Марка 11 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет
І калі наблізіліся да Ерусаліму, да Бэтфагі і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ён пасылае двух вучняў Сваіх
І калі наблізіся яны да Ерусаліма, да Вітфагіі і Віфаніі, што на Аліунай гарэ, Ён пасылае двух Сваіх вучняў
і гаворыць ім: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, і адразу, уваходзячы ў яго, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога яшчэ ніхто з людзей не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.
і кажа ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі, і адразу, увайшоўшы ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое яшчэ ніхто з людзей не садзіўся; адвяжыце яго і прывядзіце.
І калі хто скажа вам: “Што вы гэта робіце?”, скажыце, што Госпад яго патрабуе, і адразу пашле яго сюды».
І калі хто вам скажа: «Што гэта вы робіце?», скажьце: «Яно патрэбна Госпаду, і Ён адразу яго адашле зноў сюды».
Яны пайшлі і знайшлі асьляня пры дзьвярах звонку на вуліцы, і адвязалі яго.
І яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае да варот знадворку на вуліцы, і пачалі адвязваць яго.
І некаторыя, што там стаялі, гаварылі ім: «Што вы робіце, адвязваючы асьляня?»
І некаторыя з тых, што там стаялі, казалі ім: «Што вы робіце, адвязваючы асляня?»
Яны ж сказалі ім, як загадаў Ісус, і пусьцілі іх.
Яны ж адказалі ім так, як навучыў Ісус, і тыя адпусцілі іх.
І прывялі асьляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; і Ён сеў на яго.
І прыводзяць асляня да Ісуса, і кладуць на яго сваю вопратку, і Ён сеў на яго.
І многія пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
І многія пасцілалі сваю вопратку на дарогу, а іншыя — галінкі, зрэзаўшы іх у палях.
І тыя, што ішлі наперадзе, і тыя, што ішлі за Ім, крычалі, кажучы: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Хто прыходзіць у імя Госпада!
І тыя, што шлі перад Ім, і ўслед за Ім, усклікалі: «Асанна! Блаславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!
Дабраслаўлёнае валадарства бацькі нашага Давіда, якое прыходзіць у імя Госпада! Гасанна на вышынях!»
Блаславёнае царства, што надыходзіць! Асанна ў вышынях Сыну Давідаву!»
І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў сьвятыню; і, агледзеўшы ўсё, бо гадзіна ўжо была вечаровая, выйшаў у Бэтанію з Дванаццацьцю.
І Ён увайшоў у Ерусалім, у храм, і агледзеўшы ўсё, — час быў ужо позні — выйшаў у Віфанію з Дванаццаццю.
І назаўтра, калі ішлі яны з Бэтаніі, Ён адчуў голад.
І на другі дзень, калі выйшлі яны з Віфаніі, Ён прагаладаўся.
І, убачыўшы здалёк фігавае дрэва, пакрытае лісьцем, падыйшоў, ці ня знойдзе што на ім; але, падыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, акрамя лістоты, бо не была пара на фігі.
І ўбачыўшы здалёку фігавае дрэва, на якім было лісце, падышоў: ці не знойдзе чаго на ім, і прыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, толькі лісце, бо не была пара фігаў.
І, адказваючы, Ісус сказаў да яго: «Няхай ніхто ўжо да веку ня есьць з цябе плоду». І чулі гэта вучні Ягоныя.
І азваўшыся, Ён сказаў яму: «Няхай больш павек ніхто не есць ад цябе плоду!» І чулі гэта Яго вучні.
І прыходзяць у Ерусалім. І Ісус, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў,
І прыходзяць яны ў Ерусалім. І ўвайшоўшы ў храм, пачаў Ён выганяць гандляроў і скупшчакоў, і абярнуў сталы грашавых мянял, і прадаўцоў галубоў.
і не дазваляў, каб хто насіў хоць якую рэч праз сьвятыню.
І не дазваляў, каб хто якое начынне праносіў праз святыню.
І навучаў, кажучы ім: «Ці ж не напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
І навучаў Ён, і казаў ім: «Хіба не напісана: «Мой дом домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў»? Вы ж зрабілі яго «прытонам зладзеяў».
І пачулі гэта першасьвятары і кніжнікі, і шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, бо ўвесь натоўп захапляўся вучэньнем Ягоным.
І пачулі гэта першасвятары і кніжнікі, і абдумвалі, як бы Яго загубіць, бо яны баяліся Яго, так як увесь натоўп дзівіўся Яго навуцы.
І калі зьвечарэла, Ён выйшаў з гораду.
І калі надышоў вечар, яны выйшлі за горад.
І раніцаю, праходзячы міма, убачылі фігавае дрэва, ссохлае ад кораня.
І праходзячы ўранні, убачылі, што фігавае дрэва засохла ад кораня.
І, узгадаўшы, Пётар кажа Яму: «Раббі, вось, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла».
І ўспомніўшы, Пётра кажа Яму: «Настаўнік, зірні, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла».
І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Мейце веру Божую!
І ў адказ Ісус кажа ім: «Майце веру ў Бога.
Бо сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, і ня будзе сумнявацца ў сэрцы сваім, але будзе верыць, што станецца так, як гаворыць, — будзе яму, што б ні сказаў.
Папраўдзе кажу вам: Хто скажа гэтай гары: "Сыйдзі і кінься ў мора" і не ўсумніцца ў сваім сэрцы, але будзе верыць, што спраўдзіцца гэта, — тое будзе яму.
Дзеля гэтага кажу вам: Усё, пра што ў малітве будзеце прасіць, верце, што атрымаеце, і будзе вам.
Таму кажу вам: аб чым вы моліцеся і просіце, з верай, тое атрымаеце, — і будзе вам.
І калі стаіцё ў малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, дараваў вам грахі вашыя.
І калі вы маліцеся, даруйце, як што маеце супроць каго, каб і вам ваш Айцец Нябесны, дараваў вашы правіны.
Калі ж вы не даруеце, дык і Айцец ваш, Які ў небе, не даруе вам грахоў вашых».
[Калі ж вы не даруеце, то і ваш Бацька, Які ў нябёсах, не даруе вашых правінаў.]»
І зноў прыходзяць у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у сьвятыні, падыйшлі да Яго першасьвятары, кніжнікі і старшыні,
І прыходзяць яны зноў у Ерусалім. І калі Ён наведаў храм, падыходзяць да Яго першасвятары і кніжнікі, і старэйшыны.
і гаварылі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе ўладу рабіць гэтае?»
І казалі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? Або хто даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?»
А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова, і вы адкажыце Мне, і Я вам скажу, якою ўладай Я раблю гэта.
Ісус жа сказаў ім: «Спытаюся ў вас аб адным і адкажыце мне, тады і Я паведамлю вам, якою ўладаю раблю гэта;
Хрышчэньне Яна з неба было ці ад людзей? Адкажыце Мне».
Іанава хрышчэнне было з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне».
І яны разважалі між сабой, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа: “Дык чаму тады не паверылі яму?”»
І разважалі яны паміж сабою: Калі мы скажам: «З неба», Ён скажа: «Чаму ж вы не паверылі яму?»
А сказаць: «Ад людзей», баяліся натоўпу, бо ўсе мелі Яна за праўдзівага прарока.
А калі скажам: «Ад людзей», дык натоўп паб’е нас. Бо ўпеўнены быў, што Іаан прарок, і баяліся сказаць так.
І, адказваючы, гавораць Ісусу: «Ня ведаем». І Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю».
І ў адказ яны кажуць Ісусу: «Не ведаем», а Ісус кажа ім: «І Я не скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю».