1 да Карынфянаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Паўсюль чуваць, што ў вас распуста, і такая распуста, пра якую ня кажуць у паганаў, што [нехта] мае жонку свайго бацькі.
 
Ходзіць пэўная чутка пра распусту сярод вас, ды такую распусту, якое ня чуваць нават у язычнікаў: нехта за жонку мае бацькаву жонку.

І вы ўзганарыліся, і ня плачаце шмат, каб узяты быў спасярод вас той, хто зрабіў гэткую рэч?
 
І вы заганарыліся, замест таго, каб лепей плакаць, каб забраць спаміж вас таго, хто зрабіў гэта.

Бо я, адсутны целам, але прысутны духам, ужо прысудзіў, як прысутны, таго, хто гэткае зрабіў,
 
А я, целам адсутны, але прысутны ў вас духам, ужо пастанавіў, як бы калі б быў сярод вас: таго, хто ўчыніў такое,

сабраўшыся разам у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і з духам маім, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
на сходзе вашым у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста разам з маім духам, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,

аддаць такога шатану на зьнішчэньне цела, каб дух быў збаўлены ў дзень Госпада Ісуса.
 
аддаць сатане на зьнемажэньне плоці, каб дух быў выратаваны ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Няма добрай пахвалы вашай. Хіба вы ня ведаеце, што малая кісьля ўсё цеста квасіць?
 
Няма чым вам хваліцца. Хіба ня ведаеце, што каліва закваскі расчыняе ўсё цеста?

Дык ачысьціце старую кісьлю, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша, Хрыстос, заколены за нас.
 
Дык вось, ачысьціце старую закваску, каб сталіся вы новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша Хрыстос, ахвяраваны за нас.

Так што будзем сьвяткаваць не са старою кісьляю, ня з кісьляй ліхоты і зласьлівасьці, але з праснакамі шчырасьці і праўды.
 
А таму будзем сьвяткаваць не са старою закваскаю, не з закваскаю заганы і падступнасьці, а з праснакамі чысьціні і праўды.

Я пісаў вам у пасланьні ня мець справы з распусьнікамі.
 
Я пісаў вам у пасланьні — не вадзіцца з блудадзеямі;

І не наогул з распусьнікамі гэтага сьвету, ці хціўцамі, ці рабаўнікамі, ці ідалапаклоньнікамі, бо вам трэба было хіба выйсьці з гэтага сьвету,
 
але ня ўвогуле з блудадзеямі сьвету гэтага, ці зь ліхазьдзірцамі, ці з драпежнікамі, ці з балавахваламі, бо інакш трэба было б вам выйсьці зь сьвету гэтага,

але я пісаў вам цяпер ня мець справы з тым, хто, называючыся братам, ці распусьнік, ці хцівец, ці ідалапаклоньнік, ці лаяльнік, ці п’яніца, ці рабаўнік; з гэтакім і ня есьці разам!
 
а пісаў я вам ня супольнічаць з тым, хто, называючыся братам, застаецца блудадзеем, ці ліхазьдзірцам, ці балвахвалам, ці ліхасловам, ці п’яніцаю, ці драпежнікам; з такім нават і ня есьці разам.

Бо што мне судзіць тых, якія звонку? Ці ня тых, якія пасярод, судзіце вы?
 
Бо што мне судзіць і староньніх? Ці ж не сваіх вы судзіце?

А тых, якія звонку, будзе судзіць Бог. Дык выкіньце злыдня спасярод вас.
 
А староньніх судзіць Бог. Выкіньце распуснага спасярод вас.