1 Яна 2 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Дзеткі мае! Пішу вам гэтае, каб вы не грашылі, а калі хто зграшыў, маем Абаронцу перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка.
Дзеткі мае, пішу вам гэта, каб вы не грашылі. Але калі б хто і зграшыў, маем Заступніка перад Айцом — Ісуса Хрыста Справядлівага.
Ён ёсьць перамольваньне за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і за [грахі] ўсяго сьвету.
Ён ёсць уміласціўленне за грахі нашы, ды не толькі за грахі нашы, але і ўсяго свету.
І што мы пазналі Яго, даведваемся з таго, што захоўваем прыказаньні Ягоныя.
З гэтага пазнаём, што Яго ведаем: калі выконваем Яго прыказанні.
Хто кажа: «Я пазнаў Яго», і прыказаньні Ягоныя не захоўвае, той хлус, і няма ў ім праўды;
Хто кажа: «Ведаю Яго» і не выконвае Яго прыказанняў, той ілгун, і ў ім няма праўды.
а хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая завяршылася. З гэтага даведваемся, што мы ў Ім.
А хто выконвае Яго слова, у тым сапраўды любоў Бога ажыццявілася. Па гэтым вось пазнаём, што мы ў Ім.
Хто кажа, што ў Ім застаецца, павінен хадзіць так, як Ён хадзіў.
Хто кажа, што ён у Ім прабывае, мусіць таксама хадзіць так, як Ён хадзіў.
Браты! Ня новае прыказаньне пішу вам, але прыказаньне старое, якое вы мелі ад пачатку. Прыказаньне старое ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
Улюбёныя! Не пішу для вас новае прыказанне, але прыказанне старадаўняе, якое вы мелі ад пачатку: даўняе прыказанне ёсць слова, якое вы чулі.
Зноў жа новае прыказаньне пішу вам, якое праўдзіва ў Ім і ў вас, што цемра праходзіць, і праўдзівае сьвятло ўжо сьвеціць.
Але і новае прыказанне пішу вам, яно праўдзівае ў Ім і ў вас, бо цемра прамінае, і праўдзівае святло свеціць ужо.
Хто кажа, што ён у сьвятле, і ненавідзіць брата свайго, той у цемры дагэтуль.
Хто кажа, што ён у святле, і ненавідзіць брата свайго, той дагэтуль у цемры.
Хто любіць брата свайго, застаецца ў сьвятле, і няма ў ім згаршэньня.
Хто любіць брата свайго, той застаецца ў святле, ды няма ў ім згаршэння.
А хто ненавідзіць брата свайго, той ёсьць у цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, таму што цемра засьляпіла вочы яму.
А хто брата свайго ненавідзіць, той у цемры і ходзіць у цемры, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла вочы яго.
Пішу вам, дзеткі, што адпушчаны вам грахі дзеля імя Яго.
Пішу вам, дзеткі: адпушчаны вам грахі ў імя Яго.
Пішу вам, бацькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Пішу вам, юнакі, што вы перамаглі злога. Пішу вам, дзеці, што вы пазналі Айца.
Пішу вам, айцы: вы пазналі Таго, Хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі: вы перамаглі ліхога.
Я напісаў вам, бацькі, што вы пазналі Таго, Які ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, што вы дужыя, і слова Божае застаецца ў вас, і вы перамаглі злога.
Напісаў вам, дзеці: вы ведаеце Айца. Напісаў вам, айцы: пазналі вы Таго, Хто ад пачатку. Напісаў вам, юнакі: вы дужыя, і слова Божае трывае ў вас, і вы перамаглі ліхога.
Не любіце сьвету, ані таго, што ў сьвеце. Хто любіць сьвет, у тым няма любові Айца.
Не любіце свету, ані таго, што ў свеце. Бо калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца.
Бо ўсё, што ў сьвеце: пажаданьне цела, і пажаданьне вачэй, і пыха жыцьцёвая, — ня ёсьць ад Айца, але ад сьвету.
Бо ўсё, што ў свеце: пажаданне цела, пажаданне вачэй ды пыхлівасць жыццёвая — не ад Айца, але ад свету.
І сьвет праходзіць, і пажаданьне ягонае, а хто чыніць волю Божую, застаецца на вякі.
І свет мінае, і пажаданні яго; а хто спаўняе волю Божую, той трывае вечна.
Дзеці! Апошняя гадзіна! І як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер зьявілася шмат антыхрыстаў, дык мы даведваемся з гэтага, што апошняя гадзіна.
Дзеткі, ужо апошні час; і як вы чулі, што антыхрыст надыходзіць, і ў гэты час з’явілася многа антыхрыстаў; з гэтага пазнаём, што ўжо апошні час.
Яны выйшлі ад нас, але не былі ад нас; бо, калі б яны былі ад нас, засталіся б з намі; але [выйшлі], каб выявілася, што ня ўсе ад нас.
Выйшлі яны ад нас, але не былі з нас, бо калі б былі з нас, засталіся б з намі; але гэта сталася, каб выявілася, што не ўсе яны з нас.
І вы маеце памазаньне ад Сьвятога, і ведаеце ўсё.
Але вы атрымалі намашчэнне ад Святога, і вы ўсе гэта ведаеце.
Я напісаў вам не таму, што вы ня ведаеце праўды, але таму, што вы ведаеце яе, і што ніякай хлусьні няма ад праўды.
Я вам напісаў не як няведаючым праўду, але як ведаючым яе, бо любая хлусня не ад праўды.
Хто хлус, калі ня той, хто адракаецца, што Ісус ёсьць Хрыстос? Гэта — антыхрыст, які адракаецца Айца і Сына.
Хто ж тады лгун, калі не той, хто пярэчыць, што Ісус ёсць Хрыстос? Той ёсць антыхрыст, хто не прызнае Айца і Сына.
Усякі, хто адракаецца Сына, ня мае і Айца; хто вызнае Сына, мае і Айца.
Кожны, хто не прызнае Сына, не мае таксама і Айца; а хто вызнае Сына, той мае і Айца.
Дык што вы чулі ад пачатку, тое няхай застаецца ў вас. Калі застанецца ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, вы застанецеся і ў Сыне, і ў Айцу.
Няхай захаваецца ў вас тое, што вы чулі ад пачатку. Калі тое, што вы чулі ад пачатку, захаваецца ў вас, дык вы будзеце трываць у Сыне і ў Айцу.
І гэтае абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.
А вось абяцанне, якое Ён нам даў: жыццё вечнае.
Гэта я напісаў вам пра тых, якія падманваюць вас.
Гэта ўсё я вам напісаў адносна тых, якія зводзяць вас.
І памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вы ня маеце патрэбы, каб хто вучыў вас; але як гэтае самае памазаньне вучыць вас пра ўсё, і яно праўдзівае і не манлівае, дык, як яно навучыла вас, у тым заставайцеся.
І намашчэнне, якое вы атрымалі ад Яго, трывае ў вас, і не трэба, каб вас хтосьці вучыў, бо самае Яго намашчэнне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае, і няма ў ім хлусні, і як вас навучыла, так вы і трывайце ў ім.
І цяпер, дзеткі, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прыход Ягоны.
Дык цяпер, дзеткі, трывайце ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мелі ў Ім адвагу ды каб у дзень Яго прыходу не дазналі перад Ім сораму.
Калі вы ведаеце, што Ён праведны, ведайце, што ўсякі, хто чыніць праведнасьць, ад Яго народжаны.
Калі вы ведаеце, што Ён справядлівы, дык ведайце, што кожны, хто чыніць справядлівасць, з Яго нарадзіўся.