Лікі 14 разьдзел

Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І ўстала ўся грамада, і ўзьняла голас свой, і плакаў народ у тую ноч,
 
І нарабіла ўсё супольства ляманту, і плакаў народ усю тую ноч;

і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраіля, і ўся грамада казала: «Лепш, каб мы памерлі ў Эгіпце, або ў пустыні гэтай.
 
і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраілевыя, і ўсё супольства сказала ім: о, лепей бы мы памерлі ў зямлі Егіпецкай, альбо сканалі ў пустыні гэтай!

Навошта завёў нас ГОСПАД у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад мяча, а жонкі нашыя і дзеці нашыя пайшлі ў палон? Ці ня лепш нам вярнуцца ў Эгіпет?»
 
і навошта Гасподзь вядзе нас у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад меча? жонкі нашыя і дзеці нашыя дастануцца ў здабычу ворагам; ці ня лепей нам вярнуцца ў Егіпет?

І казалі адзін аднаму: «Паставім сабе правадыра і вернемся ў Эгіпет».
 
І сказалі адзін аднаму: паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет.

І ўпалі Майсей і Аарон на абліччы свае перад усёй царквою грамады сыноў Ізраіля.
 
І ўпалі Майсей і Аарон на абліччы свае перад усім сходам супольства сыноў Ізраілевых.

А Егошуа, сын Нуна, і Халеў, сын Ефунны, якія [былі] сярод выведнікаў зямлі, разьдзёрлі шаты свае
 
І Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, з тых, што аглядалі зямлю, разадралі вопратку на сабе

і сказалі ўсёй грамадзе сыноў Ізраіля, кажучы: «Зямля, якую мы абыйшлі, каб выведаць яе, вельмі, вельмі добрая.
 
і сказалі ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: зямля, якую мы праходзілі дзеля агляду, вельмі, вельмі добрая;

Калі ласкавы будзе ГОСПАД, Ён увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам зямлю, якая ацякае малаком і мёдам.
 
калі Гасподзь літасьцівы да нас, дык увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам яе — гэтую зямлю, у якой цячэ малако і мёд;

Не бунтуйцеся супраць ГОСПАДА і ня бойцеся народу той зямлі, бо яны як хлеб для нас. Адыйшла абарона іхняя ад іх, а з намі ГОСПАД. Ня бойцеся іх».
 
толькі супроць Госпада не паўставайце і ня бойцеся народу зямлі гэтай, бо ён дастанецца нам у наедак: абароны ў іх ня стала, а з намі Гасподзь; ня бойцеся іх.

І казала ўся грамада, каб закідаць іх камянямі, але над Намётам Спатканьня зьявілася слава ГОСПАДА перад усімі сынамі Ізраіля.
 
І сказала ўсё супольства: пабіць іх камянямі! Але слава Гасподняя явілася ў скініі сходу ўсім сынам Ізраілевым.

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Дакуль будзе зьневажаць Мяне народ гэты? Дакуль ня будзе ён верыць усім знакам, якія Я ўчыніў сярод іх?
 
І сказаў Гасподзь Майсею: дакуль будзе дражніць Мяне народ гэты? і дакуль ён будзе ня верыць Мне пры ўсіх азнаках, якія рабіў Я сярод яго?

Я наведаю яго пошасьцю і зьнішчу яго. А з цябе Я зраблю вялікі народ, мацнейшы за яго».
 
пакараю яго пошасьцю і зьнішчу яго і выведу ад цябе народ болей шматлікі і мацнейшы за яго.

І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «І пачуюць Эгіпцяне, ад якіх Ты вывеў народ гэты магутнасьцю Тваёй,
 
Але Майсей сказаў Госпаду: пачуюць Егіпцяне, спасярод якіх Ты сілаю Тваёю вывеў народ гэты,

і скажуць жыхарам зямлі, якія чулі, што Ты, ГОСПАДЗЕ, пасярод народу гэтага, якому даеш бачыць Сябе вачамі, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы — у слупе вогненным.
 
і скажуць жыхарам зямлі гэтай, якія чулі, што Ты, Госпадзе, сярод народу гэтага, і што Ты, Госпадзе, дазваляеш ім бачыць Сябе твар у твар, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы ў слупе вогненным;

Калі народ гэты выб’еш да апошняга чалавека, скажуць народы, якія пра гэта пачуюць, кажучы:
 
і калі Ты зьнішчыш народ гэты, як аднаго чалавека, дык народы, якія чулі славу Тваю, скажуць:

“ГОСПАД ня змог увесьці народ у зямлю, якую ім запрысяг, дзеля таго Ён зьнішчыў іх у пустыні!”
 
Гасподзь ня мог увесьці народ гэты ў зямлю, якую Ён запрысягнуўся даць яму, а таму і загубіў яго ў пустыні.

А цяпер няхай праславіцца моц Госпада, як Ты прамовіў, кажучы:
 
Дык вось, няхай узьвялічыцца сіла Гасподняя, як Ты сказаў, кажучы:

“ГОСПАД павольны да гневу і бязьмежнай міласэрнасьці, Які прабачае правіны і беззаконьні і не пакідае без пакараньня, але карае беззаконьні бацькоў на сынах да трэцяга, а нават да чацьвёртага [пакаленьня]”.
 
Гасподзь доўгацярплівы і шматлітасьцівы, даруе беззаконьні і злачынствы, і не пакідае без пакараньня, а карае беззаконьне бацькоў у дзецях да трэцяга і чацьвёртага роду.

Даруй, прашу, правіну народу гэтаму дзеля вялікай міласэрнасьці Тваёй, як Ты насіў народ гэты ад Эгіпту аж дасюль».
 
Даруй грэх народу гэтаму зь вялікай міласьці Тваёй, як Ты дараваў народу гэтаму ад Егіпта дагэтуль.

І сказаў ГОСПАД: «Я прабачаю паводле слова твайго.
 
І сказаў Гасподзь: дарую па слове тваім:

Але, як Я жывы, слава ГОСПАДА напоўніць усю зямлю!
 
але жывы Я, і славай Гасподняй поўная ўся зямля;

Усе людзі, якія бачылі славу Маю і знакі Мае, якія Я рабіў у Эгіпце і ў пустыні, але спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў і ня слухалі голасу Майго,
 
усе, хто бачыў славу Маю і азнакі Мае, зробленыя Мною ў Егіпце і ў пустыні, і ня слухалі голасу Майго,

не пабачаць яны зямлі, якую Я абяцаў бацькам іхнім, і ніхто з тых, хто зьневажаў Мяне, ня ўбачыць яе.
 
ня ўбачаць зямлі, якую Я запрысягнуўся даць бацькам іхнім; усе, хто дражніў Мяне, ня ўбачаць яе;

Але слугу Майго Халева, бо ён напоўнены іншым духам, Я ўвяду ў тую зямлю, у якую ён ужо ўвайшоў, і насеньне ягонае авалодае ёю.
 
але раба Майго, Халева, за тое, што ў ім быў іншы дух, і ён цалкам слухаўся Мяне, увяду ў зямлю, у якую ён хадзіў, і семя ягонае ўспадкуе яе;

Няхай Амалек і Хананейцы жывуць у далінах. Заўтра выйдзеце [ў дарогу] і вернецеся ў пустыню ў накірунку Мора Чырвонага».
 
Амалікіцяне і Хананэі жывуць у даліне; заўтра павярнецеся і ідзеце ў даліну да Чэрмнага мора.

І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Дакуль гэтая грамада ліхая будзе наракаць на Мяне? Я пачуў нараканьні сыноў Ізраіля, якімі яны наракаюць супраць Мяне.
 
дакуль ліхое супольства гэтае будзе наракаць на Мяне? Нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на Мяне, Я чую.

Скажы ім: “Як жывы Я, кажа ГОСПАД. Як вы гаварылі, гэтак Я зраблю вам!
 
Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь: як казалі вы ў вушы Мне, так і зраблю вам;

У гэтай пустыні пападаюць трупы вашыя! Усе палічаныя, якія наракалі на Мяне, ад дваццаці гадоў і вышэй, паводле падліку.
 
у пустыні гэтай палягуць целы вашыя, і ўсе вы палічаныя, колькі вас лікам, ад дваццаці гадоў і вышэй, якія наракалі на Мяне,

Ня ўвойдзеце вы ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, запрысяг пасяліць вас, апрача Халева, сына Ефунны, і Егошуа, сына Нуна.
 
ня ўвойдзеце ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, прысягаўся асяліць вас, акрамя Халева, сына Ефаніінага, і Ісуса, сына Нававага;

А дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны будуць здабычай, Я ўвяду, і яны авалодаюць зямлёю, якою вы ўзгардзілі.
 
дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычай ворагам, Я ўвяду туды, і яны ўведаюць зямлю, якою вы пагардзілі,

А трупы вашыя будуць ляжаць у пустыні гэтай.
 
а вашыя трупы палягуць у пустыні гэтай;

І сыны вашыя будуць блукаць у пустыні сорак гадоў і будуць насіць нявернасьць вашую, пакуль ня счэзнуць трупы вашыя ў пустыні.
 
а сыны вашыя будуць качаваць у пустыні сорак гадоў і будуць несьці кару за блудадзейства вашае, пакуль не загінуць усе целы вашыя ў пустыні;

Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, дзень [будзе залічаны] за год, сорак гадоў вы будзеце насіць беззаконьне вашае і даведаецеся, што такое, калі Я пакінуў вас.
 
па ліку сарака дзён, у якія вы аглядалі зямлю, вы панесяце кару за грахі вашыя сорак гадоў, год за дзень, каб вы спазналі, што значыцца быць пакінутым Мною.

Я, ГОСПАД, прамовіў і гэтак зраблю гэтай грамадзе ліхой, якая бунтуецца супраць Мяне. У гэтай пустыні вы загінеце і памрацё”».
 
Я, Гасподзь, кажу і так зраблю з усім гэтым ліхім супольствам, што паўстала супроць Мяне: у пустыні гэтай усе яны загінуць і перамруць.

І тыя людзі, якіх паслаў Майсей на выведваньне зямлі, і якія, вярнуўшыся, наракалі і схілілі ўсю грамаду да нараканьня, даючы ліхія весткі пра зямлю,
 
І тыя, каго пасылаў Майсей на агледзіны зямлі, і якія, вярнуўшыся, узбурылі супроць яго ўсё гэта супольства, распускаючы ліхія чуткі пра зямлю,

тыя, што разносілі ліхія весткі пра зямлю тую, памерлі раптоўна перад абліччам ГОСПАДА.
 
гэтыя, што распусьцілі благія чуткі пра зямлю, памерлі, пабітыя прад Госпадам;

Але Егошуа, сын Нуна, і Халеў, сын Ефунны, засталіся жывымі з усіх тых людзей, якія хадзілі выведваць зямлю.
 
толькі Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, засталіся жывыя з тых мужоў, якія хадзілі аглядаць зямлю.

І прамовіў Майсей усе гэтыя словы да ўсіх сыноў Ізраіля, і народ вельмі засмуціўся.
 
І сказаў Майсей словы гэтыя перад усімі сынамі Ізраілевымі, і народ моцна засмуціўся.

І ўсталі яны раніцаю, і ўзыйшлі на вяршыню гары, кажучы: «Вось мы, і мы пойдзем на месца, пра якое казаў ГОСПАД, бо мы саграшылі».
 
І ўстаўшы з самага рана, пайшлі на вяршыню гары, кажучы: вось, мы пойдзем на тое месца, пра якое сказаў Гасподзь, бо мы зграшылі.

І сказаў Майсей: «Навошта вы пераступаеце [слова] з вуснаў ГОСПАДА? Гэта ня будзе мець посьпеху.
 
Майсей сказаў: навошта вы пераступаеце загад Гасподні? гэта ня дасьць посьпеху;

Не ідзіце, бо няма ГОСПАДА з вамі, каб не пагінулі вы перад абліччам ворагаў вашых!
 
не хадзеце, бо няма сярод вас Госпада, каб не пабілі вас ворагі вашыя;

Бо Амалек і Хананейцы перад вамі, ад мяча іхняга вы пагінеце, бо вы адвярнуліся ад ГОСПАДА, і ня будзе з вамі ГОСПАДА».
 
бо Амалікіцяне і Хананэі там перад вамі, і вы паляжаце ад меча, бо вы адступіліся ад Госпада, і ня будзе з вамі Госпада.

Але яны вырашылі ўзыйсьці на вяршыню гары; а Каўчэг Запавету ГОСПАДА і Майсей ня выйшлі з табару.
 
Але яны дзёрзка рашылі падняцца на вяршыню гары; а каўчэг запавета Гасподняга і Майсей не пакідалі табару.

І зыйшлі Амалекцы і Хананейцы, якія жылі на гары, і разьбілі іх, і гналі іх аж да Хармы.
 
І сышлі Амалікіцяне і Хананэі, якія жылі на гары той, і разьбілі іх, і гналі іх да Хормы.