2 да Карынфянаў 7 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Дык, улюбёныя, маючы такія абяцаньні, ачысьцім сябе ад усякага бруду цела і духа, зьдзяйсьняючы сьвятыя рэчы ў страху Божым.
Дык, любовыя, маючы такую абятніцу, ачысьцімася ад усяе брыды цела й духа, дасканалячы сьвятасьць у боязьні Божай.
Зьмясьціце нас. Мы нікога не пакрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не ашукалі.
Дайце месца нам. Мы нікога ня ўкрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не ашукалі.
Не на асуджэньне кажу, бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам і памерці, і жыць.
Не кажу на засуджэньне; бо я ўперад сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам памерці і разам жыць.
Вялікая ў мяне адвага што да вас, вялікая мне пахвала за вас; я напоўнены пацяшэньнем, маю ўдосталь радасьці ў-ва ўсякім прыгнёце нашым.
Вялікая мая адвага да вас, шмат вамі хвалюся, я перапоўнены пацехаю ў вусім няшчасьцю нашым.
Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, цела нашае ня мела патолі, але ў-ва ўсім мы былі прыгнечаныя: звонку — звадкі, унутры — страхі.
Бо запраўды, як мы прышлі да Макядоні, цела нашае ня мела супачынку; але мы былі сьцісьненыя адусюль: звонку бітвы, унутры страхі.
Але Бог, Які суцяшае пакорных, суцешыў нас прыходам Ціта.
Але Тый, што цеша паніжаных, Бог, пацешыў нас прыходам Цітавым,
І ня толькі прыходам яго, але і пацяшэньнем, якім ён суцешыўся праз вас, расказваючы нам пра вашае жаданьне, пра ваш лямант, пра вашую руплівасьць адносна мяне, так што я яшчэ больш радаваўся.
І не адно прыходам ягоным, але й пацяшэньням, каторым ён цешыўся з вас, павядаючы нам гарачае жаданьне ваша, вашу жалобу, рупатлівасьць вашу да мяне, ажно я балей цешыўся.
Дык калі я і засмуціў вас у пасланьні, не шкадую, хоць і шкадаваў быў, бо бачу, што пасланьне тое, хоць і на гадзіну, засмуціла вас.
Калі я й засмуціў вас лістам, не шкадую, хоць шкадаваў гэтага; бо бачу, што ліст гэты, хоць на малы час, засмуціў вас.
Цяпер я радуюся не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся на навяртаньне, бо засмуціліся паводле Бога, каб ні ў чым ня мелі ад нас шкоды.
Цяпер я цешуся ня з тога, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся да каяты; бо вы засмуціліся подле Бога, што ў нічым ад мяне ня мелі шкоды.
Бо смутак паводле Бога робіць нязьменнае навяртаньне на збаўленьне, а смутак гэтага сьвету робіць сьмерць.
Бо смутак подле Бога дзее каяту да спасеньня, і ніколі не шкада яго; смутак сьвецкі дзее сьмерць.
Бо, вось, самае тое, што вы засмуціліся паводле Бога, якую вялікую дбайнасьць учыніла ў вас, і абарону, і абурэньне, і страх, і жаданьне, і руплівасьць, і адплату! У-ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
Бо самае тое, што вы засмуціліся подле Бога, гля якую гэта шчырасьць учыніла ў вас а апраўленьне а абурэньне а страх а гарачае жаданьне а рупатлівасьць а помсту! У ўсім вы паказалі, што вы чыстыя ў гэтай справе.
Таму, калі я і пісаў да вас, дык не дзеля таго, хто пакрыўдзіў, і не дзеля таго, хто пакрыўджаны, але каб выявілася вам дбайнасьць нашая пра вас перад Богам.
Значыцца, калі я пісаў да вас, дык ня дзеля крыўдніка ані дзеля ўкрыўджанага, але дзеля выяўленьня шчырасьці нашае да вас, каб паказана была вам перад Богам.
Дзеля гэтага мы суцешыліся пацяшэньнем вашым; а яшчэ больш узрадаваліся мы радасьцю Ціта, што быў супакоены дух ягоны вамі ўсімі.
Затым мы ўсьцешыліся. І апрача собскага пацяшэньня нашага, мы яшчэ балей цешыліся з радасьці Цітавае, бо вы ўсі супакоілі дух ягоны;
Дык я не асароміўся, калі чым пахваліўся вамі перад ім; але, як мы вам гаварылі ўсё ў праўдзе, гэтак і перад Цітам пахвала нашая сталася праўдаю.
Дык калі я хваліўся яму ў чым вамі, то не засароміўся; але як мы гукалі вам усю праўду, так і хваленьне наша Ціту было праўдзівае.
І сэрца ягонае яшчэ больш [зьвернута] да вас, калі ён узгадвае паслухмянасьць усіх вас, як вы прынялі яго са страхам і дрыжаньнем.
І сэрца ягонае балей прыяе вам, успамінаючы паслухменства вас усіх, як вы із страхам а дрыготаю прынялі яго.
І я радуюся, што ў-ва ўсім маю пэўнасьць у вас.
Я цешыўся, што ў вусім магу даверыць вам.