1 да Карынфянаў 10 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Не хачу, браты, каб вы ня ведалі, што бацькі нашыя ўсе былі пад воблакам, і ўсе прайшлі праз мора,
Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што нашы бацькі ўсе былі пад хмараю, і ўсе перайшлі праз мора,
і ўсе ахрысьціліся ў Майсея ў воблаку і ў моры,
ды ўсе ахрысціліся ў Майсея ў хмары і ў моры,
і ўсе елі тую самую духоўную ежу,
і ўсе спажывалі тую самую духоўную страву
і ўсе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнае скалы, якая ішла за імі, а скала гэтая быў Хрыстос.
і пілі тое самае духоўнае пітво. Пілі, вось, з духоўнай скалы, што ішла за імі, а тая скала — Хрыстос.
Але ня многіх з іх упадабаў Бог, бо яны палеглі ў пустыні.
Але большасць з іх не ўпадабаў Сабе Бог, таму палеглі яны ў пустыні.
А гэта сталася прыкладам для нас, каб мы ня мелі пажаданьня ліха, як пажадалі яны.
А гэтыя падзеі сталі прыкладам нам, каб не былі мы ахвотныя да зла, як яны ахвотныя былі.
Ня будзьце таксама ідалапаклоньнікамі, як некаторыя з іх, як напісана: «Народ пасеў есьці і піць, і ўстаў гуляць».
Не будзьце таксама, як некаторыя з іх, балванапаклоннікамі, як напісана: «Сеў народ есці, і піць, і весяліцца, і ўзняліся, каб гуляць».
Таксама ня будзем рабіць распусты, як некаторыя з іх распусьнічалі, і ў адзін дзень загінула дваццаць тры тысячы.
І не будзем рабіць распусты, як распуснічалі некаторыя з іх, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.
Таксама ня будзем спакушаць Хрыста, як некаторыя з іх спакушалі і загінулі ад зьмеяў.
І не будзем выпрабоўваць Хрыста, як і некаторыя з іх выпрабоўвалі ды пагінулі ад змеяў.
Таксама не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад нішчыцеля.
І не наракайце, як і некаторыя з іх наракалі і пагінулі ад нішчыцеля.
А ўсё гэтае здарылася з імі ў прыклад і напісана дзеля напамінаньня нам, на якіх канец вякоў прыйшоў.
Ды ўсё гэта адбылося з імі для прыкладу і запісана на павучанне для нас, да якіх наблізілася сканчэнне вякоў.
Так што, хто думае, што стаіць, няхай сьцеражэцца, каб ня ўпасьці.
Значыць, хай той, каму здаецца, што стаіць, глядзіць, каб не ўпаў.
Вас наведала спакуса ня іншая, як чалавечая. Але верны Бог, Які не пакіне вас быць спакушанымі больш, чым вы можаце [вытрымаць], але са спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі яе перанесьці.
Вас наведала спакуса, ніякая іншая, як чалавечая. Верны ж Бог, Які не дапусціць для вас спакушэння большага, чым можаце вытрымаць, але са спакусай стварае магчымасць яе пераадолець, каб вы маглі выстаяць.
Таму, улюбёныя мае, уцякайце ад ідалапаклонства.
Дзеля гэтага, мае найдаражэйшыя, сцеражыцеся ад пакланення ідалам.
Кажу, як да мудрых; судзіце самі, што кажу.
Кажу гэта як разумным. Вы рассудзіце самі тое, што гавару.
Келіх дабраслаўленьня, які дабраслаўляем, ці ня ёсьць супольнасьць Крыві Хрыстовае? Хлеб, які ламаем, ці ня ёсьць супольнасьць Цела Хрыстовага?
Келіх дабраславенства, які дабраслаўляем, ці не ёсць удзелам у Крыві Хрыстовай? А хлеб, які ламаем, ці не ёсць удзелам у Целе Хрыстовым?
Як адзін хлеб, так і адно цела мы, многія, бо ўсе мы атрымліваем адзін хлеб.
Адзін хлеб, таму мы, многія, творым адно цела, бо ўсе мы прычашчаемся ад аднаго хлеба.
Паглядзіце на Ізраіль паводле цела: ці тыя, якія ядуць ахвяраванае, ня ёсьць супольнікамі ахвярніка?
Прыгледзьцеся да Ізраэля паводле цела: ці тыя, што ядуць ахвяры [з ахвярніка], не ёсць удзельнікамі ахвярніка?
Дык што я кажу? Ці ідал ёсьць нечым? Ці ахвяра ідалам нечым ёсьць?
Што ж я кажу? Ці ахвяра, складзеная ідалам, ёсць чымсьці? Або сам ідал ёсць чымсьці?
Але тое, што заколваюць пагане, для дэманаў заколваюць, а не для Бога. А я не хачу, каб вы сталіся супольнікамі дэманаў.
Не! Аднак тое, што пагане ахвяруюць, дэманам ахвяруюць, а не Богу. А я не хацеў бы, каб вы мелі нешта супольнае з дэманамі.
Ня можаце піць келіх Госпада і келіх дэманаў; ня можаце ўдзельнічаць у стале Госпада і стале дэманаў.
Не можаце піць з келіха Госпада ды з келіха дэманаў; не можаце быць удзельнікамі Госпадава стала і стала дэманаў.
Ці будзем раздражняць Госпада? Ці мы дужэйшыя за Яго?
Ці ж нам раздражняць Госпада? Ці ж мы дужэйшыя за Яго?
Усё мне можна, але ня ўсё карысна; усё мне можна, але ня ўсё будуе.
«Усё мне можна!» Але не ўсё карысна. «Усё мне можна!» Але не ўсё будуе.
Ніхто няхай не шукае свайго, але кожны таго, што для іншага.
Хай ніхто не шукае таго, што сваё, але кожны — што блізкага.
Усё, што продаецца на рэзьніцы, ешце, не дасьледуючы дзеля сумленьня,
Дык усё, што на рынку прадаюць, ежце, не сумняваючыся, дзеля супакою сумлення,
бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.
бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.
А калі хто з бязьверных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, ешце ўсё, што дадуць, нічога не дасьледуючы дзеля сумленьня.
Калі вас запросіць хтосьці з бязверных і захочаце пайсці, дык ежце ўсё, што вам пададуць, без даследавання дзеля сумлення.
А калі хто скажа вам: «Гэта ахвяра ідалам», — ня ешце дзеля таго, хто паведаміў, і дзеля сумленьня, бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.
Але калі б хто сказаў вам: «Гэта ахвяра ідалам», — не ежце з увагі на таго, хто перасцярог, ды з увагі на сумленне. Бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.
А пра сумленьне кажу не тваё, але іншага; бо дзеля чаго мая свабода мае быць суджана чужым сумленьнем?
Маю на ўвазе не тваё ўласнае сумленне, але блізкага. Чаму ж чужое сумленне мела б судзіць маю свабоду?
Калі я ў ласцы атрымліваю, навошта блюзьніць на мяне за тое, за што я дзякую?
Калі я прымаю што з падзякаю, то чаму мяне ліхасловяць за тое, за што я дзякую?
Дык ці ясьцё, ці п’іцё, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую.
Дзеля таго ці вы ясце, ці вы п’яце, ці што іншае робіце, усё на хвалу Божую рабіце!
Ня станьцеся спатыкненьнем ані для Юдэяў, ані для Грэкаў, ані для царквы Божай,
Не будзьце прычынай згаршэння ані для юдэяў, ані для грэкаў, ані для Царквы Божай.
як і я дагаджаю ўсім у-ва ўсім, шукаючы не для сябе карысьці, але для многіх, каб яны былі збаўленыя.
Гэтак і я ўсім ва ўсім дагаджаю, не шукаючы сваёй карысці, але карысці для многіх, каб яны былі збаўлены.