2 да Карынфянаў 7 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дык, умілаваныя, маючы ўсе́ парукі, ачысьцім сябе́ ад усякага бруду це́ла й духа, зьдзейсьняючы сьвятасьць у страху Божым.
 
Дык, любовыя, маючы такую абятніцу, ачысьцімася ад усяе брыды цела й духа, дасканалячы сьвятасьць у боязьні Божай.

Зразуме́йце нас. Мы нікога ня крыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не абдзіралі.
 
Дайце месца нам. Мы нікога ня ўкрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не ашукалі.

Не на асуджэньне кажу: бо я ране́й сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам і паме́рці, і жыць.
 
Не кажу на засуджэньне; бо я ўперад сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам памерці і разам жыць.

Вялікае ў мяне́ спадзяваньне на вас, вялікая мне́ пахвала за вас; я напоўнены паце́хаю, маю паддастаткам радасьці пры ўсім суме нашым.
 
Вялікая мая адвага да вас, шмат вамі хвалюся, я перапоўнены пацехаю ў вусім няшчасьцю нашым.

Бо, калі мы прышлі ў Македонію, цела нашае ня ме́ла аніякага супакою, ды ў-ва ўсім бедавалі: звонку — напасьці, унутры — страхі.
 
Бо запраўды, як мы прышлі да Макядоні, цела нашае ня мела супачынку; але мы былі сьцісьненыя адусюль: звонку бітвы, унутры страхі.

Але Бог, Які пацяшае ціхіх, паце́шыў нас прыходам Ціта.
 
Але Тый, што цеша паніжаных, Бог, пацешыў нас прыходам Цітавым,

І ня толькі прыходам яго, але і паце́хаю, якою ён це́шыўся з вас, пераказваючы нам аб вашай руплівасьці, аб вашым плачу, аб вашай прыхільнасьці да мяне́, ажно я бале́й радаваўся.
 
І не адно прыходам ягоным, але й пацяшэньням, каторым ён цешыўся з вас, павядаючы нам гарачае жаданьне ваша, вашу жалобу, рупатлівасьць вашу да мяне, ажно я балей цешыўся.

Калі-ж я й засмуціў вас у пасланьні, не шкадую, хоць і шкадаваў быў; бо бачу, што гэнае пасланьне, хоць і на гадзіну, засмуціла вас.
 
Калі я й засмуціў вас лістам, не шкадую, хоць шкадаваў гэтага; бо бачу, што ліст гэты, хоць на малы час, засмуціў вас.

Цяпе́р я це́шуся не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся на ка́яньне, бо засмуціліся па Богу, каб ні ў чым ня ме́лі ад нас шкоды.
 
Цяпер я цешуся ня з тога, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся да каяты; бо вы засмуціліся подле Бога, што ў нічым ад мяне ня мелі шкоды.

Бо смутак па Богу няруплівае пакаяньне ў збаўле́ньне ператварае, а смутак сьве́цкі сьме́рць робіць.
 
Бо смутак подле Бога дзее каяту да спасеньня, і ніколі не шкада яго; смутак сьвецкі дзее сьмерць.

Бо-ж вось самае тое, што вы засумавалі па Богу, якую дбаласьць учыніла ў вас, а апраўдываньне, а абурэньне, а страх, а жаданьне, а рупнасьць, а адплату! У-ва ўсім вы паказалі, што вы чыстыя ў гэтай справе.
 
Бо самае тое, што вы засмуціліся подле Бога, гля якую гэта шчырасьць учыніла ў вас а апраўленьне а абурэньне а страх а гарачае жаданьне а рупатлівасьць а помсту! У ўсім вы паказалі, што вы чыстыя ў гэтай справе.

Дык, калі я й (пісаў да вас), то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, але каб вам выявілася дбаласьць наша аб вас перад Богам.
 
Значыцца, калі я пісаў да вас, дык ня дзеля крыўдніка ані дзеля ўкрыўджанага, але дзеля выяўленьня шчырасьці нашае да вас, каб паказана была вам перад Богам.

Дзеля гэтага мы ўце́шыліся ўце́хаю вашаю; а яшчэ бале́й узрадаваліся мы радасьцяй Ціта, што супакоіўся дух яго ад вас усіх;
 
Затым мы ўсьцешыліся. І апрача собскага пацяшэньня нашага, мы яшчэ балей цешыліся з радасьці Цітавае, бо вы ўсі супакоілі дух ягоны;

дык я не асароміўся, калі чым пахваліўся вамі перад ім; але, як мы вам гаварылі ўсю праўду, гэтак і перад Цітам пахвала наша аказалася праўдзіваю;
 
Дык калі я хваліўся яму ў чым вамі, то не засароміўся; але як мы гукалі вам усю праўду, так і хваленьне наша Ціту было праўдзівае.

і сэрца яго тым бале́й да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасьці ўсіх вас, як вы прынялі яго з страхам і дрыжаньнем.
 
І сэрца ягонае балей прыяе вам, успамінаючы паслухменства вас усіх, як вы із страхам а дрыготаю прынялі яго.

Дык я рад, што ў-ва ўсім магу на вас пакладацца.
 
Я цешыўся, што ў вусім магу даверыць вам.