2 да Карынфянаў 7 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Таму, умілаваныя, маючы абяцанні, ачысцім сябе ад усякага бруду цела і духа, здзяйсняючы асвячэнне ў боязі Божай.
 
Дык, любовыя, маючы такую абятніцу, ачысьцімася ад усяе брыды цела й духа, дасканалячы сьвятасьць у боязьні Божай.

Прыміце нас! Мы нікога не пакрыўдзілі, нікога не ашукалі, нікога не выкарыстоўвалі.
 
Дайце месца нам. Мы нікога ня ўкрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не ашукалі.

Не для асуджэння кажу, бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам памерці і разам жыць.
 
Не кажу на засуджэньне; бо я ўперад сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам памерці і разам жыць.

У мяне вялікае спадзяванне на вас, вялікая мне за вас пахвала. Я напоўнены суцяшэннем, перапоўнены радасцю ў кожным нашым уціску.
 
Вялікая мая адвага да вас, шмат вамі хвалюся, я перапоўнены пацехаю ў вусім няшчасьцю нашым.

Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, цела нашае не мела ніякай палёгкі, але ва ўсім пакутавалі: звонку — змаганні, унутры — боязь.
 
Бо запраўды, як мы прышлі да Макядоні, цела нашае ня мела супачынку; але мы былі сьцісьненыя адусюль: звонку бітвы, унутры страхі.

Але Бог, які суцяшае прыніжаных, суцешыў нас прыйсцем Ціта.
 
Але Тый, што цеша паніжаных, Бог, пацешыў нас прыходам Цітавым,

І не толькі яго прыйсцем, але і суцяшэннем, якім ён цешыўся сярод вас, расказваючы нам аб вашай руплівасці, вашым плачы, вашым клопаце пра мяне, таму я яшчэ больш узрадаваўся.
 
І не адно прыходам ягоным, але й пацяшэньням, каторым ён цешыўся з вас, павядаючы нам гарачае жаданьне ваша, вашу жалобу, рупатлівасьць вашу да мяне, ажно я балей цешыўся.

Калі я і засмуціў вас у пасланні, не шкадую. Калі і шкадаваў, — бо бачу, што гэтае пасланне на нейкі час засмуціла вас, —
 
Калі я й засмуціў вас лістам, не шкадую, хоць шкадаваў гэтага; бо бачу, што ліст гэты, хоць на малы час, засмуціў вас.

цяпер радуюся, не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся для пакаяння. Вы засмуціліся паводле Божай волі, каб ні ў чым не мець ад нас шкоды.
 
Цяпер я цешуся ня з тога, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся да каяты; бо вы засмуціліся подле Бога, што ў нічым ад мяне ня мелі шкоды.

Бо гэты смутак паводле Божай волі, яго не трэба шкадаваць, бо ён праз пакаянне вядзе да збаўлення, а смутак свету нясе смерць.
 
Бо смутак подле Бога дзее каяту да спасеньня, і ніколі не шкада яго; смутак сьвецкі дзее сьмерць.

Вось жа сам сум, які згодны з Божай воляй, наколькі ж вялікую абудзіў у вас руплівасць, абарону, абурэнне, боязь, жаданне, клопат, адплату! Ва ўсім вы паказалі сябе беззаганнымі ў гэтай справе.
 
Бо самае тое, што вы засмуціліся подле Бога, гля якую гэта шчырасьць учыніла ў вас а апраўленьне а абурэньне а страх а гарачае жаданьне а рупатлівасьць а помсту! У ўсім вы паказалі, што вы чыстыя ў гэтай справе.

Таму, калі я і напісаў вам, то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, але каб выявілася руплівасць вашая аб нас перад Богам.
 
Значыцца, калі я пісаў да вас, дык ня дзеля крыўдніка ані дзеля ўкрыўджанага, але дзеля выяўленьня шчырасьці нашае да вас, каб паказана была вам перад Богам.

Дзеля гэтага мы спазнаем суцяшэнне. Яшчэ больш мы суцешыліся з прычыны радасці Ціта, бо яго дух умацаваўся дзякуючы ўсім вам.
 
Затым мы ўсьцешыліся. І апрача собскага пацяшэньня нашага, мы яшчэ балей цешыліся з радасьці Цітавае, бо вы ўсі супакоілі дух ягоны;

Я не саромеўся, калі ў чым хваліўся вамі перад ім, але, як усё мы ў праўдзе сказалі вам, так і перад Цітам хвала нашая аказалася праўдзівай.
 
Дык калі я хваліўся яму ў чым вамі, то не засароміўся; але як мы гукалі вам усю праўду, так і хваленьне наша Ціту было праўдзівае.

І сэрца яго тым больш хінецца да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасці ўсіх вас, як вы прынялі яго з бояззю і трымценнем.
 
І сэрца ягонае балей прыяе вам, успамінаючы паслухменства вас усіх, як вы із страхам а дрыготаю прынялі яго.

Я радуюся, што ва ўсім магу спадзявацца на вас.
 
Я цешыўся, што ў вусім магу даверыць вам.