2 да Карынфянаў 4 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Таму, маючы з міласэрнасці Божай такое служэнне, мы не губляем адвагі.
Вось чаму, маючы зь міласьці Божай такое служэньне, мы не маркоцімся;
Наадварот, мы адракліся ад сарамлівых скрытых спраў, мы не паводзім сябе падступна і не скажаем Божага слова, але праз выяўленне праўды даручаем сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.
але, адкінуўшы тайныя ганебныя справы, ня хітруючы і не скажаючы слова Божага, а адкрываючы праўду, аддаём сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
Калі ж і закрыта нашае Евангелле, то закрыта для тых, хто гіне, для няверуючых,
Калі ж і заслонена зьвеставаньне наша, дык заслонена тым, якія гінуць,
якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім не ззяла святло Евангелля славы Хрыста, які ёсць вобразам Бога.
нявернікам, якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім ня зьзяла сьвятло зьвеставаньня пра славу Хрыста, Які ёсьць вобраз Бога нябачнага.
Бо мы не сябе абвяшчаем, але Езуса Хрыста, Пана, а саміх сябе — як слугаў вашых дзеля Езуса.
Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — нявольнікі вашыя дзеля Ісуса,
Таму што Бог, які загадаў: «Няхай з цемры заззяе святло», засвяціў у нашых сэрцах, каб даць святло пазнання Божай славы ў абліччы Езуса Хрыста.
таму што Бог, які сказаў зазьзяць зь цемры сьвятлу, азарыў нашыя сэрцы, каб прасьвятліць нас пазнаньнем славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.
Мы маем скарб у гліняных начыннях, каб веліч моцы была Божая, а не паходзіла ад нас.
Але скарб гэты мы носім у гліняным посудзе, каб веліч сілы бачылася ў Богу, а ня ў нас;
Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы.
нас адусюль гнятуць, але мы ня прыгнечаныя; мы ў роспачным стане, але не ўпадаем у роспач;
Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем.
нас гоняць, але мы не пакінутыя; нас валяць, але ня гінем;
Заўсёды носім у целе кананне Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў целе нашым.
заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў целе нашым.
Бо мы, якія жывём, няспынна ідзём на смерць дзеля Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе.
Бо мы жывыя няспынна аддаёмся на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў сьмяротнай плоці нашай,
Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.
так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.
Маючы той самы дух веры, як напісана: «Я паверыў, таму прамовіў», і мы верым, таму і кажам,
Але, маючы той самы дух веры, як напісана: «я вераваў і таму гаварыў», і мы веруем, таму і гаворым,
ведаючы, што той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою разам з вамі.
ведаючы, што Той, Хто ўваскрэсіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць празь Ісуса і нас і паставіць перад Сабою з вамі.
Бо ўсё дзеля вас, каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы.
Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце мілаты тым большую ў многіх нарадзіла ўдзячнасьць на славу Божую.
Таму мы не губляем адвагі, бо, хоць знешні наш чалавек тлее, духоўны з дня ў дзень аднаўляецца.
Таму мы не маркоцімся; але калі вонкавы наш чалавек і тлее, дык унутраны — дзень у дзень абнаўляецца,
Нашае часовае лёгкае цярпенне дае нам бязмернае багацце вечнай славы.
бо нядоўгая лёгкая пакута наша нараджае ў бязьмерным багацьці вечную славу,
Мы не ўзіраемся ў бачнае, але ў нябачнае, таму што бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае.
калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае: бо бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае!