1 царстваў 7 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І прыйшлі жыхары Кірыят-Ярыму, і забралі Каўчэг ГОСПАДА, і прынесьлі яго на ўзгорак у дом Абінадава, і пасьвяцілі Элеазара, сына ягонага, каб захоўваў Каўчэг ГОСПАДА.
З таго дня, як застаўся Каўчэг ГОСПАДА ў Кірыят-Ярыме, прайшло шмат дзён, дваццаць гадоў. І ўвесь дом Ізраіля галасіў дзеля ГОСПАДА.
І сказаў Самуэль усяму дому Ізраіля: «Калі хочаце навярнуцца ўсім сэрцам да ГОСПАДА, выкіньце спасярод сябе ўсіх багоў чужых і Астарту, і прыхіліце сэрцы свае да ГОСПАДА, і служыце Яму аднаму, і Ён выратуе вас з рук Філістынцаў».
І павыкідалі сыны Ізраіля Баалаў і Астарту, і служылі толькі ГОСПАДУ.
І сказаў Самуэль: «Зьбярыце ўвесь Ізраіль у Міцпе, і я памалюся за вас да ГОСПАДА».
І сабраліся ў Міцпе, і чэрпалі ваду, і вылівалі перад абліччам ГОСПАДА, і посьцілі ў той дзень, і казалі там: «Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ». І судзіў Самуэль сыноў Ізраіля ў Міцпе.
І пачулі Філістынцы пра тое, што сыны Ізраіля сабраліся ў Міцпе, і валадары Філістынцаў пайшлі супраць Ізраільцянаў. І калі даведаліся пра гэта сыны Ізраіля, яны напалохаліся Філістынцаў,
і прасілі сыны Ізраіля Самуэля: «Не пераставай за нас клікаць да ГОСПАДА, Бога нашага, каб Ён выратаваў нас з рук Філістынцаў».
І ўзяў Самуэль адно ягнятка-сасунка, і склаў усяго яго ГОСПАДУ ў ахвяру цэласпаленьня. І клікаў Самуэль ГОСПАДА ў справе Ізраіля, і выслухаў яго ГОСПАД.
І калі Самуэль складаў ахвяру цэласпаленьня, Філістынцы пайшлі ў бой супраць Ізраіля. У той дзень загрымеў ГОСПАД грымотамі вялікімі над Філістынцамі і напалохаў іх, і былі яны пабітыя Ізраільцянамі.
І выйшлі Ізраільцяне з Міцпы, і перасьледавалі Філістынцаў, і забівалі іх аж да Бэт-Кару.
І ўзяў Самуэль адзін камень, і палажыў яго паміж Міцпою і Шэнам, і назваў тое месца Эбэн-Гаэзэр, і сказаў: «Аж дасюль дапамог нам ГОСПАД».
Так упакораны былі Філістынцы, і больш не хадзілі яны ў межы Ізраіля. І была рука ГОСПАДА на Філістынцах у-ва ўсе дні Самуэля.
І вярнуліся да Ізраіля гарады, забраныя Філістынцамі ад Экрону аж да Гату. Ізраільцяне забралі землі свае з рук Філістынцаў, і запанаваў мір між Ізраілем і Амарэйцамі.
І судзіў Самуэль Ізраіля ў-ва ўсе дні жыцьця свайго.
І штогод ён хадзіў у Бэтэль, Гільгал і Міцпу, і судзіў Ізраіля ў-ва ўсіх гэтых месцах.
Пасьля вяртаўся ў Раму, бо там быў дом ягоны, і там судзіў Ізраіля. І ён пабудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ.