1 Пятра 4 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Антонія Бокуна → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

Дык як Хрыстос цярпеў за нас целам, і вы ўзбройцеся такой думкаю, што той, хто церпіць целам, перастае грашыць,
 

каб рэшту часу ў целе жыць не паводле чалавечых пажаданьняў, але паводле волі Божае.
 

Бо досыць ужо, што мы ў мінулы час жыцьця выконвалі волю паганаў, ходзячы ў бессаромнасьці, пажаданьнях, абпіваньні віном, гулянках, банкетаваньнях і агідным ідалапаклонстве.
 

Таму яны зьдзіўляюцца, што вы не бежыцё з імі на гэты разьліў распусты, і блюзьняць.
 

Яны дадуць справаздачу Таму, Хто гатовы судзіць жывых і мёртвых.
 

Бо дзеля гэтага і мёртвым было дабравешчана, каб яны, суджаныя па-чалавечаму целам, жылі па-Божаму духам.
 

А канец усяму набліжаецца. Дык будзьце пры розуме і цьвярозымі ў малітвах.
 

А перш за ўсё мейце нязьменную любоў адзін да аднаго, бо любоў прыкрые мноства грахоў.
 

Будзьце гасьцінныя адны да адных без нараканьняў.
 

Служыце адзін аднаму кожны тым дарам [ласкі], які атрымаў, як добрыя аканомы разнастайнае ласкі Божае.
 

Калі хто гаворыць — як словы Божыя; калі хто служыць — па сіле, якую дае Бог, каб у-ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.
 

Улюбёныя! Не зьдзіўляйцеся вогненнаму [выпрабаваньню], якое стаецца дзеля спакушэньня вас, нібы нешта дзіўнае здарылася.
 

Але, як супольнікі ў пакутах Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў адкрыцьці славы Ягонай радавацца і весяліцца.
 

Калі зьневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасьлівыя, бо Дух славы, Дух Божы супачывае на вас. Тыя блюзьняць [на Яго], а вы славіце.
 

Абы толькі не цярпеў хто з вас мукі як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або той, хто квапіцца на чужое;
 

а калі як Хрысьціянін, не саромся, але слаў Бога за гэткі ўдзел.
 

Бо час пачацца суду ад дому Божага. А калі спачатку ад нас, дык які канец тых, якія не скарыліся Эвангельлю Божаму?
 

І калі праведны ледзьве збавіцца, дык бязбожнік і грэшнік дзе апынуцца?
 

Так што тыя, якія церпяць паводле волі Божай, няхай перададуць Яму, як вернаму Творцу, душы свае, робячы дабро.