамі йсьці ў гэенну, у агонь, які ня гасьне.

[дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае]21.
 
Дзе іхны чарвяк ня ўмірае і агонь ня гасьне.

І калі твая нага будзе ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе; лепей, каб ты кульгавым увайшоў у жыццё, чым, дзве нагі меўшы, быў кінуты ў геену, [у нязгасны агонь,
 
І калі твая нага спакушае цябе, адсячы яе; ляпей табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаючы, чымся з дзьвюмя нагамі быць укіненым ў гэенну,

дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае].
 
дзе іхны чарвяк ня ўмірае і агонь ня гасьне.

І калі тваё вока будзе ўводзіць у грэх цябе, вырві яго; лепей, каб ты аднавокім ўвайшоў у Царства Божае, чым, два вокі меўшы, быў укінуты ў геену [вогненную],
 
І калі твоё вока спакушае цябе, вырві яго; бо ляпей табе аднавокім увайсьці ў Божае Валадарства, чымся з дзьвюмя вачамі быць укіненым у гэенну вогненную,

дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае.
 
дзе іх чарвяк ня ўмірае і агонь ня гасьне.

Бо кожны агнём асоліцца [і кожная ахвяра соллю асоліцца].
 
Бо кожны агнём асоліцца, а кожная ахвяра сольлю асоліцца.

Соль — добрая рэч, калі ж соль абяссолее, чым яе прыправіце? Майце соль у сабе і жывіце мірна між сабою!
 
Соль — добрая, але калі соль станецца несалёнаю, дык чым яе паправіць? Мейце ў сабе соль і мейце мір між сабою.