Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міхася Міцкевіча
За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар нябожчык, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.
За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар умершы, якога Ён уваскрасіў.
Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, што ўзьлягалі з Ім.
Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа паслугоўвала; а Лазар-жа сярод іншых, сядзеў разам з Ім за сталом.
Марыя ж, узяўшы фунт міра нардовага, чыстага і каштоўнага, памазала ногі Ісуса і выцерла валасамі сваімі ногі Ягоныя, а дом напоўніўся водарам ад міра.
А Марыя, узяўшы фунт нардовага чыстага дарагога алею, памасьціла ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яго; і дом напоўніўся пахам духмянае масьці.
Кажа тады адзін з вучняў Ягоных, Юда Сымонаў Іскарыёт, які меўся выдаць Яго:
Тады адзін з вучняў Яго Юда Сыманаў Іскарыёт, які хацеў прадаць Яго, сказаў: —
«Чаму не прадалі гэтае міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»
Ці ня лепш было-б прадаць гэтае мірра за трыста дынараў і не раздаць убогім?
Казаў жа ён гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей і меў каліту, і браў тое, што [туды] кідалі.
Сказаў-жа ён гэта не дзеля таго, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей; ён меў пры сабе скарбонку і насіў, што туды кідалі.
Ісус тады сказаў: «Пакіньце яе. Яна захавала яго на дзень пахаваньня Майго,
Ісус-жа сказаў: — ня турбуй яе; яна зьберагла гэта на дзень паховінаў Маіх.
бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды».
Бо ўбогіх вы заўсёды маеце пры сабе, Мяне-ж не заўсёды.
Тады вялікі натоўп з Юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але і каб Лазара пабачыць, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.
Шмат народу з юдэяў, даведаўшыся, што Ён там, прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, якога Ён уваскрасіў з мертвых.
А першасьвятары пастанавілі забіць і Лазара,
Архісьвятары-ж пастанавілі забіць і Лазара.
бо дзеля яго шмат Юдэяў прыходзіла і паверыла ў Ісуса.
Бо дзеля яго многія з юдэяў прыйходзілі і ўвервалі ў Ісуса.
На заўтра вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуў, што Ісус прыходзіць у Ерусалім,
На другі дзень грамады народу, што зыйшліся на сьвята, дачуліся, што Ісус ідзе ў Ерусалім.
і ўзялі пальмовыя галінкі, і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Які прыходзіць у імя Госпада, Валадар Ізраіля!»
І, набраўшы пальмовых ветак, выйшлі на спатканьне Яму, усклікаючы: — асанна! дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе! Кароль Ізраілеў!
Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як напісана:
Ісус-жа, знайшоў асьлё, сеў на яго, як напісана: —
«Ня бойся, дачка Сыёну! Вось, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асьляняці».
Ня бойся, дачка Сыёну: вось, Кароль твой ідзе, седзячы на маладым асьляці.
Вучні Ягоныя перш не разумелі гэтага, але калі Ісус быў праслаўлены, тады яны ўзгадалі, што гэтак было напісана пра Яго і гэтак зрабілі Яму.
Вучні Ягоныя сьпярша не разумелі гэтага, але калі ўславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што гэтак было напісана пра Яго, і гэтае ўчынілі Яму.
Натоўп жа, які быў з Ім, сьведчыў тады, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрасіў яго з мёртвых.
Народ-жа, які быў з Ім раней, сьветчыў, што Ён вызваў з гробу Лазара і ўваскрасіў яго.
Таму і пераняў Яго натоўп, бо чуў, што Ён зрабіў гэты знак.
Дзеля таго і спаткаў Яго народ, бо чуў, што Ён стварыў гэты цуд.
Фарысэі ж гаварылі між сабою: «Глядзіце, нічога не атрымліваецца! Вось, сьвет пайшоў за Ім».
Фарысеі-ж гаварылі між сабою: — бачыце, нічога не парадзіш, увесь народ ідзе за Ім.
Былі ж некаторыя Грэкі сярод тых, якія прыйшлі пакланіцца на сьвята.
Сярод тых якія прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі і некаторыя эльліны.
Яны падыйшлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскае, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам бачыць Ісуса».
Яны падыйшлі да Піліпа, які быў з Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: дабрадзею! мы хочам пабачыць Ісуса.
Філіп ідзе і кажа Андрэю; і пасьля Андрэй і Філіп кажуць Ісусу.
Піліп пайшоў і сказаў пра тое Андрэю; потым Піліп і Андрэй сказалі гэта Ісусу.
А Ісус адказаў ім, кажучы: «Прыйшла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы.
Ісус-жа ў адказ прамовіў да іх: — прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму:
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прыносіць шмат плоду.
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, то застанецца адно, а калі замрэ, то дасьць багаты плён.
Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а той, хто ненавідзіць душу сваю ў гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
Хто зьберагае душу сваю, — загубіць яе, а хто не беражэ душы сваей на гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
Хто Мне служыць, няхай ідзе за Мною; і дзе Я, там і служыцель Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец.
Хто Мне служыць, няхай ідзе за Мною; і дзе Я, там і слуга Мой будзе; а хто Мне служыць, ушануе яго і Айцец Мой.
Цяпер душа Мая ўстрывожана; і што Я скажу? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.
Трывожыцца цяпер душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча! ухавай Мяне ад гэтай гадзіны; але-ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.
Ойча, праслаў імя Тваё!» Тады прыйшоў голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю».
Ойча! праслаў імя Тваё! і зыйшоў з неба голас: — праславіў і яшчэ праслаўлю.
Натоўп, які стаяў і чуў, казаў: «Былі грымоты». Іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго».
У народзе, які стаяў навокал, і чуў гэта, гаварылі: — гром загрымеў; а іншыя гаварылі: — ангел прамовіў да Яго.
Адказаў Ісус і сказаў: «Ня дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.
Ісус у адказ сказаў: — не для Мяне гэты голас быў, а для вас.
Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе прэч.
Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь сьвету гэтага будзе выгнаны вон.
І Я, калі буду падняты з зямлі, усіх прыцягну да Сябе».
І калі Я ўзьнесены буду ад зямлі, усіх прыхілю да Сябе.
Сказаў жа Ён гэтае, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці.
Гэтае гаварыў Ён каб даць разуменьне, якою сьмерцяй Ён памрэ.
Натоўп адказваў Яму: «Мы чулі з Закону, што Хрыстос застаецца вечна. Дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?»
Народ-жа адказаў Яму: — мы чулі з закону, што Хрыстос жыве вечна; як-жа Ты кажаш, што мае быць узьнесены Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?
Тады сказаў ім Ісус: «Яшчэ на кароткі час сьвятло з вамі. Хадзіце, пакуль маеце сьвятло, каб цемра вас не агарнула; а хто ходзіць у цемры, той ня ведае, куды ідзе.
І сказаў ім Ісус: — яшчэ на кароткі час Сьвятло з вамі; хадзеце, пакуль маеце Сьвятло, каб не агарнула вас цемра; а хто ходзіць у цьме, ня ведае куды йдзе.
Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб сталіся вы сынамі сьвятла». Гэта сказаў Ісус і, адыйшоўшы, схаваўся ад іх.
Пакуль маеце Сьвятло, верце ў Сьвятло, каб сынамі Сьвятла сталіся. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і сукрыўся ад іх.
Хоць гэтулькі знакаў учыніў Ён перад імі, яны не паверылі ў Яго,
І хоць столькі цудаў стварыў перад імі, яны ня верылі ў Яго.
каб споўнілася слова Ісаі прарока, якое той сказаў: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас, і каму было адкрытае рамяно Госпада?»
І вось спраўдзілася слова Ісайі прарока, які сказаў: — Госпадзе! хто паверыў таму, што пачулі ад нас, і сіла Гасподняя каму аб'явілася?
Дзеля гэтага не маглі яны верыць, бо ізноў сказаў Ісая:
Дзеля таго не маглі яны ўверыць, што, як яшчэ сказаў Ісайя: —
«Ён засьляпіў вочы іхнія і сэрца іхняе скамяніў, каб ня ўбачылі вачыма і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх».
Яны маюць засьлепленыя вочы, і зацьвярдзелыя сэрцы іхныя, каб ня бачаць вачыма і не ўразумець сэрцам, і не навярнуцца, каб Я ацаліў іх.
Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і гаварыў пра Яго.
Гэта сказаў Ісайя, калі бачыў славу Яго і гаварыў пра Яго.
Аднак і з начальнікаў шмат хто паверыў у Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб іх не адлучылі,
Аднака-жа многія з начальнікаў ўверылі ў Яго, але дзеля фарысеяў не вызнаваліся, каб ня быць адлучанымі ад сынагогі.
бо яны палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
Бо ўпадабалі славу людзкую больш як славу Божую.
А Ісус закрычаў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне.
Ісус-жа, усклікнуўшы, гаварыў: — хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне.
І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
Я, Сьвятло, прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не застаўся ў цемры.
Я — Сьвятло, і прыйшоў у сьвет, каб кажны, хто ў Мяне верыць, не бытаваў у цемры.
І калі хто пачуе гэтыя словы і не паверыць, Я ня буду судзіць яго, бо Я прыйшоў не каб судзіць сьвет, але каб збавіць сьвет.
І калі хто пачуе словы Мае і не паверыць, Я ня суджу яго, бо Я прыйшоў ня судзіць, але выбавіць яго.
Хто адкідае Мяне і не прыймае словаў Маіх, мае судзьдзю для сябе — слова, якое Я сказаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;
Хто выракаецца Мяне і ня прыймае слоў Маіх, той мае судзьдзю сабе: слова, якое Я гавару, будзе судзьдзёю яму ў апошні дзень.
бо Я казаў не ад Сябе, але Айцец, Які паслаў Мяне, даў Мне прыказаньне, што казаць і што гаварыць.
Бо не ад Сябе гавару Я, але ад Айца Майго, Ён паслаў Мяне і запавядаў, што гаварыць і што выглашаць.
І Я ведаю, што прыказаньне Ягонае ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне Айцец».
І ведаю, што запавет Яго — гэта жыцьцё вечнае; і калі Я што гавару, то гавару так, як гаварыў Мне Айцец.