Біблія » Пераклады » Пераклад Сяргея Шупы

Кніга прарока Ёны 1 Кніга прарока Ёны 1 разьдзел

1 Было слова Гасподняе Ёну сыну Амітаеву:
2 Устань і йдзі ў Нінвэ, той горад вялікі, і абвяшчай супраць яе, бо ўзьнялося зло іхнае перада мною.
3 Але Ёна ўстаў, каб уцячы ў Таршыш прэч ад Госпада, сышоў у Яфо, дзе знайшоў карабель з Таршышу, даў наёмнае і сышоў у яго, каб выправіцца зь імі ў Таршыш прэч ад Госпада.
4 Аднак Госпад паслаў на мора вялікі вецер, і ўзьнялася на моры такая вялікая бура, што карабель быў гатовы разьбіцца.
5 Маракі ў страху клікалі кожны свайго бога і кідалі ў мора груз, што быў на караблі, каб аблегчыць яго. Ёна спусьціўся на спод судна, дзе лёг і моцна заснуў.
6 Калі ж капітан знайшоў яго там, то абурыўся: “Што ты тут сьпіш? Устань і заклікай свайго бога! Можа ўспомніць той бог пра нас, і мы не загінем”.
7 Тады сказалі яны кожны таварышу свайму: “Хадземце кінем лёсы і даведаемся, праз каго прыйшло на нас гэтае зло. Кінулі лёсы і выпаў лёс на Ёну.
8 Яны спыталіся: “Дык скажы нам, праз каго прыйшло на нас гэтае зло? Хто ты такі? Адкуль ты прыйшоў? Зь якога ты краю і зь якога народу?”
9 Ён ім сказаў: “Я яўрэй і шаную Госпада, Бога нябёсаў, які стварыў мора і сушу”.
10 Тых людзей ахапіў вялікі страх і сказалі яны яму: “Што ж ты зрабіў?” (Бо ведалі людзі, што ён уцякае прэч ад Госпада, як ён сам ім пра гэта расказаў.)
11 Мора тым часам бушавала ўсё болей, таму яны пыталіся: “Што нам з табой зрабіць, каб мора навокал сьціхла?”
12 “Вазьміце мяне і кіньце ў мора, — адказаў ён, — і тады мора сьціхне. Бо я ведаю, што гэтая бура вялікая прыйшла на вас празь мяне”.
13 Людзі спрабавалі веславаць назад на сушу, але марна, бо мора бушавала ўсё болей і болей.
14 Тады яны ўрэшце ўсклікнулі да Госпада: “Зьлітуйся, Госпадзе, ня дай, каб загінулі мы за душу гэтага чалавека. Не карай нас за нявінную кроў! Бо ж ты, Госпадзе, робіш так, як сам упадабаеш”.
15 Пасьля ўзялі яны Ёну ды кінулі ў мора, і мора перастала гневацца.
16 Тых людзей ахапіў вялікі страх перад Госпадам, яны прыносілі Госпаду ахвяры і давалі зарокі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ёны, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
Кнігі аўтара можна набыць у выдавецтве «Вясна».
© 2013−2022