Лікі 15 разьдзел

Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю пражываньня вашага, якую Я даю вам,
 
абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы ўвойдзеце ў зямлю вашага жыхарства, якую Я даю вам,

і будзеце складаць ахвяры ГОСПАДУ, цэласпаленьні або ахвяры крывавыя, або як спаўненьне шлюбаваньняў, або дабраахвотныя, або пры ўрачыстасьцях вашых, каб прынесьці мілы пах ГОСПАДУ з валоў ці з авечак,
 
і будзеце прыносіць ахвяру Госпаду, цэласпаленьне, альбо ахвяру колатую, з валоў і авечак, у выкананьне абяцаньня, альбо з руплівасьці, альбо ў сьвяты вашыя, каб зрабіць прыемную духмянасьць Госпаду, —

тады той, хто прыносіць дар ахвярны ГОСПАДУ, [прынясе] ў ахвяру хлебную адну дзясятую [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай адной чацьвёртай гіну алею.
 
тады той, хто прыносіць ахвяру сваю Госпаду, павінен прынесьці ў прынашэньне ад хлеба дзясятую частку эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з чацьвёртаю часткаю гіна алею;

І віна як ахвяру вадкую дасьць разам з ахвярай цэласпаленьня або з ахвярай крывавай чацьвёртую частку гіну на кожнае ягня.
 
і віна дзеля паліваньня прынось чацьвярціну гіна пры цэласпаленьні альбо пры ахвяры, якую колеш, на кожнае ягня.

А разам з ахвярай з барана складзеш як ахвяру хлебную дзьве трэці [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай адной трэцяй гіну алею,
 
А прыносячы барана, прынось у прынашэньне хлебнае дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з трацінай гіна алею;

і віна як ахвяру вадкую адну траціну гіну прынясеш на мілы пах ГОСПАДУ.
 
і віна для паліваньня прынось траціну гіна дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

Калі складаеш у ахвяру цяля на цэласпаленьне або ў ахвяру крывавую як спаўненьне шлюбаваньня, або ў ахвяру мірную для ГОСПАДА,
 
Калі маладога вала прыносіш на цэласпаленьне альбо ў ахвяру колеш, дзеля выкананьня абяцаньня альбо ў мірную ахвяру Госпаду,

дасі разам з цялём у ахвяру хлебную тры дзясятыя часткі [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай паловай гіну алею,
 
дык разам з валом трэба прынесьці прынашэньня хлебнага тры дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з палавінаю гіна алею;

а ў ахвяру вадкую дасі палову гіну віна. Гэта ахвяра агнявая на мілы пах ГОСПАДУ.
 
і віна на паліваньне прынось паўгіна ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

Так трэба рабіць пры кожнай ахвяры з цяляці, або барана, або ягняці як з авечак, так і з козаў.
 
Так рабі пры кожным прынашэньні вала і барана і ягняці з авечак альбо коз;

Паводле ліку ахвяраў, якія вы складаеце, так рабіце пры кожнай, паводле лічбы іх.
 
па ліку ахвяр, якія вы прыносіце, так рабеце пры кожнай, па ліку іх.

Кожны тутэйшы так павінен рабіць гэта, складаючы ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ.
 
Кожны тубылец так павінен рабіць гэта, прыносячы ахвяру дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду;

А калі нейкі прыхадзень, які ў вас, або які [шмат] пакаленьняў сярод вас, складзе ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ, павінен складаць яе, як і вы.
 
і калі будзе паміж вамі жыць прыхадзень, альбо хто б там ні быў сярод вас у роды вашыя, і прынясе ахвяру дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, дык і ён павінен рабіць так, як вы робіце;

Пастанова царкоўная адна і для вас, і для прыхадняў у-ва ўсе пакаленьні вашыя; як вы, так і прыхадзень будзе перад абліччам ГОСПАДА.
 
вам, супольства, і прыхадню, які жыве, статут адзін, статут вечны ў роды вашыя: што вы, тое і прыхадзень хай будзе перад Госпадам;

Адзін закон і адзін суд будзе як для вас, так і для прыхадняў, якія жывуць у вас”».
 
закон адзін і адны правы хай будуць вам і прыхадню, які жыве ў вас.

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы прыйдзеце ў зямлю, у якую Я заводжу вас,
 
абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы ўвойдзеце ў зямлю, у якую Я вяду вас,

і калі будзеце есьці хлеб той зямлі, выдзяліце дар для ГОСПАДА.
 
і будзеце есьці хлеб той зямлі, дык прыносьце прынашэньне Госпаду;

Пяршыны цеста вашага печыва прынясіце як дар, як дар з току прынясіце яго.
 
ад пачаткаў цеста вашага ляпёшку прыносьце ў прынашэньне; прыносьце яе так, як прынашэньне з гумна;

Будзеце складаць пяршыны цеста вашага як дар для ГОСПАДА ў-ва ўсе пакаленьні вашыя.
 
ад пачаткаў цеста вашага аддавайце ў прынашэньне Госпаду ў роды вашыя.

Калі праз няведаньне вы ня споўніце ўсіх гэтых прыказаньняў, якія прамовіў ГОСПАД да Майсея,
 
А калі парушыце ад няведаньня і ня выканаеце ўсіх гэтых наказаў, якія сказаў Гасподзь Майсею,

таго ўсяго, што загадаў вам ГОСПАД праз Майсея, ад дня, у які ГОСПАД загадаў гэта, і праз усе пакаленьні вашыя,
 
усяго, што наказаў вам Гасподзь праз Майсея, ад таго дня, калі Гасподзь наказаў вам, і наперад у роды вашыя, —

і станецца, што перад вачыма грамады будзе зроблена гэта занядбаньне, павінна ўся грамада скласьці цяля ў ахвяру цэласпаленьня на мілы пах ГОСПАДУ, адпаведную ахвяру хлебную і ахвяру вадкую, і казла ў ахвяру за грэх.
 
дык, калі зь недагляду супольства зроблена памылка, няхай уся супольнасьць прынясе аднаго маладога вала на цэласпаленьне, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, з хлебным прынашэньнем і паліваньнем яго, паводле статуту, і аднаго казла ў ахвяру за грэх;

І перамоліць сьвятар за ўсю грамаду сыноў Ізраіля, і будзе ім адпушчана, бо было гэта зроблена па няведаньні, і яны прынесьлі свой дар ахвярны, ахвяру агнявую для ГОСПАДА, і ахвяру за грэх перад абліччам ГОСПАДА за занядбаньне сваё.
 
і ачысьціць сьвятар усё супольства сыноў Ізраілевых, і будзе даравана ім, бо гэта была памылка, і яны прынесьлі прынашэньне сваё ў ахвяру Госпаду, і ахвяру за грэх свой перад Госпадам, за сваю памылку;

І будзе адпушчана ўсёй грамадзе сыноў Ізраіля і прыхадням, якія жывуць сярод іх, бо гэта занядбаньне ўсяго народу.
 
і будзе даравана ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і прыхадню, які жыве сярод іх, бо ўвесь народ зрабіў гэта з памылкі.

Калі адна душа саграшыць занядбаньнем, няхай прынясе аднагадовую казу ў ахвяру за грэх.
 
А калі адзін хто згрэшыць зь няведаньня, дык няхай прынясе казу-адналетку ў ахвяру за грэх;

І сьвятар перапросіць за душу, якая праз занядбаньне саграшыла перад абліччам ГОСПАДА, і будзе за яе перапрошана, і будзе адпушчана ёй.
 
і ачысьціць сьвятар душу, якая зрабіла з памылкі грэх перад Госпадам, і ачышчана будзе, і даравана будзе ёй,

Адзін закон будзе для ўсіх, як для тутэйшых спасярод сыноў Ізраіля, так і для прыхадняў, якія жывуць сярод вас, адносна таго, што рабіць пры занядбаньні.
 
адзін закон хай будзе ўсім вам, як прыроднаму жыхару з сыноў Ізраілевых, так і прыхадню, які жыве ў вас, калі хто зробіць што з памылкі.

А калі душа з тутэйшых або з прыхадняў зробіць з узьнятай рукой зьнявагу ГОСПАДУ, будзе вынішчана душа тая спаміж народу свайго,
 
А калі хто з тубыльцаў альбо з прыхадняў зробіць што дзёрзкаю рукою, дык ён зьневажае Госпада: зьнішчыцца душа тая з народу свайго,

бо яна пагардзіла словам ГОСПАДА і парушыла прыказаньне Ягонае. Такая душа будзе вынішчаная, і беззаконьне ейнае [будзе] на ёй”».
 
бо словам Гасподнім ён пагардзіў і запавет Ягоны парушыў; зьнішчыцца душа тая; грэх яе на ёй.

І былі сыны Ізраіля ў пустыні, і знайшлі яны чалавека, які зьбіраў дровы ў дзень суботы.
 
Калі сыны Ізраілевыя былі ў пустыні, знайшлі чалавека, які зьбіраў дровы ў суботу;

І прывялі яго тыя, кія знайшлі яго, да Майсея і Аарона, і да ўсёй грамады.
 
і прывялі яго, зборшчыка дроў, да Майсея і Аарона і да ўсяго супольства;

Яны пакінулі яго пад вартай, бо ня ведалі, што з ім зрабіць.
 
і пасадзілі яго пад варту, бо ня было яшчэ вызначана, што трэба зь ім зрабіць.

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гэты чалавек сьмерцю памрэ. Няхай уся грамада ўкамянуе яго па-за табарам».
 
І сказаў Гасподзь Майсею: павінен памерці чалавек гэты; хай паб’е яго камянямі ўсё супольства за табарам.

І вывела яго ўся грамада па-за табар, і ўкаменавалі яго, як загадаў ГОСПАД Майсею, і ён памёр.
 
І вывела яго ўсё супольства з табара, і пабілі яго камянямі, і ён памёр, як загадаў Гасподзь Майсею.

І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім, каб яны зрабілі сабе фрэнзьлі на краях шатаў сваіх і нашчадкаў сваіх і ўклалі ў іх ніткі з блакіту.
 
абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім, каб яны рабілі сабе кутасы на краях вопраткі сваёй у роды іхнія, і ў кутасы, якія на краях, устаўлялі ніткі з блакітнай воўны;

І будзе, калі ўбачыце фрэнзлі вашыя, узгадаеце ўсе прыказаньні ГОСПАДА, каб выканаць іх і каб не ісьці вам за [пажаданьнямі] сэрца вашага і вачэй вашых, якія валакуць вас у распуснасьць,
 
і будуць яны ў кутасах у вас дзеля таго, каб вы, гледзячы на іх, успаміналі ўсе наказы Гасподнія і выконвалі іх і не хадзілі сьледам за сэрцам вашым і вачамі вашымі, якія вабяць вас да блудадзейства,

каб вы памяталі і каб выконвалі ўсе прыказаньні Мае, і будзеце сьвятымі перад Богам вашым.
 
каб вы памяталі і выконвалі ўсе наказы Мае і былі сьвятыя перад Богам вашым.

Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — ГОСПАД, Бог ваш!»
 
Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам: Я Гасподзь, Бог ваш.