1 Яна 2 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча
Дзеткі мае! Пішу вам гэтае, каб вы не грашылі, а калі хто зграшыў, маем Абаронцу перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка.
Пішу вам гэта, сынкі мае, каб вы не грашылі; а каліб і зграшыў хто, дык маем-жа заступніка перад Айцом, Езуса Хрыстуса справядліўца:
Ён ёсьць перамольваньне за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і за [грахі] ўсяго сьвету.
Ён ёсьць уласкаўленне за грахі нашыя ды ня толькі нашыя, але і цэлага сьвету.
І што мы пазналі Яго, даведваемся з таго, што захоўваем прыказаньні Ягоныя.
А што мы Яго пазналі, даведваемся з таго, калі пільнуемся Ягоных прыказанняў.
Хто кажа: «Я пазнаў Яго», і прыказаньні Ягоныя не захоўвае, той хлус, і няма ў ім праўды;
Хто кажа, што Яго знае, а загадаў Ягоных ня трымаецца, той ілгун і няма ў ім праўды;
а хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая завяршылася. З гэтага даведваемся, што мы ў Ім.
а хто пільнуецца Ягонай навукі, сапраўды ў ім міласьць Божая даканалася; і з гэтага пазнаём, што мы ёсьць у Ім.
Хто кажа, што ў Ім застаецца, павінен хадзіць так, як Ён хадзіў.
Хто цьвердзіць, што прабывае ў Ім, той павінен-жа гэтак і паступаць, як Ён паступаў.
Браты! Ня новае прыказаньне пішу вам, але прыказаньне старое, якое вы мелі ад пачатку. Прыказаньне старое ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
Ня пішу вам, дарагія мае, новага прыказання, але — стараветнае, што мелі вы ад пачатку: тым стараветным прыказаннем ёсьць слова, якое вы ўжо чулі.
Зноў жа новае прыказаньне пішу вам, якое праўдзіва ў Ім і ў вас, што цемра праходзіць, і праўдзівае сьвятло ўжо сьвеціць.
Але і аб новым прыказанні пішу вам, аб тым, што ёсьць праўдзівае і ў Ім, і ў вас: бо цьма ўжо вось прайходзіць і ясьнее ўжо праўдзівае сьвятло.
Хто кажа, што ён у сьвятле, і ненавідзіць брата свайго, той у цемры дагэтуль.
Хто гавора, што ён у сьвятле, а брата свайго ненавідзіць, той у цемрадзі яшчэ й дагэтуль.
Хто любіць брата свайго, застаецца ў сьвятле, і няма ў ім згаршэньня.
Хто брата свайго любіць, той прабывае ў сьвятле і няма ў ім каламуці.
А хто ненавідзіць брата свайго, той ёсьць у цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, таму што цемра засьляпіла вочы яму.
А хто ненавідзіць свайго брата, той знайходзіцца ў цемры ды ў цемры бадзяецца, ня ведаючы куды йдзе, бо цемень засьляпіла яму вочы.
Пішу вам, дзеткі, што адпушчаны вам грахі дзеля імя Яго.
Пішу вам, сыночкі, адпушчаюцца бо вам грахі дзеля імя Ягонага.
Пішу вам, бацькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Пішу вам, юнакі, што вы перамаглі злога. Пішу вам, дзеці, што вы пазналі Айца.
Пішу вам, айцы, бо вы пазналі Таго, каторы ёсьць ад пачатку. Пішу вам малодшыя, бо вы паканалі злога.
Я напісаў вам, бацькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, што вы дужыя, і слова Божае застаецца ў вас, і вы перамаглі злога.
Напісаў я вам, дзеткі, бо вы ўжо пазналі Айца. Напісаў вам, айцы, вы бо пазналі Беспачатнага. Напісаў вам, юнакі, бо вы дужыя і слова Божае трывае ў вас ды вы перамаглі злыдня.
Не любіце сьвету, ані таго, што ў сьвеце. Хто любіць сьвет, у тым няма любові Айца.
Не даражэце сьветам, ні тым, што на ім ёсьць; хто залюблены ў сьвеце, у таго няма любасьці Айца;
Бо ўсё, што ў сьвеце: пажаданьне цела, і пажаданьне вачэй, і пыха жыцьцёвая, — ня ёсьць ад Айца, але ад сьвету.
ўсё бо, што ёсьць у сьвеце: жада цела, пожадзь вачэй, пыха жыцьця — не паходзяць ад Айца, але ад сьвету.
І сьвет праходзіць, і пажаданьне ягонае, а хто чыніць волю Божую, застаецца на вякі.
І сьвет прамінае з пожадзьдзю ягонай, а хто выконвае волю Божую, трывае навекі.
Дзеці! Апошняя гадзіна! І як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер зьявілася шмат антыхрыстаў, дык мы даведваемся з гэтага, што апошняя гадзіна.
Настала, сынкі, апошняя гадзіна! І як вы чулі, што надыйходзе Антыхрыст, дык цяпер шмат Антыхрыстаў; з гэтага даведваемся, што ёсьць апошняя гадзіна.
Яны выйшлі ад нас, але не былі ад нас; бо, калі б яны былі ад нас, засталіся б з намі; але [выйшлі], каб выявілася, што ня ўсе ад нас.
Яны выйшлі з-паміж нас, але ня былі нашы; бо каліб нашымі былі, дык вытрываліб з намі, але яны выйшлі, і праз гэта аказалася, што ня ўсе ёсьць нашымі.
І вы маеце памазаньне ад Сьвятога, і ведаеце ўсё.
Дый вы-ж маеце памазанне ад Святога і ўсё ведаеце.
Я напісаў вам не таму, што вы ня ведаеце праўды, але таму, што вы ведаеце яе, і што ніякай хлусьні няма ад праўды.
Я напісаў вам не як няведаючым праўды, але іменна як ведаючым яе, дыё што ўсякае лгарства ня ёсьць із праўды.
Хто хлус, калі ня той, хто адракаецца, што Ісус ёсьць Хрыстос? Гэта — антыхрыст, які адракаецца Айца і Сына.
Хтож ілгун, калі ня той, хто запярэчвае, што Езус ёсьць Хрыстусам? Гэткі ёсьць Антыхрыстам, які аспрэчвае Айца і Сына.
Усякі, хто адракаецца Сына, ня мае і Айца; хто вызнае Сына, мае і Айца.
Кажны адкідаючы Сына, ня мае й Айца, а хто вызнае Сына, мае й Аца.
Дык што вы чулі ад пачатку, тое няхай застаецца ў вас. Калі застанецца ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, вы застанецеся і ў Сыне, і ў Айцу.
Восьжа тое, што вы чулі ад пачатку, хай і трывае ў вас; калі трываціме ў вас усё чутае ад пачатку, дык у Сыне й Айцу вытрываеце.
І гэтае абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.
Абяцаньне-ж, якое нам Ён даў, гэта — жыцьцё вечнае.
Гэта я напісаў вам пра тых, якія падманваюць вас.
Гэта я напісаў вам аб тых, што зваодзяць вас.
І памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вы ня маеце патрэбы, каб хто вучыў вас; але як гэтае самае памазаньне вучыць вас пра ўсё, і яно праўдзівае і не манлівае, дык, як яно навучыла вас, у тым заставайцеся.
Дый памазанне, якое вы ад Яго атрымалі, ёсьць у вас і вы не патрабуеце, каб вас хто павучаў, калі памазанне Яго на аб усім вас павучае — а яно праўдзівае й няма ў ім маны — дык і трывайце ў тым, чаго яно вас навучыла.
І цяпер, дзеткі, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прыход Ягоны.
І цяпер, сынкі, трывайце ў Ім, каб як зьявіцца, мы мелі спадзеву й ня былі праз Яго асаромлены падчас прыйсьця Ягонага.
Калі вы ведаеце, што Ён праведны, ведайце, што ўсякі, хто чыніць праведнасьць, ад Яго народжаны.
Калі ведаеце, што Ён справядлівец, дык ведайцеж і тое, што кажны, хто паступае справядліва, зь Яго нарадзіўся.