Выслоўяў Саламонавых 14 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Рeraklad V. Hadleuski
Мудрая жонка будуе сабе дом, а неразумная руйнуе яго сваімі рукамі.
Хто ходзіць проста, той баіцца ГОСПАДА, а хто крывіць шляхі свае, той грэбуе Ім.
У вуснах неразумнага дубец пыхлівасьці, а вусны мудрых захоўваюць іх.
Дзе няма скаціны, там ясьлі пустыя, але багата прыбытку ад сілы вала.
Сьведка праўдзівы ня схлусіць, а сьведка фальшывы дыхае няпраўдай.
Насьмешнік шукае мудрасьці, і яе няма, але веданьне лёгкае для разумнага.
Адыйдзі ад чалавека дурнога, бо ня знойдзеш вуснаў разумных.
Мудрасьць разумнага — у разуменьні шляху свайго, а неразумнасьць дурняў — у ашуканстве.
Неразумныя сьмяюцца з віны, а пасярод правых — зычлівасьць.
Сэрца ведае горыч душы сваёй, і ў радасьць ягоную ня ўвойдзе чужынец.
Дом бязбожнікаў будзе зьнішчаны, а намёт правых закрасуе.
Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці.
І ў часе сьмеху баліць сэрца, і заканчэньне радасьці — смутак.
Падступны сэрцам насыціцца шляхамі сваімі, а добры чалавек — сваімі.
Неразумны верыць кожнаму слову, а разумны разважае пра крокі свае.
Мудры баіцца і адварочваецца ад зла, а дурны гняўлівы і самаўпэўнены.
Скоры на гнеў робіць дурасьць, а чалавек зламысны зьненавіджаны.
Неразумныя атрымліваюць у спадчыну дурасьць, а разумныя ўкарануюцца веданьнем.
Ліхія паклоняцца перад добрымі, а бязбожнікі — каля брамаў праведнікаў.
Бедны зьненавіджаны нават бліжнім сваім, але шмат тых, хто любіць багатага.
Хто цураецца бліжняга свайго, той грашыць, а хто літуецца над бедным, той шчасьлівы.
Ці ж не заблукалі тыя, якія задумляюць зло? Але міласэрнасьць і праўда будзе тым, якія задумляюць добрае.
З кожнае працы будзе прыбытак, а ад пустых словаў — толькі нястача.
Карона мудрых — багацьце іхняе, а вянок дурняў — глупства іхняе.
Сьведка праўдзівы ратуе душы, а хлусьлівы дыхае няпраўдай.
У страху перад ГОСПАДАМ моцная пэўнасьць, і для сыноў Сваіх Ён будзе прыстанішчам.
Страх перад ГОСПАДАМ — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці.
У мностве народу веліч валадара, а ў малалікасьці людзей — загуба князя.
У павольнага на гнеў багата розуму, а запальчывы выяўляе дурасьць.
Лагоднае сэрца — жыцьцё для цела, а зайздрасьць — парахненьне косткам.
Хто прыгнятае ўбогага, той зьневажае Творцу ягонага, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным.
Бязбожнік будзе адкінуты за ліхоцьце сваё, а праведнік і пры сьмерці сваёй мае надзею.
У сэрцы разумнага жыве мудрасьць, і паміж дурняў яна вядомая.
Праведнасьць узвышае народ, а грэх — ганьба для народаў.
Зычлівы валадар да слугі разумнага, але абурэньне ягонае на таго, хто асаромлівае яго.