1 да Карынфянаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Гэтак няхай лічаць нас людзі за паслугачоў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.
Дык вось, кожны павінен уважаць нас за слуг Хрыстовых і за будаўнікоў тайнаў Божых;
Ад аканомаў жа, урэшце, вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным.
ад будаўнікоў жа патрабуецца, каб кожны быў верны.
Для мяне малая [рэч], як судзіце пра мяне вы ці іншыя людзі; але я і сам не суджу сябе.
Мне вельмі мала залежыць, як судзіце мяне вы, альбо як судзяць людзі; я і сам сябе ня суджу.
Бо хоць нічога ня ведаю за сабою, але ў гэтым я не апраўданы. Госпад — Той, Які судзіць мяне.
Бо, хоць я нічога ня ведаю за сабою, але гэтым не апраўдваюся; а судзьдзя мне — Гасподзь.
Так што не судзіце перад часам, пакуль ня прыйдзе Госпад, Які і асьветліць схаванае ў цемры, і выявіць намеры сэрцаў; і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Таму ня судзеце ніяк дачасна, пакуль ня прыйдзе Гасподзь, Які і асьветліць схаванае ў змроку і выявіць сардэчныя намеры, і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
А гэтае, браты, аднёс я да сябе і Апалёса дзеля вас, каб вы ад нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, каб не ганарыліся адзін перад адным.
Гэта, браты, прыклаў я да сябе і да Апалоса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудраваць звыш таго, што напісана, і не выстаўліся адзін перад адным.
Бо хто адзначае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў? А калі атрымаў, нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?
Бо хто вылучае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў бы? А калі атрымаў, чаго хвалішся, быццам не атрымаў?
Вы ўжо насыціліся, ужо сталіся багатымі, бяз нас валадарыце. І калі б вы так валадарылі, каб і нам з вамі валадарыць!
Вы перанасыціліся ўжо, вы ўжо ўзбагаціліся, вы пачалі валадарыць бяз нас. О, калі б на самай справе валадарылі, каб і мы з вамі валадарылі!
Бо я думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў за апошніх, быццам на сьмерць асуджаных, бо мы сталіся відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей.
Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей.
Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы — слабыя, а вы — дужыя; вы — слаўныя, а мы — без пашаны.
Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.
Да цяперашняе гадзіны мы галодныя, і сасмаглыя, і голыя, і б’юць нас, і туляемся,
Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б’юць нас, і бадзяемся,
і працуем, робячы сваімі рукамі. Зьневажаныя, мы дабраслаўляем; перасьледаваныя, мы церпім;
і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем;
абражаюць нас, мы молімся; мы сталіся, як адкіды гэтага сьвету, як сьмецьце для ўсіх да цяпер.
клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль.
Не каб пасароміць вас, пішу гэтае, але як улюбёных дзяцей маіх настаўляю.
Ня каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх.
Бо хаця вы маеце дзесяць тысячаў выхавацеляў у Хрысьце, але няшмат бацькоў, бо я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе праз Эвангельле.
Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем.
Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі.
Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.
Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, які ёсьць дзіця маё ўлюбёнае і вернае ў Госпадзе, які нагадае вам шляхі мае ў Хрысьце, як я паўсюль у-ва ўсякай царкве навучаю.
На тое паслаў я да вас Цімафея, майго любаснага і вернага ў Госпадзе сына, які нагадае вам пра шляхі мае ў Хрысьце Ісусе, як я вучу ўсюды ў кожнай царкве.
А як я не прыходжу да вас, некаторыя ўзганарыліся,
Як я ня йду да вас, дык некаторыя ў вас заганарыліся;
але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і даведаюся ня словы ганарліўцаў, а сілу,
але я неўзабаве прыйду да вас, калі заўгодна будзе Госпаду, і выпрабую ня словы гардуноў, а сілу,
бо Валадарства Божае ня ў слове, але ў сіле.
бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.
Што хочаце? [Каб я] з кіем прыйшоў да вас ці з любоўю і духам ціхасьці?
Чаго вы хочаце? каб з посахам прыйшоў да вас, ці зь любоўю і духам лагоднасьці?