Лікі 32 разьдзел

Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

А ў сыноў Рубэна і сыноў Гада былі шматлікія статкі, вельмі шматлікія. І яны ўбачылі зямлю Язэр і зямлю Гілеад, і вось, гэта на гадоўлю быдла.
 
У сыноў Рувімавых і ў сыноў Гадавых статкаў было вельмі многа; і ўбачылі яны, што зямля Язэр і зямля Галаад ёсьць месца прыдатнае статкам;

І прыйшлі сыны Рубэна і сыны Гада, і сказалі Майсею, і Элеазару сьвятару, і князям грамады, кажучы:
 
і прыйшлі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя і сказалі Майсею і Элеазару і князям супольства, кажучы:

«Атарот, Дыбон, Язэр, Німра, Хешбон, Элеале, Сэвам, Нэво і Вэон,
 
Атарот і Дывон, і Язэр і Німра, і Эсэвон і Элале, і Сэвам і Нэво і Вэон.

зямля, якую здабыў ГОСПАД перад абліччам грамады Ізраіля, зямля для гадоўлі быдла, а слугі твае маюць статкі».
 
зямля, якую Гасподзь пабіў перад супольствам Ізраілевым, ёсьць зямля прыдатная для статкаў, а ў рабоў тваіх ёсьць статкі.

І сказалі: «Калі мы знайшлі ласку ў вачах тваіх, дай гэтую зямлю слугам тваім на ўласнасьць, не пераводзь нас праз Ярдан».
 
І сказалі: калі мы здабылі ўпадабаньне ў вачах тваіх, аддай зямлю гэтую рабам тваім у валоданьне; не пераводзь нас празь Ярдан.

І сказаў Майсей сынам Гада і сынам Рубэна: «Браты вашыя пойдуць ваяваць, а вы тут будзеце сядзець?
 
І сказаў Майсей сынам Гадавым і сынам Рувімавым: браты вашыя пойдуць на вайну, а вы застанецеся тут?

Навошта вы стрымліваеце сэрца сыноў Ізраіля, каб яны не перайшлі ў зямлю, якую даў ім ГОСПАД?
 
дзеля чаго вы ўхіляеце сэрца сыноў Ізраілевых ад пераходу ў зямлю, якую дае ім Гасподзь?

Так зрабілі бацькі вашыя, калі я паслаў іх з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю.
 
так рабілі бацькі вашыя, калі я пасылаў іх з Кадэс-Варні на агляд зямлі:

І дайшлі яны да даліны Эшколь, і ўбачылі яны зямлю, і збунтавалі яны сэрцы сыноў Ізраіля, каб не ішлі яны ў зямлю, якую даў ім ГОСПАД.
 
яны даходзілі да даліны Эсхол, і бачылі зямлю і ўхілілі сэрца сыноў Ізраілевых, каб ня йшлі яны ў зямлю, якую Гасподзь дае ім;

І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА ў той дзень і Ён прысягнуў, кажучы:
 
і запалаў таго дня гнеў Госпада, і пакляўся ён, кажучы:

“Ня ўбачаць гэтыя людзі, якія выйшлі з Эгіпту ў дваццаць гадоў і вышэй, зямлі, якую Я пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ісааку і Якубу, бо яны ня слухаліся Мяне,
 
людзі гэтыя, якія выйшлі зь Егіпта, ад дваццаці гадоў і вышэй, не пабачаць зямлі, пра якую я запрысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якаву, бо яны ня слухаліся Мяне,

акрамя Халева, сына Ефунны, Кенэзеяніна, і Егошуа, сына Нуна, бо яны слухаліся ГОСПАДА!”
 
апрача Халева, сына Ефаніінага, Кенэзэяніна, і Ісуса, сына Нававага, бо яны слухаліся Госпада.

І гневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не памерла ўсё пакаленьне, якое рабіла зло перад вачыма ГОСПАДА.
 
І запалаў гнеў Госпада на Ізраіля, і вадзіў Ён іх па пустыні сорак гадоў, пакуль ня скончыўся ўвесь род, які ўчыніў зло ў вачах Гасподніх.

І вось, вы сталі замест бацькоў вашых, людзей грэшных, каб павялічыць лютасьць гневу ГОСПАДА на Ізраіля.
 
І вось, замест бацькоў вашых паўсталі вы, выродзьдзе грэшнікаў, каб узмацніць яшчэ больш лютасьць гневу Гасподняга на Ізраіля.

Калі зноў адвернецеся ад Яго, зноў Ён будзе вадзіць вас па пустыні, і вы загубіце ўвесь народ гэты».
 
Калі вы адвернецеся ад Яго, дык Ён зноў пакіне яго ў пустыні, і вы згубіце ўвесь народ гэты.

І яны падыйшлі бліжэй да яго, і сказалі: «Мы пабудуем загарадкі для авечак і для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых,
 
І пайшлі яны да яго і сказалі: мы пабудуем тут авечыя кашары для статкаў нашых і гарады дзецям нашым;

а самі, узброеныя, пойдзем хутка перад абліччам сыноў Ізраіля, пакуль не ўвядзём іх у месцы, дзе яны будуць жыць. Дзеці нашыя будуць жыць у гарадах мураваных дзеля [небясьпекі] ад жыхароў зямлі гэтай.
 
а самыя мы першыя ўзброімся і пойдзем перад сынамі Ізраілевымі, пакуль не прывядзём іх у мясьціны іхнія; а дзеці нашыя няхай застануцца ва ўмацаваных гарадах дзеля бясьпекі ад жыхароў зямлі;

Ня вернемся мы ў дамы нашыя, пакуль не авалодаюць сыны Ізраіля спадчынай сваёй.
 
ня вернемся ў дамы нашыя, пакуль ня ўступяць сыны Ізраілевыя кожны ў надзел свой;

Мы ня будзем шукаць спадчыны з імі на тым баку Ярдану або далей, бо ўжо маем спадчыну сваю на ўсходнім беразе Ярдану».
 
бо мы ня возьмем зь імі надзелу па той бок Ярдана і далей, калі надзел нам дастанецца па гэты бок Ярдана, на ўсход.

І Майсей сказаў ім: «Калі ўчыніце паводле слова гэтага, калі ўзброеныя пойдзеце перад абліччам ГОСПАДА на бітву,
 
І сказаў ім Майсей: калі вы гэта зробіце, калі ўзброеныя пойдзеце на вайну перад Госпадам,

і калі кожны з вас, узброены, пяройдзе Ярдан перад абліччам ГОСПАДА, аж пакуль Ён ня выганіць ворагаў Сваіх перад абліччам Сваім,
 
і пойдзе кожны з вас узброены за Ярдан перад Госпадам, пакуль ня зьнішчыць Ён ворагаў Сваіх перад Сабою,

і будзе здабытая зямля перад абліччам ГОСПАДА, а потым вернецеся, тады ня будзеце вінаватыя перад ГОСПАДАМ і перад Ізраілем і возьмеце зямлю гэтую на ўласнасьць перад абліччам ГОСПАДА.
 
і ўпакорана будзе зямля перад Госпадам, дык потым вернецеся і будзеце невінаватыя перад Госпадам і перад Ізраілем, і будзе зямля гэтая ў вас у валоданьні перад Госпадам;

А калі ня зробіце так, вы дапусьціцеся грэху перад ГОСПАДАМ, і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.
 
а калі ня зробіце так, дык згрэшыце перад Госпадам і зьведаеце кару за грэх ваш, якая спасьцігне вас;

Дык будуйце гарады дзецям вашым і загарадкі для авечак вашых, і тое, што выйшла з вуснаў вашых, зрабіце».
 
будуйце сабе гарады дзецям вашым і кашары авечкам вашым і рабеце, што вымаўлена вуснамі вашымі.

І сказалі сыны Гада і сыны Рубэна Майсею, кажучы: «Слугі твае зробяць так, як загадаў гаспадар наш.
 
І сказалі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя Майсею: рабы твае зробяць, як загадвае гаспадар наш;

Дзеці нашыя, жонкі нашыя, статкі нашыя і ўсё быдла нашае застануцца ў гарадах Гілеаду,
 
дзеці нашыя, жонкі нашыя, статкі нашыя і ўсё быдла наша застануцца тут у гарадах Галаада,

а слугі твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам ГОСПАДА на вайну, як прамовіў гаспадар наш».
 
а рабы твае, усе ўзброіўшыся, як ваяры, пойдуць перад Госпадам на вайну, як кажа гаспадар наш.

І загадаў Майсей Элеазару сьвятару і Егошуа, сыну Нуна, і галовам дамоў бацькоў сыноў Ізраіля,
 
І даў Майсей пра іх загад Элеазару сьвятару і Ісусу, сыну Нава, і правадырам плямёнаў сыноў Ізраілевых,

і сказаў ім Майсей: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць Ярдан, усе ўзброеныя на бітву перад абліччам ГОСПАДА, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім зямлю Гілеад на ўласнасьць.
 
і сказаў ім Майсей: калі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя пяройдуць з вамі за Ярдан, усе ўзброіўшыся на вайну перад Госпадам, і ўпакорана будзе перад вамі зямля, дык аддайце ім зямлю Галаад у валоданьне;

А калі ня пойдуць разам з вамі, узброеныя, атрымаюць пасяленьні паміж вас у зямлі Ханаан».
 
а калі ня пойдуць яны з вамі ўзброеныя, і яны атрымаюць валоданьне разам з вамі ў зямлі Ханаанскай.

І адказалі сыны Гада і сыны Рубэна, кажучы: «Як прамовіў ГОСПАД да слугаў тваіх, так і зробім.
 
І адказвалі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя і сказалі: як сказаў Гасподзь рабам тваім, так і зробім;

Мы пойдзем, узброеныя, перад абліччам ГОСПАДА ў зямлю Ханаан, а ўласнасьць нашая, спадчына нашая з гэтага боку Ярдану».
 
мы пойдзем узброеныя перад Госпадам у зямлю Ханаанскую, а надзел валоданьня нашага хай будзе па гэты бок Ярдана.

І даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакаленьня Манасы, сына Язэпа, валадарства Сыгона, валадара Амарэйцаў, і валадарства Ога, валадара Башану, зямлю з гарадамі і гарады зямлі навокал.
 
І аддаў Майсей ім, сынам Гадавым і сынам Рувімавым, і палавіне племя Манасіі, сына Язэпавага, царства Сігона, цара Амарэйскага, і царства Ога, цара Васанскага, зямлю з гарадамі яе і навакольлем, гарады зямлі ва ўсе бакі.

І адбудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,
 
І пабудавалі сыны Гадавыя Дывон і Атарот і Араэр,

Атрот-Шафан, Язэр і Ёгбэгу,
 
і Атарот-Шотан і Язэр і Ёгбэгу,

Бэт-Німру і Бэт-Гаран, мураваныя гарады і загарадкі для авечак.
 
і Бэт-Німру і Бэт Гаран, гарады ўмацаваныя і кашары авечкам.

А сыны Рубэна адбудавалі Хешбон, Элеале, Кірыятаім,
 
і сыны Рувімавыя пабудавалі Эсэвон, Элэале, Кірыятаім,

Нэво, Баал-Мэон, зьмяніўшы іх назвы, Сібму, і назвалі імёны гарадоў, якія адбудавалі.
 
і Нэво і Ваал-Мэон, назвы якіх пераменены, і Сімву, і далі назвы гарадам, якія яны пабудавалі.

І пайшлі сыны Махіра, сына Манасы, у Гілеад, і занялі яго, і выгналі Амарэйцаў, што [жылі] ў ім.
 
І пайшлі сыны Махіра, сына Манасіінага, у Галаад, і ўзялі яго, і выгналі Амарэяў, якія былі ў ім;

І даў Майсей Гілеад Махіру, сыну Манасы, і ён абжыўся ў ім.
 
і аддаў Майсей Галаад Махіру, сыну Манасіінаму, і ён пасяліўся ў ім.

А Яір, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі [Амарэйцаў], якія назваў Хават-Яір.
 
І Яір, сын Манасіін, пайшоў і ўзяў селішчы іхнія, і назваў іх: селішчы Яіравыя.

А Нобах пайшоў і заняў Кенат з ваколіцамі ягонымі, і назваў яго імем сваім, Нобах.
 
І Новах пайшоў і ўзяў Кенат і залежныя ад яго гарады, і назваў яго сваім імем: Новах.