1 І тут Ёна моцна раззлаваўся і запалаў гневам
2 так, што ўзмаліўся да Госпада: “Ну, Госпадзе, ці ж не казаў я гэта, пакуль яшчэ быў у сваёй зямлі? Таму ж і пасьпяшаўся я ўцячы ў Таршыш, бо ведаў , што ты Бог спагадны і літасьцівы, стрыманы ў гневе, багаты на міласэрнасьць і шкадуеш аб зьле.
3 Дык лепш, Госпадзе, забі мяне зараз жа! Лепш мне памерці, чым жыць!”
4 Госпад яму адказаў: :“Ты думаеш, што гневаешся справядліва?”
5 Тады Ёна выйшаў з гораду, і сеў на ўсход ад яго. Там ён паставіў сабе намёт і сеў пад ім у ценю, каб пабачыць, што стане з горадам.
6 Госпад Бог зладзіў так, каб вырасла расьліна і ўзьнялася над Ёнам. Яна давала яму цень над галавой, каб уратаваць яго ад цярпеньняў. Ёна моцна ўзрадаваўся расьліне.
7 Тады зладзіў Бог так, каб на сьвітаньні заўтрашняга дня чарвяк патачыў расьліну, і яна засохла.
8 Калі ж узышло сонца, зладзіў Бог так, каб дзьмуў пякучы вецер з усходу. Сонца напякло Ёну ў галаву так, што ён самлеў. І зажадалася яму сьмерці так, што казаў ён: “Лепш мне памерці, чым жыць!”
9 Бог адказаў Ёну: “Ты думаеш, што гневаешся справядліва дзеля гэтай расьліны?” “І яшчэ як! Аж да сьмерці!”
10 “Табе шкада гэтай расьліны, — сказаў Госпад, — хоць ты яе не садзіў і не гадаваў. За ноч вырасла, за ноч прапала.
11 Дык як жа мне ня будзе шкада Нінвэ, гораду вялікага? А ў ім жа больш за сто дваццаць тысячаў людзей, якія не адрозьняць правую руку ад левай — а яшчэ і мноства жывёлы?”
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Ёны, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
Кнігі аўтара можна набыць у выдавецтве «Вясна».
© 2013−2022
