1 да Карынфянаў 11 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Станьцеся пераймальнікамі маімі, як і я — Хрыста.
Пераймайце мяне, як я Хрыста.
Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце і трымаецеся традыцыі так, як я перадаў вам.
Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце, і наказаў трымаецеся так, як я наказаў вам.
Хачу, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог.
Хачу таксама, каб вы ведалі, што кожнаму мужу галава — Хрыстос, жонцы галава — муж, а Хрысту галава — Бог.
Усякі муж, які моліцца або прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву.
Кожны мужчына, які моліцца альбо прарочыць з накрытаю галавою, сарамаціць сваю галаву;
А ўсякая жанчына, якая моліцца або прарочыць з ненакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголеная.
і кожная жанчына, якая моліцца альбо прарочыць з адкрытаю галавою, сарамаціць галаву, бо гэта тое самае, як калі б яна была паголеная;
Бо, калі жанчына не накрывае галавы, няхай стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай накрывае галаву.
бо, калі жанчына ня хоча накрывацца, дык няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорам быць пастрыжанай ці паголенай, хай накрываецца.
Бо муж не павінен накрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Бога; а жонка ёсьць слава мужа.
Дык вось, мужчына не павінен накрываць галаву, бо ён ёсьць падабенства і слава Божая; а жанчына ёсьць слава мужчыны.
Бо ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа.
Бо ня мужчына ад жанчыны, а жанчына ад мужчыны;
І ня муж створаны праз жонку, але жонка праз мужа.
і ня мужчына створаны жанчыне, а жанчына мужчыне.
Дзеля гэтага жонка павінна мець на галаве [знак] улады дзеля анёлаў.
Таму жанчына і павінна мець на галаве сваёй знак улады, дзеля анёлаў.
Зрэшты, ані муж бяз жонкі, ані жонка бяз мужа, у Госпадзе.
Аднак, ні мужчына без жанчыны, ні жанчына бяз мужчыны, у Госпадзе.
Бо як жонка ад мужа, так і муж праз жонку, а ўсе — ад Бога.
Бо, як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсе — ад Бога.
Судзіце самі ў сабе, ці належыць жанчыне з ненакрытай галавою маліцца Богу?
Памяркуйце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу зь ненакрытай галавою?
Ці сама прырода ня вучыць вас, што калі мужчына расьціць валасы, гэта ганьба для яго,
Ці не сама прырода вучыць вас, што калі мужчына запускае валасы, дык гэта ганьба яму,
а калі жанчына расьціць валасы, гэта слава для яе, бо валасы дадзеныя ёй замест адзеньня.
а калі жанчына запускае валасы, дык ёй гэта гонар, бо валасы дадзены ёй замест покрыва.
А калі хто думае спрачацца, мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя.
А калі б хто захацеў спрачацца, дык мы ня маем такога звычаю, ні цэрквы Божыя.
А загадваючы гэтае, не хвалю вас, бо вы зыходзіцеся не на лепшае, але на горшае.
Але, наказваючы гэта, не хвалю вас, бо зьбіраецеся вы не на лепшае, а на горшае.
Бо, па-першае, чую, што калі вы зыходзіцеся ў царкве, між вамі ёсьць падзел, і я часткова веру,
Бо, па-першае, чую, што, калі вы сыходзіцеся царквою, паміж вамі бывае незлагадзь, у што я крыху і веру.
бо мусяць быць між вамі і герэзіі, каб вартыя выявіліся між вамі.
Бо мусіць быць і разнадум’е паміж вамі, каб адкрыліся сярод вас дасьведчаныя.
Далей, калі вы зыходзіцеся разам, няма [ў вас] спажываньня вячэры Госпада,
Далей, вы зьбіраецеся так, што гэта не азначае есьці вячэру Гасподнюю;
бо кожны сьпяшаецца зьесьці ўласную вячэру, і адзін [застаецца] галодным, а другі ўпіваецца.
бо кожны сьпяшаецца раней за другіх з’есьці сваю ежу, так што адзін бывае галодны, а іншы ўпіваецца.
Хіба вы дамоў ня маеце, каб есьці і піць? Або пагарджаеце царквою Божаю і сароміце тых, якія ня маюць? Што скажу вам? Ці пахвалю вас за гэтае? Не пахвалю.
Хіба ў вас няма дамоў на тое, каб есьці і піць? Альбо пагарджаеце царквою Божаю і прыніжаеце бедных? Што сказаць вам? пахваліць вас за гэта? Не пахвалю.
Бо я ад Госпада прыняў і тое вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб
Бо я ад Самога Госпада прыняў тое, што і вам перадаў, што Гасподзь Ісус у тую ноч, у якую прададзены быў, узяў хлеб
і, падзякаваўшы, паламаў і сказаў: «Вазьміце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас ломіцца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне».
і, падзякаваўшы, разламаў і сказаў: «прымеце, ежце, гэта ёсьць Цела Маё, за вас ламанае; гэта рабеце ў памяць пра Мяне».
Таксама і келіх пасьля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсьць Новы Запавет у Крыві Маёй. Гэта рабіце, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне».
Гэтак сама і чару пасьля вячэры, і сказаў: «гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві; гэта рабеце, калі толькі будзеце піць, у памяць пра Мяне».
Бо кожны раз, калі вы ясьцё хлеб гэты і п’іцё келіх гэты, сьмерць Госпада абвяшчаеце, аж пакуль Ён прыйдзе.
Бо кожнага разу, як вы ясьце хлеб гэты і п’яце чару гэтую, сьмерць Гасподнюю абвяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.
Так што хто есьць хлеб гэты ці п’е келіх Госпадавы нягодна, вінны будзе Цела і Крыві Госпада.
А таму, хто будзе есьці хлеб гэты альбо піць чару Гасподнюю нягожа, зьвінаваціцца супроць Цела і Крыві Гасподняй.
Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек і гэтак няхай есьць з хлеба гэтага і п’е з келіха гэтага.
Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек, і такім чынам хай есьць з хлеба гэтага і п’е з чары гэтай.
Бо хто есьць і п’е нягодна, той есьць і п’е прысуд сабе, не раззважаючы пра Цела Госпада.
Бо, хто есьць і п’е нягожа, той есьць і п’е асуду сабе, не разважаючы пра Цела Гасподняе.
Дзеля гэтага сярод вас шмат слабых і хворых, і даволі памірае.
Ад таго многія з вас нядужыя і хворыя, і шмат хто памірае.
Бо калі мы разважаем пра саміх сябе, ня будзем суджанымі.
Бо, калі б мы судзілі самі сябе, дык бы нас ня судзілі;
А калі мы суджаныя, Госпад карае нас, каб не былі мы асуджаныя разам са сьветам.
а калі бываем суджаныя, дык караемся Госпадам, каб ня быць засуджанымі разам са сьветам.
Так што, браты мае, зыходзячыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце.
А таму, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, адзін аднаго чакайце.
А калі хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. А пра ўсё пазасталае загадаю, калі прыйду.
А як хто галодны, хай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. Астатняе ўладжу, калі прыйду.