1 да Карынфянаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Паўсюль чуваць, што ў вас распуста, і такая распуста, пра якую ня кажуць у паганаў, што [нехта] мае жонку свайго бацькі.
 
Ходзяць чуткі аб распуснасці ў вас, ды аб такой распуснасці, аб якой нават не чуваць і ў паганаў, а менавіта, каб хто жыў з жонкай свайго бацькі.

І вы ўзганарыліся, і ня плачаце шмат, каб узяты быў спасярод вас той, хто зрабіў гэткую рэч?
 
А вы заганарыліся і не плакалі больш, каб выгнаны быў з вашага асяроддзя той, хто ўчыніў такую справу.

Бо я, адсутны целам, але прысутны духам, ужо прысудзіў, як прысутны, таго, хто гэткае зрабіў,
 
Я, хоць не прысутны целам, але прысутны духам, ужо вынес прысуд, як прысутны, на таго, хто гэтак робіць,

сабраўшыся разам у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і з духам маім, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
сабраўшыся разам з вамі ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і з духам маім, моцаю Госпада нашага Ісуса Хрыста

аддаць такога шатану на зьнішчэньне цела, каб дух быў збаўлены ў дзень Госпада Ісуса.
 
аддаць такога шатану на загубу цела, каб дух быў збаўлены ў дзень нашага Госпада Ісуса Хрыста.

Няма добрай пахвалы вашай. Хіба вы ня ведаеце, што малая кісьля ўсё цеста квасіць?
 
Дык не добрая пахвальба ваша. Ці не ведаеце, што крошка кіслі ўсё цеста квасіць?

Дык ачысьціце старую кісьлю, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша, Хрыстос, заколены за нас.
 
Дык ачысціце старую кіслю, каб сталіся новай рошчынай, бо вы прэсныя. Бо, вось, Пасха наша, Хрыстос, ахвяраваны за нас!

Так што будзем сьвяткаваць не са старою кісьляю, ня з кісьляй ліхоты і зласьлівасьці, але з праснакамі шчырасьці і праўды.
 
Дык будзем святкаваць святы не са старой кісляй і не з кісляй зла і нягоднасці, але з праснакамі чысціні і праўды.

Я пісаў вам у пасланьні ня мець справы з распусьнікамі.
 
У лісце пісаў я вам: «Не майце зносін з распуснікамі».

І не наогул з распусьнікамі гэтага сьвету, ці хціўцамі, ці рабаўнікамі, ці ідалапаклоньнікамі, бо вам трэба было хіба выйсьці з гэтага сьвету,
 
Зразумела, не з усімі распуснікамі гэтага свету, або хціўцамі, або рабаўнікамі, або балванапаклоннікамі, бо давялося б хіба вам сысці з гэтага свету.

але я пісаў вам цяпер ня мець справы з тым, хто, называючыся братам, ці распусьнік, ці хцівец, ці ідалапаклоньнік, ці лаяльнік, ці п’яніца, ці рабаўнік; з гэтакім і ня есьці разам!
 
Але я пісаў вам, каб вы не мелі лучнасці з тым, хто называецца братам, а ў сапраўднасці ёсць распуснікам, або хціўцам, або балванапаклоннікам, або зламоўным, або п’яніцам, або рабаўніком; з такімі нават не есці разам.

Бо што мне судзіць тых, якія звонку? Ці ня тых, якія пасярод, судзіце вы?
 
Бо што ж мне судзіць тых, што навонкі? Ці ж не тых, што пасярод вас, судзіце вы?

А тых, якія звонку, будзе судзіць Бог. Дык выкіньце злыдня спасярод вас.
 
Тых жа, што навонкі, судзіць Бог. Дык выкіньце распуснага спаміж сябе!