Езэкііля 32 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І сталася ў дванаццатым годзе, у дванаццатым месяцы, у першы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 

«Сыне чалавечы, узьнімі лямант над фараонам, валадаром Эгіпецкім, і скажы яму: “Львянятка народаў, ты прапаў, а быў ты як цмок у моры, пырхаў у рэках тваіх, муціў ваду лапамі тваімі і ўзбураў хвалі ягоныя”.
 

Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я расьцягну над табою сетку Маю на сходзе народаў шматлікіх, і яны выцягнуць цябе сеткаю Маёй.
 

І Я кіну цябе на зямлю, і выкіну цябе на аблічча палёў, і дам абжыцца на табе ўсім птушкам нябесным, і накармлю табою зьвяроў усёй зямлі.
 

І раскідаю па гарах цела тваё, і напоўню даліны падлінай тваёй.
 

І напаю зямлю крывёю тваёй аж па горы, і напоўняцца табою яры.
 

Калі будзеш чэзнуць, Я закрыю неба і зацямню зоркі, сонца закрыю хмарамі, а месяц ня дасьць бляску свайго.
 

Усе сьвяцілы, якія сьвецяць на небе, Я зацямню дзеля цябе і спашлю цемру на зямлю тваю, кажа Госпад ГОСПАД.
 

І Я занепакою сэрца народаў шматлікіх, калі прынясу [вестку] пра зьнішчэньне тваё да народаў зямлі, якіх ты ня ведаеш.
 

І Я ўстрывожу дзеля цябе народы шматлікія, і валадары іхнія спалохаюцца дзеля цябе, калі буду махаць мячом Маім перад абліччам іхнім, і будуць безупынна дрыжэць у страху за душу сваю ў дзень падзеньня твайго.
 

Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД. Меч валадара Бабілонскага прыйдзе на цябе.
 

Я разаб’ю мячамі волатаў мноства тваё, яны ўсе — найгоршыя з народаў. І яны зьнішчаць пыху Эгіпту, і будзе выгубленае ўсё мноства ягонае.
 

І Я зьнішчу ўсё быдла ягонае пры водах вялікіх, і больш ня будзе каламуціць іх нага чалавека, і капыт жывёлы ня будзе каламуціць іх.
 

Тады Я ачышчу воды іхнія, і рэкі іхнія як алей пацякуць, кажа Госпад ГОСПАД.
 

Калі Я перамяню зямлю Эгіпецкую ў пустку, і спустошаная будзе зямля ад таго, што ў ёй, калі выб’ю ўсіх жыхароў ейных, тады даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.
 

Гэта лямант, і будуць лямантаваць дочкі народаў, і будуць плакаць дзеля Эгіпту, і дзеля ўсяго мноства ягонага будуць лямантаваць, кажа Госпад ГОСПАД».
 

І сталася ў дванаццатым годзе, у пятнаццаты [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 

«Сыне чалавечы, бядуй дзеля мноства Эгіпту і скінь яго, яго і дочак народаў магутных, у краіну падземную, да тых, якія зыйшлі ў магілу.
 

За каго ты стаў прыгажэйшы? Зыйдзі і ляж сярод неабрэзаных.
 

Яны пападаюць сярод забітых мячом. Меч дадзены, цягніце [Эгіпет] і ўсе народы ягоныя.
 

Прамовяць да яго з сярэдзіны адхлані волаты магутныя разам з паплечнікамі [сваімі]: ”Зыйшлі [ў магілу], ляжаць неабрэзаныя, забітыя мячом!”
 

Там Ашур і ўсе дружыны ягоныя, кругом яго — труны ягоныя, гэта ўсё забітыя, што паляглі ад мяча.
 

Труны іхнія ў найглыбейшай магіле, і дружыны ягоныя вакол труны ягонай, усе яны пазабіваныя, паляглі ад мяча тыя, якія палохалі зямлю жывых.
 

Там Элям і ўсё мноства яго вакол труны ягонай, гэта ўсё пазабіваныя, якія паляглі ад мяча, якія зыйшлі неабрэзаныя ў краіну падземную, гэта тыя, што сеялі страх у зямлі жывых. Ганьбу яны сваю нясуць разам з тымі, што зыйшлі ў магілу.
 

Сярод забітых далі ложак яму, і ўсё мноства ягонае вакол труны ягонай, усе яны неабрэзаныя, забітыя мячом; яны сеялі страх у зямлі жывых і панесьлі ганьбу сваю з тымі, што зыходзяць у магілу; сярод забітых ён паложаны.
 

Там Мэшэк, Туваль і ўсё мноства іхняе вакол трунаў іхніх, усе яны неабрэзаныя, забітыя мячом, бо яны сеялі страх у зямлі жывых.
 

Ляжаць яны не пры волатах, якія пападалі з неабрэзанымі, якія ў поўнай зброі баявой зыйшлі ў адхлань, якім палажылі мячы іхнія пад галовы, і беззаконьні іхнія — на костках іхніх, бо былі яны страхам для волатаў у зямлі жывых.
 

І ты будзеш кінуты сярод неабрэзаных, і будзеш ляжаць сярод тых, якія забітыя мячом.
 

Там Эдом і валадары ягоныя, і ўсе князі ягоныя, якія пры ўсёй сіле сваёй паложаны сярод тых, якія забітыя мячом. Яны ляжаць сярод неабрэзаных, сярод тых, што зыйшлі ў магілу.
 

Там валадары поўначы, усе яны і ўсе Сідонцы, якія зыйшлі разам з забітымі, асаромленыя, хоць сеялі страх моцай сваёй. І ляжаць яны, неабрэзаныя, з тымі, якія забітыя мячом, і нясуць ганьбу сваю разам з тымі, што зыйшлі ў магілу.
 

Убачыць іх фараон і ўсьцешыцца з усім мноствам сваім. Забітыя мячом фараон і ўсё войска ягонае, кажа Госпад ГОСПАД.
 

Страх сеяў ён у зямлі жывых, таму кінуць яго, каб ляжаў сярод неабрэзаных, з тымі, якія забітыя мячом, фараон і ўсё мноства ягонае, кажа Госпад ГОСПАД».