2 да Карынфянаў 4 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І таму, маючы такое служэнне па ака́занай нам міласці, мы не па́даем духам;
 
Вось чаму, маючы зь міласьці Божай такое служэньне, мы не маркоцімся;

але, адмовіўшыся ад тайных гане́бных спраў, не ўжыва́ючы хітрасці і не скажа́ючы слова Божага, а выяўля́ючы адкрыта ісціну, прадстаўляем сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.
 
але, адкінуўшы тайныя ганебныя справы, ня хітруючы і не скажаючы слова Божага, а адкрываючы праўду, аддаём сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.

Калі ж і закрыта дабравесце наша, то закрыта для тых, хто гіне,
 
Калі ж і заслонена зьвеставаньне наша, дык заслонена тым, якія гінуць,

для няверуючых, у якіх бог веку гэтага асляпіў розум, каб для іх не заззяла святло дабравесця славы Хрыста, Які з’яўляецца вобразам Бога нябачнага.
 
нявернікам, якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім ня зьзяла сьвятло зьвеставаньня пра славу Хрыста, Які ёсьць вобраз Бога нябачнага.

Бо мы не сябе саміх прапаведуем, а Хрыста Іісуса, Госпада; самі ж мы — рабы вашы дзеля Іісуса,
 
Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — нявольнікі вашыя дзеля Ісуса,

таму што Бог, Які загадаў, каб з цемры заззяла святло, Сам заззяў у сэ́рцах нашых для прасвятлення нашага праз пазнанне славы Божай у асобе Іісуса Хрыста.
 
таму што Бог, які сказаў зазьзяць зь цемры сьвятлу, азарыў нашыя сэрцы, каб прасьвятліць нас пазнаньнем славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.

Скарб жа гэты мы носім у гліня́ных сасудах, каб было бачна, што веліч сілы нале́жыць Богу, а не нам;
 
Але скарб гэты мы носім у гліняным посудзе, каб веліч сілы бачылася ў Богу, а ня ў нас;

нас усюды ўціскаюць, але мы не прыгне́чаныя; мы ў роспачных абставінах, але не ўпада́ем у роспач;
 
нас адусюль гнятуць, але мы ня прыгнечаныя; мы ў роспачным стане, але не ўпадаем у роспач;

нас пераследуюць, але мы не пакінутыя; нас збіваюць з ног, але мы не гінем;
 
нас гоняць, але мы не пакінутыя; нас валяць, але ня гінем;

мы заўсёды носім у целе мёртвасць Госпада Іісуса, каб і жыццё Іісуса адкрылася ў целе нашым.
 
заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў целе нашым.

Бо мы, жывыя, заўсёды аддаём сябе на смерць дзеля Іісуса, каб і жыццё Іісуса адкрылася ў смяротнай плоці нашай,
 
Бо мы жывыя няспынна аддаёмся на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў сьмяротнай плоці нашай,

так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.
 
так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.

Але, маючы той самы дух веры, пра які напíсана: «я вераваў і таму гаварыў», і мы веруем, таму і гаворым,
 
Але, маючы той самы дух веры, як напісана: «я вераваў і таму гаварыў», і мы веруем, таму і гаворым,

ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Іісуса, уваскрасíць і нас праз Іісуса і паставіць перад Сабою з вамі.
 
ведаючы, што Той, Хто ўваскрэсіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць празь Ісуса і нас і паставіць перад Сабою з вамі.

Бо ўсё дзеля вас, каб шчодра я́ўленая благадаць у многіх памнажала ўдзячнасць на славу Божую.
 
Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце мілаты тым большую ў многіх нарадзіла ўдзячнасьць на славу Божую.

Таму мы не па́даем духам; а калі вонкавы наш чалавек і тле́е, то ўну́траны з дня ў дзень абнаўля́ецца.
 
Таму мы не маркоцімся; але калі вонкавы наш чалавек і тлее, дык унутраны — дзень у дзень абнаўляецца,

Бо кароткачасовая лёгкая горасць наша стварае для нас звыш усякай меры вечнае багацце славы,
 
бо нядоўгая лёгкая пакута наша нараджае ў бязьмерным багацьці вечную славу,

калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае: таму што бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае.
 
калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае: бо бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае!