Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Лікі 32 Лікі 32 разьдзел

1 У сыноў Рувімавых і ў сыноў Гадавых статкаў было вельмі многа; і ўбачылі яны, што зямля Язэр і зямля Галаад ёсьць месца прыдатнае статкам;
2 і прыйшлі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя і сказалі Майсею і Элеазару і князям супольства, кажучы:
3 Атарот і Дывон, і Язэр і Німра, і Эсэвон і Элале, і Сэвам і Нэво і Вэон.
4 зямля, якую Гасподзь пабіў перад супольствам Ізраілевым, ёсьць зямля прыдатная для статкаў, а ў рабоў тваіх ёсьць статкі.
5 І сказалі: калі мы здабылі ўпадабаньне ў вачах тваіх, аддай зямлю гэтую рабам тваім у валоданьне; не пераводзь нас празь Ярдан.
6 І сказаў Майсей сынам Гадавым і сынам Рувімавым: браты вашыя пойдуць на вайну, а вы застанецеся тут?
7 дзеля чаго вы ўхіляеце сэрца сыноў Ізраілевых ад пераходу ў зямлю, якую дае ім Гасподзь?
8 так рабілі бацькі вашыя, калі я пасылаў іх з Кадэс-Варні на агляд зямлі:
9 яны даходзілі да даліны Эсхол, і бачылі зямлю і ўхілілі сэрца сыноў Ізраілевых, каб ня йшлі яны ў зямлю, якую Гасподзь дае ім;
10 і запалаў таго дня гнеў Госпада, і пакляўся ён, кажучы:
11 людзі гэтыя, якія выйшлі зь Егіпта, ад дваццаці гадоў і вышэй, не пабачаць зямлі, пра якую я запрысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якаву, бо яны ня слухаліся Мяне,
12 апрача Халева, сына Ефаніінага, Кенэзэяніна, і Ісуса, сына Нававага, бо яны слухаліся Госпада.
13 І запалаў гнеў Госпада на Ізраіля, і вадзіў Ён іх па пустыні сорак гадоў, пакуль ня скончыўся ўвесь род, які ўчыніў зло ў вачах Гасподніх.
14 І вось, замест бацькоў вашых паўсталі вы, выродзьдзе грэшнікаў, каб узмацніць яшчэ больш лютасьць гневу Гасподняга на Ізраіля.
15 Калі вы адвернецеся ад Яго, дык Ён зноў пакіне яго ў пустыні, і вы згубіце ўвесь народ гэты.
16 І пайшлі яны да яго і сказалі: мы пабудуем тут авечыя кашары для статкаў нашых і гарады дзецям нашым;
17 а самыя мы першыя ўзброімся і пойдзем перад сынамі Ізраілевымі, пакуль не прывядзём іх у мясьціны іхнія; а дзеці нашыя няхай застануцца ва ўмацаваных гарадах дзеля бясьпекі ад жыхароў зямлі;
18 ня вернемся ў дамы нашыя, пакуль ня ўступяць сыны Ізраілевыя кожны ў надзел свой;
19 бо мы ня возьмем зь імі надзелу па той бок Ярдана і далей, калі надзел нам дастанецца па гэты бок Ярдана, на ўсход.
20 І сказаў ім Майсей: калі вы гэта зробіце, калі ўзброеныя пойдзеце на вайну перад Госпадам,
21 і пойдзе кожны з вас узброены за Ярдан перад Госпадам, пакуль ня зьнішчыць Ён ворагаў Сваіх перад Сабою,
22 і ўпакорана будзе зямля перад Госпадам, дык потым вернецеся і будзеце невінаватыя перад Госпадам і перад Ізраілем, і будзе зямля гэтая ў вас у валоданьні перад Госпадам;
23 а калі ня зробіце так, дык згрэшыце перад Госпадам і зьведаеце кару за грэх ваш, якая спасьцігне вас;
24 будуйце сабе гарады дзецям вашым і кашары авечкам вашым і рабеце, што вымаўлена вуснамі вашымі.
25 І сказалі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя Майсею: рабы твае зробяць, як загадвае гаспадар наш;
26 дзеці нашыя, жонкі нашыя, статкі нашыя і ўсё быдла наша застануцца тут у гарадах Галаада,
27 а рабы твае, усе ўзброіўшыся, як ваяры, пойдуць перад Госпадам на вайну, як кажа гаспадар наш.
28 І даў Майсей пра іх загад Элеазару сьвятару і Ісусу, сыну Нава, і правадырам плямёнаў сыноў Ізраілевых,
29 і сказаў ім Майсей: калі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя пяройдуць з вамі за Ярдан, усе ўзброіўшыся на вайну перад Госпадам, і ўпакорана будзе перад вамі зямля, дык аддайце ім зямлю Галаад у валоданьне;
30 а калі ня пойдуць яны з вамі ўзброеныя, і яны атрымаюць валоданьне разам з вамі ў зямлі Ханаанскай.
31 І адказвалі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя і сказалі: як сказаў Гасподзь рабам тваім, так і зробім;
32 мы пойдзем узброеныя перад Госпадам у зямлю Ханаанскую, а надзел валоданьня нашага хай будзе па гэты бок Ярдана.
33 І аддаў Майсей ім, сынам Гадавым і сынам Рувімавым, і палавіне племя Манасіі, сына Язэпавага, царства Сігона, цара Амарэйскага, і царства Ога, цара Васанскага, зямлю з гарадамі яе і навакольлем, гарады зямлі ва ўсе бакі.
34 І пабудавалі сыны Гадавыя Дывон і Атарот і Араэр,
35 і Атарот-Шотан і Язэр і Ёгбэгу,
36 і Бэт-Німру і Бэт Гаран, гарады ўмацаваныя і кашары авечкам.
37 і сыны Рувімавыя пабудавалі Эсэвон, Элэале, Кірыятаім,
38 і Нэво і Ваал-Мэон, назвы якіх пераменены, і Сімву, і далі назвы гарадам, якія яны пабудавалі.
39 І пайшлі сыны Махіра, сына Манасіінага, у Галаад, і ўзялі яго, і выгналі Амарэяў, якія былі ў ім;
40 і аддаў Майсей Галаад Махіру, сыну Манасіінаму, і ён пасяліўся ў ім.
41 І Яір, сын Манасіін, пайшоў і ўзяў селішчы іхнія, і назваў іх: селішчы Яіравыя.
42 І Новах пайшоў і ўзяў Кенат і залежныя ад яго гарады, і назваў яго сваім імем: Новах.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Лікі, 32 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002