2 да Карынфянаў 7 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Таму, умілаваныя, маючы абяцанні, ачысцім сябе ад усякага бруду цела і духа, здзяйсняючы асвячэнне ў боязі Божай.
І вось, любасныя, маючы такія абяцаньні, ачысьцім сябе ад усякае паганасьці плоці і духу, творачы сьвятыню ў страху Божым.
Прыміце нас! Мы нікога не пакрыўдзілі, нікога не ашукалі, нікога не выкарыстоўвалі.
Дайце месца нам: мы нікога не пакрыўдзілі, і нікому не нашкодзілі, ні ад кога не дамагаліся карысьці.
Не для асуджэння кажу, бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам памерці і разам жыць.
Не на асуду кажу; бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, так каб разам і памерці і жыць.
У мяне вялікае спадзяванне на вас, вялікая мне за вас пахвала. Я напоўнены суцяшэннем, перапоўнены радасцю ў кожным нашым уціску.
Я шмат спадзяюся на вас, шмат хвалюся вамі; я поўны ўцехі, узбагачаюся радасьцю пры ўсёй журбе нашай.
Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, цела нашае не мела ніякай палёгкі, але ва ўсім пакутавалі: звонку — змаганні, унутры — боязь.
Бо, калі прыйшлі мы ў Македонію, цела наша ня мела ніякага спакою, а мы былі ўціснутыя адусюль: звонку — напады, усярэдзіне — страхі.
Але Бог, які суцяшае прыніжаных, суцешыў нас прыйсцем Ціта.
Але Бог, суцешнік пакорлівых, суцешыў нас Цітавым прыходам
І не толькі яго прыйсцем, але і суцяшэннем, якім ён цешыўся сярод вас, расказваючы нам аб вашай руплівасці, вашым плачы, вашым клопаце пра мяне, таму я яшчэ больш узрадаваўся.
і ня толькі прыходам яго, але і ўцехаю, якою ён суцяшаўся за вас, расказваючы нам пра вашую руплівасьць, пра ваш плач, пра вашае дбаньне за мяне, так што радасьць мая яшчэ збольшылася.
Калі я і засмуціў вас у пасланні, не шкадую. Калі і шкадаваў, — бо бачу, што гэтае пасланне на нейкі час засмуціла вас, —
А таму, калі я засмуціў вас пасланьнем, не шкадую, хоць і пашкадаваў быў; бачу, што пасланьне тое засмуціла вас, хоць і часова.
цяпер радуюся, не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся для пакаяння. Вы засмуціліся паводле Божай волі, каб ні ў чым не мець ад нас шкоды.
Цяпер я радуюся не таму, што вы засмуціліся, а таму, што вы засмуціліся на пакаяньне; бо засмуціліся дзеля Бога, так што зусім ня зьведалі праз нас шкоды.
Бо гэты смутак паводле Божай волі, яго не трэба шкадаваць, бо ён праз пакаянне вядзе да збаўлення, а смутак свету нясе смерць.
Бо смутак дзеля Бога прыносіць нязьменнае пакаяньне на збавеньне; а смутак зямны чыніць сьмерць.
Вось жа сам сум, які згодны з Божай воляй, наколькі ж вялікую абудзіў у вас руплівасць, абарону, абурэнне, боязь, жаданне, клопат, адплату! Ва ўсім вы паказалі сябе беззаганнымі ў гэтай справе.
Бо тое, што вы засмуціліся дзеля Бога, глядзеце, якую абудзіла ў вас руплівасьць, якія перапросіны, якую абуранасьць вінаватымі, які страх, якое жаданьне, якую дбайнасьць, якое спагнаньне! І ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
Таму, калі я і напісаў вам, то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, але каб выявілася руплівасць вашая аб нас перад Богам.
Дык вось, калі я пісаў вам, дык ня дзеля зьняважніка і ня дзеля зьняважанага, а каб вам адкрыўся наш пільны клопат пра вас перад Богам.
Дзеля гэтага мы спазнаем суцяшэнне. Яшчэ больш мы суцешыліся з прычыны радасці Ціта, бо яго дух умацаваўся дзякуючы ўсім вам.
Таму мы суцешыліся ўцехаю вашай; а яшчэ болей узрадаваныя мы Цітавай радасьцю, што вы ўсе супакоілі дух ягоны;
Я не саромеўся, калі ў чым хваліўся вамі перад ім, але, як усё мы ў праўдзе сказалі вам, так і перад Цітам хвала нашая аказалася праўдзівай.
і вось, я не застаўся пасаромлены, калі трохі пахваліўся вамі перад ім; але як што вам мы гаварылі ўсю праўду, так і перад Цітам пахвала наша аказалася праўдзіваю;
І сэрца яго тым больш хінецца да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасці ўсіх вас, як вы прынялі яго з бояззю і трымценнем.
і сэрца ягонае вельмі прыхільнае да вас, калі згадвае ён пакорлівасьць вашу, як вы яго прынялі былі са страхам і трымценьнем.
Я радуюся, што ва ўсім магу спадзявацца на вас.
І вось радуюся, што ва ўсім магу пакласьціся на вас.