2 да Карынфянаў 4 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Таму, маючы з міласэрнасці Божай такое служэнне, мы не губляем адвагі.
 
Таму, маючы гэтае служэнне з міласэрнасці Божай, мы не журымся,

Наадварот, мы адракліся ад сарамлівых скрытых спраў, мы не паводзім сябе падступна і не скажаем Божага слова, але праз выяўленне праўды даручаем сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.
 
але, адкінуўшы таемныя ганебныя ўчынкі, не хітруючы і не скажаючы слова Божага, а, адкрываючы праўду, аддаём сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.

Калі ж і закрыта нашае Евангелле, то закрыта для тых, хто гіне, для няверуючых,
 
А нават калі наша дабравесце закрыта, то закрыта яно для тых, хто гіне;

якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім не ззяла святло Евангелля славы Хрыста, які ёсць вобразам Бога.
 
у бязверных бог гэтага веку асляпіў розум, каб для іх не заззяла святло дабравесця славы Хрыста, Які ёсць вобраз [нябачнага] Бога.

Бо мы не сябе абвяшчаем, але Езуса Хрыста, Пана, а саміх сябе — як слугаў вашых дзеля Езуса.
 
Бо мы не сябе абвяшчаем, а Хрыста Ісуса як Госпада, а сябе як вашых слуг3 дзеля Ісуса.

Таму што Бог, які загадаў: «Няхай з цемры заззяе святло», засвяціў у нашых сэрцах, каб даць святло пазнання Божай славы ў абліччы Езуса Хрыста.
 
Таму што Бог, Які сказаў: «З цемры няхай заззяе святло», — Ён заззяў у нашых сэрцах, каб азарыць пазнанне славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.

Мы маем скарб у гліняных начыннях, каб веліч моцы была Божая, а не паходзіла ад нас.
 
Але гэты скарб мы маем у гліняных пасудзінах, каб перавага сілы была ад Бога, а не з нас.

Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы.
 
Мы ва ўсім церпім уціск, але не сціснуты; у роспачных абставінах, але не ў роспачы;

Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем.
 
гоняць нас, але мы не пакінуты; мы паваленыя, але не знішчаны;

Заўсёды носім у целе кананне Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў целе нашым.
 
заўсёды носім у целе ўмярцвенне [Госпада] Ісуса, каб і жыццё Ісуса быловыяўлена ў нашым целе.

Бо мы, якія жывём, няспынна ідзём на смерць дзеля Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе.
 
Бо мы, жывыя, заўсёды аддаемся на смерць дзеля Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў нашым смяротным целе.

Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.
 
Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.

Маючы той самы дух веры, як напісана: «Я паверыў, таму прамовіў», і мы верым, таму і кажам,
 
І, маючы той самы дух веры, як напісана: «Я ўвераваў, таму гаварыў», — і мы веруем, таму і гаворым,

ведаючы, што той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою разам з вамі.
 
ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць з Ісусам і нас і паставіць перад Сабою з вамі.

Бо ўсё дзеля вас, каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы.
 
Бо ўсё дзеля вас, каб ласка, прымножаная праз вельмі многіх людзей, узбагаціла тым большую ўдзячнасць на славу Божую.

Таму мы не губляем адвагі, бо, хоць знешні наш чалавек тлее, духоўны з дня ў дзень аднаўляецца.
 
Таму мы не сумуем, бо хоць наш вонкавы чалавек разбураецца, наш унутраны чалавек дзень пры дні абнаўляецца.

Нашае часовае лёгкае цярпенне дае нам бязмернае багацце вечнай славы.
 
Бо кароткачасовая лёгкасць нашага гора творыць для нас ва ўсё большым і большым багацці вечную вагу славы,

Мы не ўзіраемся ў бачнае, але ў нябачнае, таму што бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае.
 
бо мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае; бо бачнае — часова, а нябачнае — вечна.