Марка 8 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

У тыя дні, калі сабраўся вельмі вялікі натоўп і ня мелі што есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:
 
У тыя дні, калі зноў быў вялікі натоўп, і не мелі яны чаго есці, Ён паклікаўшы вучняў, кажа ім:

«Шкада Мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні са Мною, і ня маюць што есьці.
 
«Шкада Мне гэтага натоўпу, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца ля Мяне, і не маюць чаго есці:

І калі іх галоднымі адпушчу ў дамы іхнія, саслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк».
 
і, калі адпушчу Я іх галодных дадому, аслабеюць яны ў дарозе, а некаторыя з іх папрыходзілі здалёку».

І адказалі Яму вучні Ягоныя: «Адкуль мог бы хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?»
 
І адказалі Яму Яго вучні: «Як жа можна накарміць іх хлябам у гэтым бязлюдзі?»

І спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны сказалі: «Сем».
 
А Ён пытаўся іх: «Колькі хлябоў вы маеце?» Яны ж сказалі: «Сем».

І загадаў натоўпу сесьці на зямлю, і, узяўшы сем хлябоў і падзякаваўшы, паламаў, і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі натоўпу.
 
А Ён загадвае натоўпу ўзлегчы на зямлю; і узяўшы гэтыя сем хлябоў, уздаўшы падзяку, паламаў і даў Сваім вучням, каб раздалі, і яны раздалі натоўпу.

І мелі яны некалькі рыбаў. І, дабраславіўшы іх, сказаў раздаць і тыя.
 
І мелі трохі рыбак; і блаславіўшы іх, Ён сказаў і іх раздаць.

І елі, і наеліся, і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў.
 
І елі яны і наеліся, і назбіралі ад застаўшыхся кавалкаў сем кошаў.

А тых, што елі, было каля чатырох тысячаў; і адпусьціў іх.
 
А было іх каля чатырох тысяч. І Ён адпусціў іх.

І адразу, увайшоўшы з вучнямі Сваімі ў човен, прыйшоў у межы Дальмануты.
 
І адразу ступіўшы ў човен са Сваімі вучнямі, прыбыў у краіну Далмануфскую.

І выйшлі фарысэі, і пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ў Яго знаку з неба, спакушаючы Яго.
 
І выйшлі фарысеі, і пачалі спрачацца з Ім, вымагаючы ад Яго знака з неба, выпрабоўваючы Яго.

І Ён, уздыхнуўшы ў духу, гаворыць: «Чаму гэтае пакаленьне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам, знак ня будзе дадзены пакаленьню гэтаму».
 
І Ён, глыбока ўздыхнуўшы з розпачу, кажа: «Навошта род гэты вымагае знаку? Папраўдзе кажу вам, не будзе дадзена знаку роду гэтаму».

І, пакінуўшы іх, увайшоў у човен і выправіўся на другі бок.
 
І пакінуўшы іх, Ён зноў ступіў у човен і адплыў на той бок.

І забыліся ўзяць хлеб, і нічога ня мелі з сабою ў чаўне, апрача аднаго хлеба.
 
І забылісь яны ўзяць хлябы і толькі адзін хлеб мелі з сабою ў чоўне.

І Ён перасьцерагаў іх, кажучы: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай».
 
І Ён наказваў ім, кажучы: «Глядзіце, сцеражыцеся фарысейскай закваскі ды Ірадавай.

І яны разважалі між сабой, кажучы: «Гэта таму, што хлеба ня маем».
 
І разважалі яны між сабою, што хлябоў у іх няма.

І, зразумеўшы, Ісус кажа ім: «Чаму разважаеце, што ня маеце хлеба? Ці яшчэ ня цяміце і не разумееце? Ці яшчэ скамянелае маеце сэрца вашае?
 
Ведаўшы, Ён кажа ім: «Чаго разважаеце, што не маеце хлябоў? Ці яшчэ не ўяўляеце і не разумееце? Ці яшчэ маеце сэрца ад няверыя сцвярдзелае?

Маючы вочы, ня бачыце? І маючы вушы, ня чуеце? І ня памятаеце?
 
Вочы маючы, не бачыце? І вушы маючы, не чуеце? І не памятаеце?

Калі Я пяць хлябоў падзяліў між пяці тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў вы назьбіралі?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».
 
Калі тыя пяць хлябоў ламаў Я на пяць тысяч — колькі кошыкаў, поўных кавалкаў назбіралі?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».

«А калі сем між чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў назьбіралі?» Яны сказалі: «Сем».
 
А калі ж тыя сем — на чатыры тысячы, колькі кашоў назбіралі?» І кажуць [Яму]: «Сем».

І сказаў ім: «Як жа не разумееце?»
 
І Ён сказаў ім: «Вы яшчэ не разумееце?»

І прыходзіць у Бэтсаіду, і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць Яго, каб дакрануўся да яго.
 
І прыходзяць яны ў Віфсаіду. І прыводзяць да Яго сляпога, і просяць Яго, каб Ён дакрануўся да таго.

І, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за мястэчка і, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўсклаўшы на яго рукі, спытаўся ў яго, ці што бачыць.
 
І ўзяўшы сляпога за руку, Ён вывеў яго з сяла, і плюнуўшы яму на вочы, ўсклаў на яго рукі, і спытаўся ў яго: «Ці бачыш што?»

І той, зірнуўшы, сказаў: «Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць».
 
І паглядзеўшы, той сказаў: «Бачу людзей, што нібы дрэвы, здаецца, ходзяць».

Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў, каб бачыў. І той зрабіўся здаровым, і ясна мог усё бачыць.
 
Пасля Ён зноў усклаў рукі на вочы яму, і той пільна паглядзеў, і вылечыўся, і стаў бачыць усё выразна.

І паслаў яго ў дом ягоны, кажучы: «Не заходзь у мястэчка і не кажы нікому ў мястэчку».
 
І паслаў яго дадому, кажучы: «І ў сяло не заходзь [і нікому ў сяле не расказвай]».

І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім называюць Мяне людзі?»
 
І пайшоў Ісус і Яго вучні ў сёлы Кесарыі Філіпавай; і ў дарозе Ён пытаўся ў Сваіх вучняў: «За каго Мяне лічаць людзі?»

Яны адказалі: «Янам Хрысьціцелем, а іншыя — Ільлём, а іншыя — адным з прарокаў».
 
Яны ж сказалі Яму: За Іаана Хрысціцеля, а другія — за Ілью, іншыя ж — за аднаго з прарокаў».

І Ён кажа ім: «А вы кім называеце Мяне?» І адказваючы, Пётар кажа Яму: «Ты — Хрыстос!»
 
І Ён спытаўся іх: «А вы за каго Мяне лічыце?» Пётра ў адказ Яму кажа: «Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога».

І забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
 
І Ён забараніў, каб нікому пра Яго не казалі.

І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын Чалавечы шмат перацярпеў, і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і быў забіты, і праз тры дні ўваскрос.
 
І Ён пачаў навучаць іх, што Сыну належыць шмат выцерпець, і што ад Яго адцураюцца старэйшыны, і першасвятары, і кніжнікі, і што будзе забіты, але праз тры дні ўваскрэсне.

І гаварыў пра гэта адкрыта. І Пётар, адклікаўшы Яго, пачаў забараняць Яму.
 
І казаў Ён гэтае слова адкрыта. І адвёўшы Яго ўбок, пачаў адгаворваць Яго.

Ён жа, павярнуўшыся і глянуўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: «Адыйдзі ад Мяне, шатан, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае».
 
Ён жа абярнуўся да Сваіх вучняў, аспрэчыў Пётру, і усклікнуў: «Ідзі прэч сатана, бо думаеш ты не пра Божае, а пра чалавечае».

І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною.
 
І звярнуўшыся да натоўпу разам са Сваімі вучнямі, сказаў ім: «Калі хто хоча за Мною ісці ўслед, няхай адрачэцца ад самога сябе і хай возьме свой крыж, і ідзе ўслед за Мною.

Бо хто хоча выратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той збавіць яе.
 
Бо хто хоча сваё жыццё ўратаваць, той загубіць яго; хто ж загубіць сваё жыцце дзеля Мяне і Дабравесьця, ўратуе яго.

Бо што за карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?
 
Бо што за карысць чалавеку, калі здабыўшы ўвесь свет, ён пашкодзіць сваёй душы?

Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?
 
Бо што дасць чалавек у замен сваёй душі?

Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх у гэтым пакаленьні, чужаложным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі сьвятымі».
 
Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў перад гэтым родам блудлівым і грэшным, таго пасаромеецца і Сын, калі прыйдзе ў славе Свайго Айца разам са святымі анёламі».